Міхаіл Гуцэрыеў
Гэты бізнэсовец хоць і працуе ў Расеі, але зьяўляецца набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі. Сярод бізнэс-інтарэсаў Гуцэрыева ў Беларусі — Мазырскі НПЗ, здабыча калійных угнаеньняў, гатэль «Рэнэсанс», рэзыдэнцыя «Краснасельскае».
Падарунак Лукашэнку ў выглядзе «Майбаха» ў 2012 годзе зьвязваюць менавіта зь імем Гуцэрыева. Бізнэс Міхаіла Гуцэрыева трапіў пад санкцыі ЭЗ яшчэ ў канцы чэрвеня 2021 году менавіта за супрацоўніцтва з Лукашэнкам.
Аднак з пачаткам вайны санкцыі супраць бізнэсоўца толькі ўзмацніліся: ён трапіў у санкцыйныя сьпісы Польшчы і Канады, у красавіку гэтага году Кіпр запусьціў працэдуру пазбаўленьня Гуцэрыева грамадзянства.
Аляксандар Шакуцін
Бізнэсовец валодае беларускім заводам «Амкадор», таксама яму належыць цэнтар «Спамаш», холдынг «Салео». Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ яшчэ ў 2020 годзе, пазьней да санкцый супраць яго далучыліся Вялікая Брытанія, Швайцарыя ды іншыя краіны.
У 2022 годзе з пачаткам вайны ва Ўкраіне санкцыі супраць Шакуціна ўвяла таксама Канада.
24 красавіка стала вядома, што Літва замарозіла актывы, зьвязаныя з Аляксандрам Шакуціным, Агульная сума замарожаных актываў, зьвязаных з Беларусьсю, склала больш за 45,7 тысячы эўра. Пры гэтым не сказана, пра якіх юрыдычных і фізычных асобаў ідзе гаворка.
Яўген Баскін
Гендырэктар групы кампаній «Сервалюкс» — найбуйнейшы вытворца мяса птушкі ў Беларусі. Праз вайну ва Ўкраіне Баскін трапіў пад санкцыі Канады. Пасьля падзей 2020-2021 году ў Беларусі Баскін не падпадаў пад санкцыі.
У 2016 годзе ў Беларусі Яўгена Баскіна затрымаў КДБ, але неўзабаве ён выйшаў на волю (па інфармацыі СМІ, тады Баскін цалкам пагасіў страты, у якіх яго вінавацілі сілавікі).
Валянцін Байко
Уладальнік групы кампаній «Контэ», якая займаецца вытворчасьцю панчох і бялізны, а таксама прамысловым вырошчваньнем грыбоў і ягад, малочнай прадукцыяй. Валянцін Байко трапіў пад санкцыі Канады пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пасьля падзей 2020-2021 гадоў у Беларусі Байко ня быў пад санкцыямі.
Тапузідзіс, Цярнаўскі, Пефціеў
Уладзімер Пефціеў — былы старшыня сходу акцыянэраў «Белтэхэкспарту» і былы саўладальнік «Белтэх Холдынгу» — кампаній, якія займаюцца продажам зброі. Акрамя зброі, Пефціеў займаўся тэлекамунікацыямі (правайдэр «Дзелавая сетка»), лятарэямі («Спорт-заклад»), алькаголем («Аквадзіў»). Кампанія «БТ Тэлекамунікацыі» спансавала Прэзыдэнцкі спартовы клюб. У 2009–2012 гадах Пефціеў быў кіраўніком Беларускай тэніснай фэдэрацыі.
У 2011 годзе Пефціеў трапіў пад санкцыі ЗША і ЭЗ, пасьля гэтага падначаленыя яму кампаніі памянялі ўласьнікаў. Пазьней бізнэсовец здолеў дамагчыся выключэньня з санкцыйнага сьпісу праз суды ў ЭЗ і ЗША. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзімір Пефціеў зноў трапіў пад санкцыі, на гэты раз Канады.
Раней ЭЗ увёў санкцыі супраць кампаніі ЗАТ «Белтэхэкспарт» за падтрымку рэжыму Лукашэнкі, але Ўладзімір Пефціеў ужо не зьяўляўся фармальным кіраўніком кампаніі.
Павал Тапузідзіс валодае кампаніяй «Тытунь-Інвэст» (выраб цыгарэт), а таксама крамамі «Карона». Раней яму ўдавалася пазьбягаць санкцый, але пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ён трапіў пад санкцыі Канады.
Інтарэсы Анатоля Цярнаўскага тычацца нафтавай сфэры, ён стваральнік кампаніі «Юнівэст-М», якая займаецца нафтаперапрацоўкай. Пад санкцыі ЭЗ бізнэсовец ужо трапляў у 2012-м, у 2014 годзе санкцыі былі зьнятыя.
У 2022 годзе Анатоль Цярнаўскі трапіў пад санкцыі Канады.