У Кіеве адбыўся марш памяці героя Ўкраіны Жызьнеўскага і ўсіх беларусаў, якія загінулі на вайне з Расеяй. ФОТА

Увечары 26 студзеня ў Кіеве адбыўся марш ушанаваньня памяці загінулага ў 2014 годзе Міхася Жызьнеўскага і ўсіх беларусаў, якія пазьней загінулі, абараняючы Ўкраіну ад расейскай агрэсіі.

Удзельнікі маршу ідуць зь Міхайлаўскай плошчы праз вуліцу Ўладзімірскую

Марш праходзіць штогод у дзень нараджэньня Міхася Жызьнеўскага. Сёлета ён у дванаццаты раз прайшоў па тым жа маршруце, як і ў 2014 годзе, калі зь ім разьвітваліся — зь Міхайлаўскай плошчы праз вуліцы Ўладзімірскую, Багдана Хмяльніцкага, Храшчацік і да вуліцы Грушэўскага, дзе Міхась загінуў на месцы ад кулявога раненьня ў сэрца.

У руках удзельнікі маршу трымаюць партрэты беларусаў, якія загінулі цягам 2022-2026 гадоў у баях за Ўкраіну

У пачатку калёны ўдзельнікі маршу трымалі транспарант, на якім разам з выявай Міхася Жызьнеўскага было напісана «Памятай, я загінуў за Ўкраіну» і два лёзунгі: «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне». Марш праходзіў пад дзяржаўнымі ўкраінскімі сьцягамі і нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам Беларусі.

Памяць Міхася Жызьнеўскага ўшанавалі на месцы ягонай гібелі — на вуіцы Грушэўскага

Удзельнікі акцыі трымалі таксама партрэты загінулых беларусаў, якія пайшлі абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі —Марыі Зайцавай, якая загінула ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласьці 17 студзеня 2025 году, празь дзень пасьля свайго 24-годзьдзя, Васіля Парфянкова (загінуў 26 чэрвеня 2022 году ў баях пад Лісічанскам), Міхася Шавельскага (загінуў 11 кастрычніка 2022 году ў Херсонскай вобласьці) і іншых.

На Майдане Незалежнасьці ў Кіеве агучылі імёны і пазыўныя беларусаў, якія загінулі на вайне з Расеяй

26 студзеня ў палку Каліноўскага паведамілі аб гібелі яшчэ трох беларусаў — гэта адбылося роўна год таму.

Імёны многіх загінулых за Ўкраіну беларусаў дагэтуль не называюць зь меркаваньняў бясьпекі іх сваякоў, што жывуць у Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, лік загінулых за Ўкраіну набліжаецца да 85 чалавек.

Паводле інфармацыі Свабоды, цяпер у вайне на баку Кіева ўдзельнічаюць некалькі соцень добраахвотнікаў зь Беларусі. Агулам колькасьць беларусаў, якія пасьля 2014 году прымалі ўдзел у баях на баку Ўкраіны, складае больш за тысячу чалавек.

У маршы ўдзельнічалі беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, беларускія добраахвотнікі і ўкраінскія актывісты

Фотарэпартаж журналіста Ўкраінскай службы Радыё Свабода Сяргея Нужненкі.