Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракамэнтаваў выданьню Reform.news новую пяцігадовую стратэгію ў сферы міграцыі, якую ўчора прэзэнтавала Эўрапейская камісія. Паводле яго, размова не ідзе аб візавай забароне для грамадзян Беларусі.
«Прайшла навіна пра нібыта візавую забарону для беларусаў у новай міграцыйнай стратэгіі ЭЗ. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці: у самой стратэгіі пра гэта нічога не гаворыцца. Гаворка ішла толькі пра камэнтары эўракамісаркі пра „мэтавыя абмежавальныя меры па прыпыненьні, адмове або абмежаваньні візавых заяваў у адказ на варожыя дзеяньні трэціх краін, якія падрываюць бясьпеку ЭЗ“. Але гэта было заўсёды, і гаворка ідзе менавіта аб мэтавых мерах. І да таго ж візы — гэта не кампэтэнцыя Эўракамісіі: пытаньні іх выдачы вырашаюць у першую чаргу краіны-чальцы», — растлумачыў ён.
Учора Эўрапейская камісія прадставіла новую пяцігадовую стратэгію ў сфэры міграцыі.
«У апошнія гады Эўразьвяз сутыкнуўся з усё большай варожасьцю з боку шэрагу трэціх краін, уключаючы гібрыдныя атакі, маніпуляваньне інфармацыяй і ўмяшаньне, палітычна матываваную інструменталізацыю мігрантаў, выкарыстаньне міграцыі як зброі і адкрытыя акты агрэсіі».
Гэтую тэзу з афіцыйнага паведамленьня Эўракамісіі Эўрапарлямэнту і Радзе ЭЗ цытуе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
У дакумэнце зазначаецца, што «ў такіх абставінах працяг выдачы візаў (асабліва для неістотных мэтаў паездак, такіх як турызм, адпачынак або неафіцыйныя візыты) можа больш не лічыцца дарэчным, паколькі гэта можа ствараць рэальныя рызыкі для бясьпекі зьвязу, грамадзкага парадку або міжнародных адносінаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два дні ў Эўразьвязе затрымалі двух палітуцекачоў, унесеных уладамі Беларусі ў базу Інтэрполу«Для ліквідацыі гэтых рызык і выпрацоўкі агульнага эўрапейскага падыходу ў галіне візавай палітыкі ў падобных сытуацыях Эўракамісія разгледзіць магчымасьць прапанаваць увядзеньне новай катэгорыі мэтавых абмежавальных візавых мераў у сыстэму візавай палітыкі ЭЗ, — гаворыцца ў паведамленьні. — Гэта новая катэгорыя мер можа прадугледжваць надзяленьне Эўракамісіі паўнамоцтвам прымаць, пасьля кансультацый з дзяржавамі-чальцамі, абавязковыя меры ў інтарэсах ЭЗ, якія даюць магчымасьць прыпыняць, адхіляць або абмяжоўваць разгляд візавых заяў, пададзеных грамадзянамі такіх трэціх краін».
Удакладняецца, што «гэтыя меры могуць быць накіраваныя на канкрэтныя катэгорыі падарожнікаў, такія як: уладальнікі дыпляматычных, службовых або афіцыйных пашпартоў; устаноўленыя былыя і дзейныя ўдзельнікі баявых дзеяньняў дзяржавы-агрэсара; або заяўнікі, мэта паездкі якіх зьяўляецца неістотнай».
Пры гэтым адзначаецца, што «павінныя быць прадугледжаныя гарантыі, якія забясьпечваюць дастатковую гнуткасьць для выдачы візаў праваабаронцам, дысыдэнтам, незалежным журналістам, прадстаўнікам арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, а таксама ў іншых гуманітарных і выключных выпадках».
«Візавая сытуацыя ў цэлым застаецца на тым жа ўзроўні, што і летась. Горш, чым да ковіда, але значна лепей, чым у іншых краінах і чым магло б быць. Адсотак адмоваў таксама застаецца невялікім. Асноўныя праблемы, вядома, зьвязаныя з прапускной здольнасьцю, бясьпекай і недахопам консульскіх супрацоўнікаў. Мы выступаем за шматразовыя і доўгатэрміновыя візы як рашэньне», — заявіў у інтэрвію Reform.news галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каля 20 чалавек зараз у турмах». ЗША спыняюць выдачу іміграцыйных візаў. Як гэта закране беларусаўЁн адзначыў, што ў міграцыйнай стратэгіі ЭЗ ніяк ня ўзгадваецца Беларусь.
«Гэта парады, яны ня маюць абавязковай юрыдычнай сілы. Краіны выдаюць візы самастойна. Цяпер лідэрамі зьяўляюцца Італія, Францыя, Нямеччына і Вугоршчына — яны выдаюць найбольшую колькасьць шэнгенскіх візаў беларусам і працуюць на максымальнай магутнасьці. За гэта мы ім вельмі ўдзячныя», — дадаў ён.