Гэтыя пытаньні аўтар відэаканалу «Жыцьцё-маліна» сфармуляваў два гады таму — у відэа, зьнятым да 60-годзьдзя Віктара Бабарыкі, калі той знаходзіўся ў калёніі.
На саракавіны з дня сьмерці Мікіты Мелказёрава былы палітвязень Віктар Бабарыка апублікаваў свае адказы на тыя пытаньні ў фэйсбуку. Гэта другі ягоны допіс у фэйсбуку пасьля вызваленьня і першы — па-беларуску.
«— Наколькі лёгка ці цяжка захаваць веру ў людзей?
— Захаваць веру ў людзей лёгка, калі ты разумееш, што ў любых абставінах і асяродзьдзі, дзе б ты ні апынуўся, і дзе вакол цябе ня вельмі добрыя і прыемныя людзі, колькасьць гэтых людзей мізэрная. У параўнаньні з той колькасьцю, зь якой табе пашанцавала сустракацца ў жыцьці.
— Наколькі лёгка ці цяжка захаваць веру ў Беларусь?
— Захаваць веру ў Беларусь таксама лёгка, таму што для мяне Беларусь — гэта беларусы. А яны, у сваёй большасьці, шчырыя, добрыя і неабыякавыя да іншых людзей. І гэта нягледзячы на тое, што сёньня за гэтую дабрыню і павагу многія зь іх праходзяць праз катаваньні.
— Наколькі лёгка ці цяжка не зламацца?
— Не зламацца цяжэй. Таму што калі ты ня ведаеш нічога аб тым, як выглядае сьвет і як ён да цябе ставіцца, калі табе кажуць, што ты нікому не патрэбны і ўсе пра цябе забылі, калі аб гэтым сьведчыць усё наўкола, то гэтыя не фізычныя, а псыхалягічныя катаваньні вельмі непрыемныя. Аднак адзіны сродак пераадолець гэта — разуменьне, што ведаць — не заўсёды важна. Большую ролю мае вера ў тое, пра што я адказаў у першых двух пытаньнях», — напісаў Бабарыка.
Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 сьнежня 2025 году дома ў Варшаве. Яму было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праекту «Жыцьцё-маліна». Таксама ён быў аўтарам і суаўтарам праектаў «Загляне сонца», падкасту «Нешта будзе», сувядоўцам праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».
Форум