Валянцін Байко паспрабаваў аспрэчыць польскія нацыянальныя санкцыі, накладзеныя на яго ў 2023 годзе. Яны ўключалі забарону на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны і замарожваньне актываў, піша Reform.news.
Байко падаў хадайніцтва ў Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы ў сьнежні 2025 году.
У ім ён дамагаўся скасаваньня забароны на ўезд у Шэнгенскую зону, якую ў адпаведную сыстэму ўнесла Польшча. Ён настойваў на незаконнасьці рашэньня польскага боку, а таксама на тым, што накладзеныя на яго санкцыі нібыта непрапарцыйныя і дыскрымінацыйныя, а гэта парушае Эўрапейскую канвэнцыю аб правах чалавека ды іншыя нарматыўныя акты.
Байко таксама прыводзіў аргумэнт, што ён не нясе рэальнай пагрозы для бясьпекі, бо ня ўдзельнічае ў дзейнасьці сілавікоў ці арганізацыяў дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Акрамя таго, ён заявіў, што санкцыі парушаюць яго правы на прыватнае і прафэсійнае жыцьцё ў сувязі з немагчымасьцю перамяшчэньня ў межах Шэнгенскай зоны, што перашкаджае ажыцьцяўленьню прафэсійнай дзейнасьці.
Рашэньнем міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, апублікаваным 28 студзеня 2026 году, у задавальненьні гэтага хадайніцтва адмоўлена, бо ўезд і знаходжаньне гэтага грамадзяніна Беларусі ў Польшчы нясуць пагрозу яе дзяржаўнай бясьпецы.
«Дагэтуляшняя дзейнасьць названай асобы пазыцыянуе яе як прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі. Такая пазыцыя ў кантэксьце расейскіх ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, лягістычнай і палітычнай падтрымкі, якую аказваюць Маскве ўлады Беларусі, а таксама гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польскай Рэспублікі, стварае сур’ёзную рызыку правакацыі або падбухторваньня да інцыдэнтаў, якія маглі б пашкодзіць міжнароднаму статусу Польскай Рэспублікі», — пастанавіў міністар ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.
Рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы аб заяве наконт зьняцьця санкцыяў ад Валяніцна Байко
У абгрунтаваньні, у прыватнасьці, пазначана, што як чалец Савету Рэспублікі Байко пасьля 2020 году браў удзел у прыняцьці заканадаўчых актаў, якія «пашыраюць паўнамоцтвы беларускіх сілавікоў і гарантуюць іх беспакаранасьць, а таксама абмяжоўваюць правы грамадзян на публічныя пратэсты і крытыку дзеяньняў уладаў».
«Чальцы беларускага парлямэнту... удзельнічалі ў прыняцьці праўных актаў, якія зрабілі магчымай далейшую эскаляцыю рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (...) і легітымізуюць больш жорсткую палітыку ўладаў у Менску ў дачыненьні да гістарычных пытаньняў і дзейнасьці нацыянальных меншасьцяў... Яны былі выкарыстаныя беларускім рэжымам, сярод іншага, для дыскрэдытацыі Польшчы і Літвы як дзяржаваў, якія нібыта імкнуліся ў мінулым да вынішчэньня беларускага народу... Такім чынам, парлямэнцкая дзейнасьць Валянціна Байко фактычна ператвараецца ў рэальныя рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзян і польскай грамады ў Беларусі», — гаворыцца ў рашэньні МУСіА Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуцэрыеў, Шакуцін, Баскін. Каго з прыбліжаных да ўладаў бізнэсоўцаў закранулі санкцыі за вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўвяла санкцыі супраць Тапузідзіса, Шакуціна, Пефціева, Баскіна ды іншых ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Агульная рыса беларускіх алігархаў — ляяльнасьць да ўладаў»