«У 23:18 праз гібрыдную атаку, якую ажыцьцяўляе Беларусь супраць Літвы, яе цывільнай авіяцыі і грамадзтва, пры фіксацыі ў рызыкоўных для авіяцыі зонах навігацыйных адзнак, характэрных для балёнаў, былі ўведзеныя часовыя абмежаваньні паветранай прасторы над Віленскім аэрапортам. Віленскі аэрапорт аднавіў дзейнасьць у 00:06, пасьля скасаваньня абмежаваньняў паветранай прасторы», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі Літоўскія аэрапорты (LTOU).
Абмежаваньні ў аэрапорце ў аўторак упершыню былі ўведзеныя ў 19:05, а паветраная прастора адкрыта ў 20:24. Пазьней абмежаваньні былі ўведзены паўторна ў 23:18.
LTOU паведамляе, што затрымкі асобных рэйсаў могуць быць і ў сераду праз парушэньне ратацыі экіпажаў і самалётаў.
- Як пісала агенцтва BNS, апошні раз з гэтай прычыны праца Віленскага аэрапорту была парушана 6 сьнежня мінулага году.
- Прылёты кантрабандысцкіх балёнаў зь Беларусі мінулай восеньню і зімой больш за дзесяць разоў уплывалі на працу Віленскага аэрапорта і адзін раз — Ковенскага.
- У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы праз кантрабандысцкія балёны, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і ствараюць пагрозу цывільнай авіяцыі, аб’явіў экстрэмальную сытуацыю.
- Літоўскія палітыкі лічаць прылёты кантрабандысцкіх балёнаў гібрыднай атакай Менска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Віленскі аэрапорт зноў закрыты праз паветраныя балёны зь БеларусіНалёт кантрабандысцкіх балёнаў з Беларусі ў аўторак увечары быў самым інтэнсіўным сёлета: было выяўлена восем зондаў, кажа кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Літвы Вілмантас Віткаўскас.
«Важна адзначыць, што гэтая ноч, мабыць, была самай інтэнсіўнай за ўвесь гэты год, мы зафіксавалі на нашых радарах агулам 42 выпадкі», — сказаў ён у сераду ў этэры радыё LRT.
Паводле зьвестак кіраўніка Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі, да раніцы было знойдзена восем кантрабандысцкіх балёнаў, затрыманыя чатыры чалавекі, таксама знойдзены рэшткі некалькіх балёнаў.
«Ідзе інтэнсіўная праца нашых службаў. Кінутыя вялікія сілы на тое, каб устанавіць тых, хто прыяжджае забіраць гэтыя пасылкі, і перадухіліць падобныя выпадкі ў будучыні, каб такія налёты, як гэтай ноччу, не паўтарыліся», — сказаў Віткаўскас.
Ён выказаў думку, што кантрабандысты актывізаваліся зь ведама рэжыму ў Менску.
Паводле Віткаўскаса, сёлета цягам шасьці дзён літоўскія службовыя асобы фіксавалі на радарах маркеры палёту кантрабандысцкіх балёнаў.
«Вядома, гэта не былі такія лічбы, як цяперашняй ноччу, гэта былі, магчыма, дзесяць-дваццаць выпадкаў, гэта сапраўды невялікая колькасьць, і яна зусім не ўплывала на бясьпеку нашай паветранай прасторы. Але гэтая ноч была выключнай, і аэрапорт быў закрыты», — сьцьвярджае Віткаўскас.
Паводле яго, у аўторак увечары праз прылёты кантрабандысцкіх балёнаў Віленскі міжнародны аэрапорт закрываўся тройчы.
З словаў кіраўніка Цэнтру кіраваньня крызісамі, гэта закранула больш за 1700 пасажыраў.