Офіс Ціханоўскай рыхтуецца да пераезду ў Варшаву. Прычынай назвалі зьніжэньне ўзроўню аховы ў Літве

Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская

У размове з польскімі журналістамі Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што пераезд заплянаваны празь зьмяншэньне ўзроўню аховы.

Яшчэ ў кастрычніку летась высьветлілася, што Літва зьніжае ўзровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай. У пачатку 2026 году інфармацыя пра пераезд офісу ў Варшаву пацьвердзілася.

«Я думала, што вярнуцца на радзіму змагу зь Вільні, якая знаходзіцца ўсяго за 30 км ад мяжы зь Беларусьсю. Але ўзровень нашай аховы ў Літве зьмяніўся. Ідзецца ня толькі пра маю асабістую бясьпеку, але і пра супрацоўнікаў нашага Офісу. Гэта прымусіла мяне шукаць іншыя рашэньні і рэарганізоўваць нашу дзейнасьць», — сказала Ціханоўская польскай газэце Rzeczpospolita.

Яна ня стала гаварыць, што думае аб прычынах рашэньня літоўскіх уладаў.

«Я вельмі ўдзячная Літве, якая першай працягнула мне руку і доўгія гады падтрымлівала беларускія дэмакратычныя сілы».

Пры гэтым крыніца польскай газэты паведаміла, што ўзровень аховы Ціханоўскай у краіне стаў вельмі сымбалічным.

«Ёй далі толькі нумар тэлефону паліцыі з просьбай тэлефанаваць у выпадку небясьпекі. Тлумачылі гэта недахопам супрацоўнікаў для кругласуткавай абароны».

Паводле выданьня, частка супрацоўнікаў Офісу застанецца ў Літве, астатнія неўзабаве пераедуць у Варшаву. Адным зь месцаў для Офісу мог бы быць Беларускі дом на Саскай Кэмпе — былая рэзыдэнцыя пасла Тунісу, ключы ад якой у верасьні 2020 году асабіста перадаў Ціханоўскай тагачасны прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што ён ведае пра намер Ціханоўскай пераехаць.

Пры гэтым дарадца Ціханоўскай у міжнародных дачыненьнях Франак Вячорка не пацьвярджае, што офіс ужо пачаў працу ў Варшаве. Ён адзначыў, што мэдыя вельмі сьпяшаюцца паведаміць пра гэта, але насамрэч яшчэ вядзецца падрыхтоўчая праца, а сама Ціханоўская яшчэ застаецца ў Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сквярняліс: Ад’езд Ціханоўскай можа быць зьвязаны з жаданьнем Літвы палепшыць стасункі з Лукашэнкам

Як разьвівалася справа

7 кастрычніка 2025 году стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам зь сям’ёй жыве ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — перагляд ступені пагрозы. Пазьней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офісу дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы была прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».

10 сьнежня 2025 году Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная.

17 студзеня інфармацыю пра хуткі пераезд Ціханоўскай паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраdfў Польшчы.

23 студзеня дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пацьвердзіў інфармацыю пра пераезд у эn'ры LRT. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што частка каманды застанецца працаваць у Літве. Кучынскі дадаў, што дзеці Ціханоўскіх з прычынаў бясьпекі цяпер жывуць з бацькам, Сяргеем Ціханоўскім, у ЗША.

Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 году, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычнай дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі.

Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам гучалі крытычныя галасы некаторых палітыкаў наконт таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы літоўскай Службай аховы кіраўніцтва і нібыта гэта задорага каштавала бюджэту краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусам трэба трошкі патрываць, дачакацца, калі Лукашэнка сыдзе», — былы палітвязень, дарадца Ціханоўскай