Расейскія войскі нанесьлі ўдар па нафтавым аб’екце ў горадзе Броды Львоўскай вобласьці і працягваюць атакаваць тылавыя рэгіёны Ўкраіны.
У выніку расейскіх абстрэлаў за апошнія 24 гадзіны ва Ўкраіне ёсьць загінулыя і параненыя.
У Бродах праз пажар на нафтааб’екце скасавалі заняткі ў школах
Украінская кампанія «Нафтагаз» паведаміла аб пашкоджаньні аднаго з сваіх аб’ектаў у горадзе Броды Львоўскай вобласьці.
У выніку пацэльваньня пачаўся пажар. Кампанія вымушана была тэрмінова спыніць тэхналягічныя працэсы, каб абараніць людзей і навакольле. У той жа час назву пашкоджанага аб’екту не ўдакладнілі.
Украінскія палітыкі заявілі, што расейскія войскі ўпершыню ўдарылі па нафтаправодзе «Дружба», празь які цяпер пастаўляюцца нафтапрадукты ў Вугоршчыну і Славаччыну. Праз моцны пажар і шчыльны чорны дым у горадзе скасавалі заняткі ў школах, а жыхарам раілі зачыніць вокны і без неабходнасьці не выходзіць на вуліцу.
«Транзыт нафты і дагэтуль дае Расеі мільярдныя прыбыткі, а Орбан (прэм’ер Вугоршчыны. — РС) і Фіца (прэм’ер Славаччыны. — РС) старанна адвакатуюць Маскве на Захадзе. [...] Расея працягвае генацыдныя практыкі, зьнішчаючы энэргетычную інфраструктуру, каб украінцы засталіся безь цяпла і сьвятла, цяпер, перад новымі маразамі, мэтанакіравана б’е па нафтатранспартнай інфраструктуры Ўкраіны. Колькі яшчэ ўкраінскі ўрад дазволіць Расеі атрымліваць мільярдныя прыбыткі ад транзыту? Калі бачым, што нафтаправод „Дружба“, на жаль, не зьяўляецца гарантыяй энэргетычнага ceasefire (спыненьня агню. — РС)», — напісала ў сваім Telegram-канале дэпутатка ўкраінскага парлямэнту Ірына Герашчанка.
Паводле яе, фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць» на чарговай сэсіі будзе патрабаваць спыніць транзыт нафты ў эўрапейскія краіны.
У Харкаўскай і Кіеўскай вобласьці ёсьць ахвяры расейскіх абстрэлаў
У Харкаўскай вобласьці расейскія войскі пацэлілі ў пасажырскі цягнік, які накіроўваўся ў Барвенкава Харкаўскай вобласьці. У ім ехалі 155 пасажыраў, а ў вагоне, куды пацэлілі расейцы знаходзіліся 18 чалавек. Сама меней пяць чалавек загінулі і два атрымалі раненьні. Цягнік атакавалі трыма дронамі.
У Белгарадцы Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці ў выніку ўдару дронамі па шматпавярховым жылым доме загінулі два чалавекі, яшчэ чатыры атрымалі раненьні. З пацярпелымі працуюць мэдыкі і псыхолягі.
Абстрэлы працягваюцца на тле маштабных пашкоджаньняў аб’ектаў энэргетыкі і цеплагенэрацыі, якія цяпер найбольш актыўна дапамагаюць аднаўляць міжнародныя партнэры Ўкраіны. Па ўсёй краіне дзейнічаюць пагадзінныя адключэньні і абмежаваньні магутнасьці паставак электраэнэргіі.
Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.
Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктуры і мірных жыхароў.