Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парушальнікі закону, прыхільнік «русского мира» і шматдзетная маці. Што вядома пра меркаваных дывэрсантаў з Драгічына


Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

У этэры на ОНТ паказалі фільм пра затрыманьне магчымых дывэрсантаў. Па вэрсіі прапаганды, яны працавалі на ўкраінскія спэцслужбы.

Фільм, які 1 красавіка паказалі на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі, пачынаецца трывожна. Закадравы голас апавядае, што на беларускай мяжы цяпер дзейнічаюць «законы ваеннага часу». Сярод «тэрарыстаў» і «агентаў» «ёсьць параненыя і ліквідаваныя». Хоць далей у сюжэце няма згадак, што нехта пры затрыманьні быў «зьліквідаваны».

Аўтары фільму расказваюць пра спэцслужбы Ўкраіны, якія вэрбуюць беларусаў для злачыннай дзейнасьці. Адразу паказваюць жыхара Драгічынскага раёну, якому пры затрыманьні супрацоўнікі КДБ прастрэлілі нагу.

«Жорстка, не цырымонячыся, абстаноўка баявая, ніякай літасьці. Давялося страляць, а як яшчэ?» — камэнтуе голас за кадрам.

Зь сюжэту становіцца вядома, што нагу пры затрыманьні прастрэлілі жыхару памежнай вёскі Сварынь Драгічынскага раёну Дзьмітрыю Капузу. Вядома, што КДБ затрымаў таксама ягонага брата Аляксандра Капузу і жонку Вольгу Капузу.

Паведамляецца, што ўсіх абвінавацілі ў «тэрарызьме», які палягаў у тым, што Капузы нібыта атрымалі выбуховыя рэчы з украінскага боку і перахавалі іх у іншыя месцы.

Паводле вэрсіі тэлеканала, выбуховыя рэчывы са схованак забіраў Сяргей Ерамееў, якога затрымалі ў Расеі і абвінавачваюць у падрыве цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі.

Яшчэ траіх абвінавачаных у плянаваньні тэрактаў затрымалі ў Маларыцкім раёне. У сюжэце паказалі Яўгена Грука, ягоную жонку Лідзію і Віктара Яскіча. У мужа і жонкі Грукоў дома засталіся чацьвёра малалетніх дзяцей.

Што вядома пра затрыманых беларусаў-«дывэрсантаў»

35-гадовы Дзьмітры Капуза жыў у вёсцы Сварынь Драгічынскага раёну. Ён ня надта актыўны ў сацыяльных сетках. У профілі ў «Аднаклясьніках» ёсьць зь дзясятак здымкаў на фоне пасядзелак з алькаголем у вясковай хаце.

Па інфармацыі, якой са Свабодай падзялілася арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BelPol, Дзьмітры Капуза быў неаднаразова судзімы. У тым ліку за крадзяжы дарожных знакаў. Яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконнае знаходжаньне ў памежнай зоне. У 2020 годзе памежнікі склалі на Капузу тры пратаколы за знаходжаньне ў памежнай паласе, спробу перайсьці мяжу і непадпарадкаваньне. Таксама ён меў праблемы з законам за дарожна-транспартнае здарэньне ў нецьвярозым стане, за якое быў пазбаўлены правоў кіроўцы.

Ягоная жонка Вольга да адказнасьці не прыцягвалася.

Уладзімер Капуза, пра якога таксама згадвалі ў фільме, ня раз меў праблемы з законам за нелегальнае знаходжаньне ў памежнай паласе.

«Практычна ўсе паказныя ў фільме зь вялікай доляй верагоднасьці маюць дачыненьне да кантрабанды, бо сярод адміністрацыйных парушэньняў прысутнічаюць такія, за якія прыцягвалі да адказнасьці памежнікі», — удакладнілі ў BelPol.

Жыхар Маларыцкага раёну Яўген Грук разам з жонкай, этнічнай украінкай з Валынскай вобласьці, гадуюць чатырох малалетніх дзяцей.

У «Аднаклясьніках» Яўген Грук неаднаразова ставіў «клясы» і рабіў перапосты з прарасейскіх груп. Ён ухваляў публікацыі з суполак, якія выступалі супраць Украіны ці «выкрывалі» ўкраінскія ўлады. Таксама Яўген Грук ставіў «клясы» публікацыям, якія прапагандуюць дасягненьні расейскай вайсковай прамысловасьці.

Паводле інфармацыі BelPol, Грука судзілі за нясплату алімэнтаў, крадзяжы, парушэньне ўмоў адбыцьця пакараньня. Ня менш як 20 разоў яго каралі за адміністрацыйныя правапарушэньні.

Жонка Яўгена Грука Лідзія — этнічная ўкраінка, родам з суседняй з Маларыцкім раёнам Валынскай вобласьці Ўкраіны. У сацыяльных сетках у яе пазначаны брат-украінец, які, імаверна, служыць памежнікам. Прынамсі, на здымках ён у форме памежніка і з сабакам.

Лідзія Грук зарэгістраваная ў розных сацыяльных сетках. Зьмест яе публікацый — «мацярынскі блог»: фота і відэа часоў цяжарнасьці, шмат фота з нованароджанымі і малымі дзецьмі, «матывацыйныя фразы» пра адносіны мужчын і жанчын, рэцэпты розных страў.

Віктар Яскіч, які таксама згаданы ў фільме, шматкроць трапляў на вока міліцыі, у тым ліку за абарачэньне фальшывых грошай. Быў пад судом за мытныя парушэньні.

Украінцы Кабарчукі, прадстаўленыя як «абвінавачаныя ў тэрарызьме», бацька і сын, былі пад судом ва Ўкраіне за незаконныя дзеяньні з наркотыкамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG