Аварыйныя адключэньні ў Белгарадзкай вобласьці Расеі. Ва Ўкраіне працягваюць аднаўляць ЦЭЦ

Так выглядае адна з пашкоджаных расейскімі войскамі ЦЭЦ ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што праз праблемы з электраэнэргіяй, цепла- і водазабесьпячэньнем у 10 раёнах рэгіёну школы і дзіцячыя садкі перавялі на дыстанцыйны рэжым работы.

«Аварыйныя брыгады цеплавікоў, энэргетыкаў, водаканалу працавалі ўсю ноч. Працы працягваюцца», — паведаміў Вячаслаў Гладкоў.

Паводле яго, адукацыйныя ўстановы абласнога цэнтру працуюць у звычайным рэжыме.

«Удзень у часе аднаўленчых работ могуць быць аварыйныя адключэньні, бязь іх цяпер не абысьціся», — адзначыў ён і дадаў, што брак электраэнэргіі, цяпла і вады зьвязаныя з украінскімі абстрэламі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля расейскага абстрэлу дзясяткі параненых у Адэсе і Харкаве, пашкоджаныя царква, дзіцячы садок і школа

Ва Ўкраіне працягваюць аднаўляць пашкоджаныя Расеяй ЦЭЦ

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што расейскія войскі пашкодзілі аб’екты генэрацыі, а таксама магістральныя і разьмеркавальныя сеткі ў Кіеве, Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Адэскай, Віньніцкай і іншых вобласьцях краіны.

«Сытуацыя ў энэргасыстэме складаная. Энэргетыкі выкарыстоўваюць графікі аварыйных адключэньняў. На крытычных участках ужо пачынаюць усталёўваць дадатковыя генэратары», — адзначыў міністар.

Паводле яго, у Кіеве вельмі сур’ёзна пашкоджана Дарніцкая ЦЭЦ, якая працавала толькі на ацяпленьне жылога сэктару. «Гэта ваеннае злачынства Расеі», — дадаў ён.

Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што цяпер шукаюць варыянты падключэньня рэзэрвовага цеплазабесьпячэньня для дамоў, якія апынуліся ў зоне працяглага адключэньня.

Мэр Кіева Віталь Клічко ўдакладніў, што ў Дарніцкім і Дняпроўскім раёнах у выніку пашкоджаньня ЦЭЦ безь цяпла засталіся больш за 1100 дамоў — у іх вымушаныя былі зьліць ваду з сыстэмы ацяпленьня, каб ня лопнулі трубы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спыненьне агню пратрымалася тры дні. Пасьля новай атакі Расеі без энэргіі засталіся 4 рэгіёны Ўкраіны

У Запароскай вобласьці тры чалавекі загінулі, 11 параненыя

У Запароскай вобласьці ў выніку расейскіх абстрэлаў тры чалавекі загінулі, 11 атрымалі раненьні.

Як паведаміў кіраўнік рэгіёну Іван Фёдараў, за апошнія 24 гадзіны расейскія войскі нанесьлі 790 удараў па 32 населеных пунктах вобласьці. Для абстрэлаў яны выкарысталі баявую авіяцыю, амаль 500 ударных дронаў і артылерыю.

Улады атрымалі 75 паведамленьняў аб пашкоджаньні жытла, аўтамабіляў і аб’ектаў інфраструктуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея абстраляла радзільню ў Запарожжы, ёсьць параненыя

У Адэскай вобласьці расейцы абстралялі дзіцячыя садкі і школу

Адэскія абласныя ўлады паведамілі, што ў ноч на 4 лютага ў выніку расейскіх абстрэлаў пашкоджаныя больш за 20 жылых дамоў, два дзіцячыя садкі і адна школа. Раненьні атрымалі пяць чалавек, ахвяраў няма.

Адразу ў трох раёнах Адэсы пацярпелі аб’екты інфраструктуры, шматкватэрныя дамы, прыватны сэктар. Без электраэнэргіі застаюцца прыблізна 50 тысяч спажыўцоў вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Значная частка Ўкраіны абясточаная праз збой у энэргасыстэме; Малдова таксама часткова без сьвятла