Калесьнікава: Вяртаньне да нармальнага жыцьця азначае — кожны можа вярнуцца дадому

Марыя Калесьнікава

Марыя Калесьнікава ў інтэрвію нямецкаму выданьню Die Zeit адказала на крытыку і растлумачыла сваю пазыцыю наконт перамоваў з рэжымам Лукашэнкі.

«Пасьля пяці гадоў зьняволеньня гэта адна зь вялікіх зьменаў, якую я адчуваю тут, на волі: ветлівасьць кудысьці зьнікла», — заўважыла былая палітзьняволеная.

«Чаму адразу пасьля вызваленьня вы падзякавалі Лукашэнку?» — спыталі журналісты ў Калесьнікавай.

«Найперш я падзякавала Дональду Трампу! Потым — Уладзіміру Зяленскаму. І ўжо ў апошнюю чаргу — Аляксандру Лукашэнку. Але, калі ласка, будзьце дакладнымі: я дзякавала за вызваленьне кожнага асобнага чалавека».

На заўвагу, што гэта Лукашэнка працягвае даваць загады затрымліваць людзей і дазволіў катаваньні, Калесьнікава адказала: «І гэта быў Лукашэнка, які нас вызваліў. Вызначальнае ж тое, што 123 чалавекі цяпер могуць абняць сваіх блізкіх».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы, хто прайшоў гэтую мясарубку, маем маральнае права гаварыць усё, што хочам, — Калесьнікава ў інтэрвію Золатавай

На яе думку, калі ёсьць магчымасьць размаўляць з Лукашэнкам, каб вызваліць людзей, трэба размаўляць: «Трэба размаўляць адно з адным і слухаць адно аднаго. Што мяне больш за ўсё шакуе ў сьвеце пасьля пяці гадоў зьняволеньня: гэта маштаб нянавісьці і агрэсіі. Вы гэтага, магчыма, не заўважаеце, але мяне вырвалі з адной рэальнасьці і перанесьлі ў іншую. Калі людзі крычаць, яны ня чуюць адно аднаго. Але здольнасьць слухаць можа прывесьці да нечага добрага».

«Мой пункт гледжаньня крыху адрозьніваецца ад пункту гледжаньня іншай часткі апазыцыі, — кажа Калесьнікава на заўвагу, што ў Ціханоўскай іншая пазыцыя. — Але гэта ня значыць, што нехта з нас мае рацыю, а нехта — не. Вельмі важна, каб мы трымаліся разам і ішлі да агульнай мэты — каб Беларусь вярнулася да нармальнага жыцьця, каб людзі вярнуліся ў Беларусь», — кажа Калесьнікава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён кантралюе рынак рэпрэсій у Беларусі». Рэакцыі на заяву Калесьнікавай пра перамовы ЭЗ з Лукашэнкам

«Я зь вялікай павагай стаўлюся да Сьвятланы. Тое, што яна робіць, мае неацэннае значэньне. І яна дапамагла вельмі многім беларусам. Але існаваньне розных меркаваньняў — гэта прынцып дэмакратыі. Я веру, што мы тым мацнейшыя, чым больш мы свабодныя. Інакш гэта было б так, нібыта існуе толькі адно правільнае меркаваньне. Мы ведаем, як гэта працуе ў Беларусі і ў Расеі» — сказала былая палітвязьняволеная.

На пытаньне, ці трэба здымаць санкцыі, яна адказала: «Я не магу дыктаваць эўрапейскім палітыкам, што ім рабіць. Я магу толькі апісаць ім пакуты беларусаў і даць зразумець, што эўрапейцы маюць уладу палегчыць гэтыя пакуты».

Калесьнікава таксама патлумачыла, што для яе значыць вяртаньне да нармальнасьці: «Мы павінныя вярнуцца дадому, бо мы ўсе сумуем па сваім доме. Беларускія ўлады павінныя зразумець, што людзі — гэта не пагроза, а найважнейшы капітал краіны. Яны масава пакінулі краіну — з наступствамі для мэдыцыны, адукацыі, эканомікі, культуры. Вяртаньне да нармальнага жыцьця азначае: кожны можа вярнуцца дадому».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка адказаў на завочныя пытаньні Мікіты Мелказёрава