Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка экс-міністра ўнутраных спраў Шуневіча стала лепшай паляўнічай у Беларусі


Тацяна Шуневіч з упаляваным аленем
Тацяна Шуневіч з упаляваным аленем

Тацяна Шуневіч, жонка экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі і цяперашняга кіраўніка Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў (БТПР) Ігара Шуневіча стала першай паляўнічай, удастоенай адзнакі «Вялікая беларуская пяцёрка».

Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, для атрыманьня знаку «Вялікая беларуская пяцёрка» трэба было ўпаляваць пяць жывёл: глушца, лася, казулю, аленя і дзіка.

Тацяна Шуневіч упалявала гэтых жывёл цягам аднаго году.

У інтэрвію газэце «Паляўнічы і рыбалоў» яна расказала, што вырашыла пазмагацца за ўзнагароду ў часе аднаго свайго паляваньня.

«Я нават дату дакладна памятаю: 4 студзеня 2025 году. У гэты час большасьць нашых грамадзян адпачывалі пасьля навагодніх сьвятаў, а трэцюю ноч запар палявала. Так выйшла, што ў кожную гэтую ноч я здабыла па дзіку, адзін зь якіх выявіўся „залатым“ Менавіта тады ў мяне і зьявілася думка, а чаму б і не?», — сказала Тацяна Шуневіч.

«Залатымі», згодна з палажэньнем аб знаках, лічацца здабытыя трафэі, не старэйшыя за 2023 год.

У інтэрвію яна ў падрабязнасьцях расказала, як палявала на гэтых жывёл.

У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў ёсьць яшчэ адзін знак — «Вялікая беларуская сямёрка». Для яго атрыманьня патрэбна ўпаляваць ваўка, глушца, зубра, аленя, казулю, дзіка і лася.

Але, паводле Тацяны, яе муж не дазволіў ёй удзельнічаць у гэтай намінацыі. «Запытвалася ў старшыні БТПР — адназначна: „Не, гэта выключна мужчынская намінацыя, жанчынам нельга“, — сказаў», — паведаміла яна.

Тацяна Шуневіч прызналася, што мае 15 гадоў паляўнічага стажу, зь якіх першыя пяць яна палявала пры дапамозе гладкаствольнай стрэльбы, а наступныя 10 былі ўжо выключна гадамі трафэйнага паляваньня.

Старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч лябіяваў дазвол на паляваньне так званых чырвонакніжных жывёл — мядзьведзя і рысь. Паводле яго, «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».

Указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі, Аляксандар Лукашэнка падпісаў 18 лістапада 2024 году. Гэты ўказ дазволіў паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», каб «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».

Указ даў Міністэрству лясной гаспадаркі паўнамоцтвы на «вызначэньне пераліку патронаў (калібраў) наразной паляўнічай зброі, дазволеных для здабычы паляўнічых жывёлаў у залежнасьці ад віду і (або) узросту».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG