Украінскія выратавальнікі працуюць на месцы пацэльваньняў расейскімі ракетамі і дронамі ў Харкаве, 24 студзеня 2026 году
Расейскія войскі не спыняюць абстрэлы ўкраінскіх мірных гарадоў.
У ноч на 27 студзеня ў Адэсе адзін чалавек загінуў і 35 атрымалі раненьні, істотна пашкоджаная цывільная інфраструктура.
«Пашкоджана некалькі шматкватэрных жылых дамоў і прыватныя будынкі. У выніку пацэльваньня адбыліся маштабныя пажары. Пашкодзілі царкву ў цэнтры горада, а яшчэ — дзіцячы садок», — паведаміў кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак.
Паводле яго, выратавальнікі змаглі вызваліць з заблякаваных разбурэньнямі памяшканьняў некалькі чалавек, у тым ліку аднаго дзіця.
Найбольш складаная сытуацыя ў Хаджыбейскім раёне, там зруйнавалі частку жылога дому, пад яго заваламі шукаюць людзей.
У Харкаве пад прыцэлам апынуліся школа, дзіцячы садок і некалькі шматпавярховых жылых дамоў. Улады паведамілі аб сама меней двух пацярпелых.
У Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласьці ад пацэльваньня расейскага дрону пацярпеў шматпавярховы дом. Улады назвалі «божым цудам», што ў выніку такога ўдару ніхто не пацярпеў — у кватэрах, разбураных бесьпілётнікам на момант атакі нікога не было.
Харкаў і Крывы Рог расейскія войскі атакавалі ня толькі дронамі, а і ракетамі.
Абстрэлы працягваюцца на тле маштабных пашкоджаньняў аб’ектаў энэргетыкі і цеплагенэрацыі, якія цяпер найбольш актыўна дапамагаюць аднаўляць міжнародныя партнэры Ўкраіны. Па ўсёй краіне дзейнічаюць пагадзінныя адключэньні і абмежаваньні магутнасьці паставак электраэнэргіі.
Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.
Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктуры і мірных жыхароў.
Форум