У чацьвертым квартале 2025 году беларусы меней куплялі прамысловых і харчовых тавараў, у тым ліку гарэлкі

Гарэлка ў менскай краме. Архіўнае фота

У чацьвертым квартале 2025 году ў Беларусі зьнізіўся абарот раздробнага гандлю, павялічыліся запасы тавараў у гандлі.

На тое, што насельніцтва стала меней купляць нехарчовых і харчовых тавараў, напісала дзяржаўнае выданьне «Мінская праўда».

«Канец мінулага года на спажывецкім рынку азнаменаваўся зьніжэньнем пакупніцкай здольнасьці нашых суайчыннікаў. Такую выснову можна зрабіць на аснове таварных запасаў у арганізацыях гандлю, якія на 1 сьнежня склалі 14 з лішнім мільярдаў рублёў ці 55 дзён гандлю, што на 15% вышэй, чым за аналягічны пэрыяд 2024 года», — піша выданьне.

«Статыстыка ў апошнім квартале адзначыла тармажэньне актыўнасьці пакупнікоў. Асабліва раздробны таваразварот зьнізіўся ў Менску, дзе зьніжэньне пакупак харчовых тавараў дасягнула 1,5%, а нехарчовых — 0,6%», — паведамляе «Мінская праўда».

Як паведамляе Белстат, калі за тры першыя кварталы прырост у раздробным гандлі склаў 6,8% да трох кварталаў 2024 года, то ў чацьвертым квартале 2025 года ў параўнаньні з чацьвертым кварталам пазамінулага года ён узрос толькі на 2,5%.

Як сьведчыць Белстат, на канец 2025 году на складах ляжалі запасы на 46 дзён гандлю, а ў пачатку 2026 года — на 47 дзён, у Горадзенскай вобласьці запасаў было на 50 дзён, а ў Менску — на 49 дзён (за сьнежань адбылося невялікае зьніжэньне ў параўнаньні са зьвесткамі за 11 месяцаў).

Сярод харчовых тавараў у 2025 годзе зьнізіліся пакупкі рыбы, садавіны, сокаў, расьліннага алею, мінэральнай вады, алькаголю.

У прыватнасьці ў 2025 годзе беларусы агулам купілі меней алькаголю на паўтара працэнта, у тым ліку гарэлкі — на 0,1% меней, віна вінаграднага — меней на 4%, піва — на 3,9%.

З нехарчовых тавараў менш купілі лядоўняў і маразільнікаў. Вырасла доля імпартных тавараў у пакупках насельніцтва.

Зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці «Мінская праўда» зьвязвае з тым, што запаволіліся тэмпы спажывецкага крэдытаваньня. За 11 месяцаў банкі выдалі насельніцтву спажывецкіх крэдытаў на 250 млн. рублёў меней, чым годам раней. Таксама людзі часьцей сталі адкрываць доўгатэрміновыя банкаўскія дэпазыты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка скрытыкаваў Віцебскую вобласьць за правал эканамічных паказчыкаў у 2025 годзеСельская гаспадарка Беларусі ў 2025 годзе паказала мінімальны рост, а ў жывёлагадоўлі — спадУ Беларусі сталі менш піць пладовых вінаў, затое вырасла спажываньне каньяку і брэндзіЛетась прамысловая вытворчасьць у Беларусі ўпала на 1,8 працэнтаБелстат прызнаў, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам