Паводле выданьня, на брыфінгу было адзначана, Беларусь цяпер трэба разглядаць як функцыянальны працяг вайсковай архітэктуры Расеі, а не як слаба зьвязанага зь ёй партнэра. Паваротным момантам стала рашэньне Менску дазволіць расейскім войскам праводзіць апэрацыі з тэрыторыі Беларусі ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Потым Расея атрымала ўстойлівы доступ да беларускіх вайсковых базаў, паветранай прасторы і лягістычных калідораў для нанясеньня ўдараў і разгортваньня сілаў.
«Гэтая эвалюцыя ператварыла Беларусь у стратэгічную глыбіню, дзе Расея можа загадзя разьмяшчаць сілы, арганізоўваць ратацыі, аднаўляць падразьдзяленьні і рыхтаваць разгортваньні пад прыкрыцьцём вучэньняў. Ва ўмовах зацяжной вайны гэты мэханізм зьяўляецца апэратыўна карысным: ён скарачае час папярэджаньня, маскіруе намеры і падтрымлівае сталы ціск на поўнач Украіны, адначасова фармуючы ўстойлівы фактар пагрозы для Польшчы, Літвы і Латвіі», — адзначае выданьне са спасылкай на брыфінг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы: беларускія спэцслужбы падманам схіляюць літоўцаў запускаць балёны зь БеларусіЯдзерная зброя зьяўляецца найболей крытычным элемэнтам. Пашырэньне ядзернай канфігурацыі Расеі ў бок Беларусі дае Менску ролю ў сыстэме перадавога стрымліваньня. Дакумэнт зьвяртае ўвагу на тое, што беларускія войскі прайшлі падрыхтоўку да ўжываньня ракеты 9М723 для ЗРК «Іскандэр-М», якая можа несьці як звычайныя, гэтак і тактычныя ядзерныя боезарады.
«Нават калі любыя ядзерныя боезарады застаюцца пад расейскім кантролем, разьмяшчэньне гэтай сыстэмы дастаўкі ў Беларусі зьмяняе рэгіянальную канфігурацыю сіл», — піша Army Recognition.
Акрамя гэтага, дзякуючы інтэграцыі сыстэм назіраньня і СПА Беларусі і Расеі Беларусь стала апорным пунктам для фармаваньня расейскай сыстэмы A2/AD (забарона доступу і блякаваньне тэрыторыі). Расейскія сыстэмы, у тым ліку С-400 і «Панцыр-С1», атрымліваюць узмоцненыя магчымасьці для кантролю паветранай прасторы і абароны ключавых аб’ектаў, у той час як расейскія радыёлякацыйныя і камунікацыйныя абʼекты, разьмешчаныя ў Беларусі, павышаюць узгодненасьць ланцужкоў выяўленьня і раньняга папярэджаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Ўкраіны: расейскія вайскоўцы ў Беларусі вывучаюць шляхі хуткага перакіданьня войскаў«Такім чынам, прысутнасьць Расеі не абмяжоўваецца палітычнай каардынацыяй: яна адлюстроўвае мадэль устойлівага вайсковага доступу і інфраструктурнай прысутнасьці, якая падтрымлівае шырэйшую стратэгічную пазыцыю Масквы. Гэты падыход дазваляе Расеі выкарыстоўваць геаграфію Беларусі як мілітарызаваную буфэрную зону, скарачаючы адлегласьць да стратэгічных мэтаў і ўзмацняючы ціск на калідоры падмацаваньня NATO», — піша выданьне.
На брыфінгу адзначалася, што хаця беларускія ўзброеныя сілы арганізаваныя на аснове прызыву і арыентаваныя на задачы тэрытарыяльнай абароны, яны захоўваюць матэрыяльную базу, дастатковую для выкананьня дапаможнай ролі. У крызісным сцэнары беларускія ўзброеныя сілы могуць выконваць задачы па забесьпячэньні бясьпекі раёнаў, кантролі за ключавымі маршрутамі і абароне інфраструктуры, вызваляючы расейскія падразьдзяленьні для наступальных, ударных ці манэўраных задачаў.
«Гэтая паступовая мілітарызацыя таксама падмацоўваецца ўнутранай інстытуцыйнай кансалідацыяй, якая стабілізуе стратэгічнае выраўноўваньне Менску з Масквой. Цэнтралізацыя ўлады зьніжае імавернасьць палітычнага разрыву ў кароткатэрміновай пэрспэктыве і павышае прадказальнасьць супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі, што, з пункту гледжаньня Расеі, забясьпечвае доўгатэрміновы доступ да беларускай тэрыторыі для плянаваньня і падрыхтоўкі», — заяўляе выданьне.
Такім чынам, ЗША і саюзьнікі павінны разглядаць Беларусь як ключавы апэратыўны кампанэнт расейскай канфігурацыі сілаў у Эўропе: гэта плятформа для папярэдняга разьмяшчэньня, тэрыторыя, зь якой могуць наносіцца ўдары, і прастора для перадачы ядзерных сыгналаў. Гэта дазваляе Расеі працягваць ціск на Ўкраіну, адначасова ствараючы дадатковы ўзровень стратэгічнай нявызначанасьці ля межаў NATO, наступствы якой выходзяць за рамкі нацыянальных магчымасьцяў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужба Латвіі: Расея ўсё больш уразьліва ўспрымае спробы рэжыму Лукашэнкі праводзіць незалежную палітыку