Сталі вядомыя дэталі справы кантрабандыста з Дарагічына, якога прызналі «тэрарыстам»

Ілюстрацыйнае фота

Зьвесткі перадаў праваабаронцам былы вязень, якому асуджаны Дзьмітры Капуза апавядаў сваю гісторыю ў турме.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў сярэдзіне студзеня паведаміў пра сямейную пару з Дарагічына — Дзьмітрыя і Вольгу Капузаў, якіх асудзілі на 24 і 21 год адпаведна і ўнесьлі ў сьпіс «тэрарыстаў».

Папярэдне сямейную пару абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» (арт. 289 Крымінальнага кодэксу) і «незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» — ч. 4 арт. 295 КК. Акрамя вялікіх тэрмінаў, ім таксама прызначылі буйныя штрафы. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасьці застаюцца невядомымі, адзначалі праваабаронцы «Вясны».

Вольга і Дзьмітрый Капузы, каляж

«Берасьцейская Вясна» даведалася пра некаторыя дэталі справы Дзьмітрый Капузы, ягонага сьледзтва і ўтрыманьня ў вязьніцы ад былога палітвязьня, які перасякаўся з Капузам у зьняволеньні.

Пра істоту справы можна было меркаваць зь сюжэту на дзяржаўнай тэлевізіі, які зьявіўся пасьля затрыманьня братоў Капузаў — Дзьмітрыя і Аляксандра — у студзені 2025 году. Выйшаў сюжэт, у якім Дзьмітрыя абвінавацілі ў правозе кантрабанды з Украіны, а жонка яму нібыта дапамагала тым, што рабіла фатаздымкі схованак. Паводле вэрсіі прапагандыстаў, гэта была не звычайная кантрабанда, а нібыта «выкананьне заданьняў украінскіх спэцслужбаў», зьвязанае зь перамяшчэньнем выбуховых рэчываў.

Паводле відэа, затрыманьне Дзьмітрыя Капузы праходзіла жорстка: яму прастрэлілі нагу, а яго роднага брата, пакуль той ляжаў на зямлі, білі па галаве.

Адзін з вызваленых палітвязьняў, які сядзеў разам з Дзьмітрыем Капузам у СІЗА-7 у Берасьці, расказаў праваабаронцам «Вясны», што яму вядома пра справу.

Спачатку абвінавачаньне было паводле артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу — «акт тэрарызму», але потым супрацоўнікі КДБ (суразмоўца мяркуе, што менскія, бо Капузу спачатку завезьлі ў менскі КДБ) перакваліфікавалі справу на артыкул «здрада дзяржаве».

Што палічылі «здрадай»? Паводле суразмоўцы «Берасьцейская Вясны», Дзьмітры Капуза, расказваючы сваю гісторыю, згадаў вёску Сварынь у Дарагічынскім раёне, непадалёк ад мяжы з Украінай. У гэтай вёсцы ў Дзьмітрыя, які сам жыў зь сям’ёй у Дарагічыне, была хата. Суразмоўца праваабаронцаў сказаў, што Дзьмітры яму прызнаўся: там ён займаўся кантрабандай, трымаў «бурштын, цыгарэты, гарэлку», якія перамяшчаў як кантрабандны тавар.

«Мог адразу перавезьці тавар, а мог для бясьпекі схаваць і перавозіць часткамі. Відаць, адно з сховішчаў стала вядома спэцслужбістам і яны туды падкінулі выбухоўку», — меркаваў, паводле суразмоўцы «Вясны», Капуза пасьля арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сямейную пару зь Берасьцейшчыны асудзілі на вялікія тэрміны за дапамогу Ўкраіне: на 24 і 21 год увязьненьня

У пачатку 2024 году Капузу затрымалі. Паводле ягонага аповеду, гэта адбылося, калі ён пад’яжджаў на аўтамабілі да дому.

«Выскачылі з бусіка людзі, падбеглі да аўтамабіля, адчынілі дзьверкі і без адзінага слова двойчы стрэлілі ў нагу. Затым выцягнулі з машыны і завезьлі ў лякарню».

Як Дзьмітрый Капуза апавядаў праваабаронцам, тады ў шпіталі ён атрымаў мінімальную дапамогу, але лічыць, што яму яшчэ пашанцавала.

«Добра, што кулі прайшлі навылёт і не адбылося заражэньня, і што дапамаглі мазі, якія знайшліся ў камэры — не пачалася гангрэна і нага ацалела», — казаў Капуза.

Паводле Капузы, разам зь ім і ягонай жонкай Вольгай затрымалі яшчэ 10 жыхароў вёскі Сварынь, сямёх потым адпусьцілі. Як склаўся лёс трэцяга не адпушчанага, Уладзімера Капузы (цёзкі Дзьмітрыя па прозьвішчы), яму невядома, але нібыта той не прызнаваў сябе вінаватым.

У КДБ, паводле Дзьмітрыя Капузы, яго білі «па-чорнаму», праз што ён «месяц мачыўся крывёю, сінякі зь цела не сыходзілі». Калі ж Капузу павезьлі на месца так званага злачынства для сьледчага экспэрымэнту, ён пры адвакатцы сказаў, што ў ягонай схованцы мусіць быць толькі бурштын, ніякай выбухоўкі ён туды ня клаў.

«Тады адзін з кадэбістаў сказаў: «Відаць, Дзьмітрыю стала дрэнна і яму трэба аказаць дапамогу», — перадаў словы Капузы суразмоўца «Вясны».

Далей, паводле суразмоўцы, калі Дзьмітры папрасіў адвакатку пайсьці зь ім, бо меркаваў, што яго будуць біць, тая адмовілася. «Такога ня можа быць», — сказала, паводле Капузы, ягоная абаронца.

Як апавядаў суразмоўца, пазьней гэтая адвакатка сама прасіла Капузу напісаць адмову ад яе адвакацкіх паслугаў. «Капуза лічыць, што яе запалохалі, а заяву ён напісаў», — сказаў праваабаронцам былы палітвязень.

Калі ў СІЗА Дзьмітры і суразмоўца «Берасьцейскай Вясны» на нейкі час разышліся па розных камэрах, а потым сустрэліся зноў, то суразмоўца яго не адразу пазнаў. Дзьмітры выглядаў вельмі кепска і моцна пастарэў.

«Ён успамінаў папярэджваньні, каб завязваў з кантрабандай з Украіны, але казаў, што тады думаў: калі затрымаюць, проста заплаціць штраф і ўсё. Яму і ў галаву не магло прыйсьці, што прыпішуць „здраду“ і „шпіянаж“. Паводле Дзьмітрыя, шпіёна і тэрарыста з яго зрабілі беларускія сьледчыя, а насамрэч такія, як ён, „шпіёны“ ў памежных з Украінай вёсках — амаль кожны, бо людзі такім гандлем выжываюць ад беднасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парушальнікі закону, прыхільнік «русского мира» і шматдзетная маці. Што вядома пра меркаваных дывэрсантаў з Драгічына