Аляксандр Лукашэнка адзначыў на нарадзе, што, «з аднаго боку, Кітай цяпер — другі па велічыні гандлёвы партнэр Беларусі, а айчынны экспарт на кітайскі рынак перасягнуў аб’ём паставак у Эўразьвяз», — перадае БелТА.
«Зь іншага боку, каля $1,7 млрд за 2025 год і больш за 4% ад агульнага абʼёму паставак — вельмі мала нават па беларускіх мерках», — гэтак ацаніў Лукашэнка беларускі экспарт у Кітай.
Экспарт Кітая ў Беларусь дасягнуў 6,5 млрд даляраў у 2024 годзе, згодна Trading Economics, асноўную долю экспарту склалі машыны і абсталяваньне, больш за 3,5 мільярда, электрычная і электратэхнічная прадукцыя — амаль 1 млрд, оптыка, плястык, вырабы з жалеза і сталі, паведамляе Trading Economics. Фактычна, кітайскі імпарт замясьціў на беларускім рыну эўрапейскі.
Узаемны таваразварот у 2025 годзе склаў, па інфармацыі кітайскага выданьня Жэньмінь Жыбао, 8,39 млрд. даляраў, а ў першым квартале 2025 года вырас на 18%.
Пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр Чарвякоў заявіў год таму кітайскім СМІ, што «ключавы вэктар выразна акрэсьлены: мадэрнізацыя нашай эканомікі на аснове кітайскіх тэхналёгій».
«Таксама былі вызначаныя найважнейшыя праекты па разьвіцьці двухбаковага супрацоўніцтва ў машынабудаваньні, дрэваапрацоўцы, хімічнай прамысловасьці і іншых галінах прамысловасьці. Гэты комплекс пытаньняў, які ў мінулым годзе яшчэ быў на паперы, цяпер ператвараецца ў практычныя дзеяньні», — сказаў тады пасол.
Беларускі экспарт, які, паводле кітайскіх крыніц, склаў у 2024 годзе 1,81 млрд. даляраў, у ім пераважае сыравіна — калій, таксама харчовыя прадукты і прадукты дрэваапрацоўкі.
Згодна са статыстыкай Эўразьвязу, яшчэ ў 2024 годзе ЭЗ займаў другое месца па імпарце ў Беларусь — 6,8 млрд. эўра, а Беларусь экспартавала ў ЭЗ тавараў усяго на 1,3 млрд. эўра, тады таваразварот у параўнаньні з 2021 годам упаў на 35%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай дасьць Беларусі тэхніка-эканамічную дапамогу на «прыгожыя» праекты ў сацыяльнай сфэры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія ў іх акумулятары і зімовыя шыны». Як кітайскія аўтамабілі захопліваюць беларускі рынак