Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп у атачэньні дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё і кіраўніка Пэнтагону Піта Геґсэта расказаў пра сваю размову з Уладзімірам Пуціным. Трамп папрасіў яго не атакаваць Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Пуцін пагадзіўся не рабіць гэтага цягам тыдня, паводле словаў Трампа. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым звароце да ўкраінскага народу 29 студзеня падзякаваў «амэрыканскаму боку за намаганьні, каб у гэты час спыніць удары па энэргетыцы».
«Спадзяемся, што Амэрыцы ўдасца гэта забясьпечыць. Ёсьць сёньня заява прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Сытуацыя цяпер уначы і гэтымі днямі, рэальная сытуацыя на нашых аб’ектах энэргетыкі, у нашых гарадах гэта пакажа», — сказаў украінскі прэзыдэнт.
Гэтаю зімою шэраг украінскіх гарадоў разам з сталіцай Кіевам апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы пасьля расейскіх ракетных атак. Расея знарок б’е па энэргетычных аб’ектах Украіны, каб як мага больш украінцаў былі пазбаўленыя сьвятла і цяпла. У дварах украінскіх гарадоў зьяўляюцца адмысловыя пункты, дзе людзі могуць падсілкаваць свае мабільныя прылады і пагрэцца.
Адключэньні рэгулярныя і маштабныя. Мільёны ўкраінцаў штодня жывуць у халодных кватэрах і часта без магчымасьці карыстацца бытавой тэхнікай.
Пры гэтым расейцы надалей атакуюць таксама жылыя дамы і цягнікі. Нядаўнія трохбаковыя перамовы з удзелам Расеі, Украіны і ЗША на тэрыторыі ААЭ ніякага плёну не далі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп і Зяленскі сустрэліся ў Давосе, украінскі прэзыдэнт анансаваў трохбаковыя перамовы ў ААЭ