Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён кантралюе рынак рэпрэсій у Беларусі». Рэакцыі на заяву Калесьнікавай пра перамовы ЭЗ з Лукашэнкам


Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

У сацыяльных сетках людзі выказваюцца наконт словаў Марыі Калесьнікавай, вызваленай з турмы паплечніцай Віктара Бабарыкі, у інтэрвію брытанскаму выданьню Financial Times. Калесьнікава мяркуе, што эўрапейскім палітычным лідэрам трэба шукаць паразуменьня і весьці перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Былы палітвязень Мікалай Дзядок піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«ЭЗ зацікаўлены ў тым, каб Украіна выстаяла. Каб расейская армія не прасунулася да межаў Польшчы. А для гэтага трэба максымальна аслабіць эканамічны і тэхналягічны патэнцыял краін-агрэсараў: Расеі і, на жаль, Беларусі. Менавіта для аслабленьня гэтага патэнцыялу (а не для зьвяржэньня рэжыму Лукашэнкі) уводзіліся і працягваюць уводзіцца санкцыі. Менавіта таму размаўляць зь Менскам працягваюць мовай санкцый, а ня „мовай бізнэсу“, за якую выступае Калесьнікава».

Ягоны допіс камэнтуе сябра Каардынацыйнай рады Сьвятлана Мацкевіч:

«Мікола, а вы разумееце, што самі зараз на свабодзе, таму што былі перамовы? І што там яшчэ засталося 1000 +? І што вы робіце гэтым тэкстам? Вы думаеце, што гэта невядома?»

На гэта Мікола Дзядок адказвае:

«Я на свабодзе дзякуючы перамовам.

Але я на свабодзе і дзякуючы санкцыям.

Калі б не было санкцый супраць Белавія, на што б мяне абмянялі?

Калі б не было санкцый супраць Беларуськалія, на што б абмянялі апошніх 140?»

Допіс Міколы Дзядка пракамэнтаваў і іншы сябра Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў:

«Зноў спрэчка з пазыцыяй якой няма — «„вызваліць палітвязьняў любым коштам“ ». Наяўная пазыцыя такая — «...дыялёг з дыктатарам яшчэ не бяда... калі... татальна ізаляваць яго няма магчымасьці... і.... важна вызваляць сваіх людзей....»

Літаратуразнаўца, паліттэхноляг, былы палітвязень Аляксандар Фядута піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Цяпер Эўропе прапануюць уступіць у перамовы з чалавекам, які стоадсоткава кантралюе рынак рэпрэсій у Беларусі. Разумна — з пункту гледжаньня таго, хто прапануе, калі ён зваліўся зь месяца і ня памятае ўсіх папярэдніх спробаў падобнага гандлю.

Калі чалавек кантралюе рынак цалкам, ён заклапочаны толькі тым, каб у яго заўсёды ў наяўнасьці быў тавар, які карыстаецца попытам».

Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька піша ў Фэйсбуку:

«Каб зразумець, чаму „Эўропа не распачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША“, патрэбна, па-першае, ведаць гісторыю адносінаў Брусэля і Менска. Па другое, разумець стаўленьне эўрапейцаў да расейскай агрэсіі ва Украіне. І трэцяе, ведаць прыроду і сутнасьць беларускага рэжыму.

Калі гэтага няма, то лега не складваецца».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG