Сьцісла
- Доўгі час кіраўніцтва Ўкраіны імкнулася моцна не раздражняць Лукашэнку, каб не падштурхнуць яго да больш актыўнай падтрымкі расейскай агрэсіі.
- Але цяпер прэзыдэнт Украіны нашмат больш увагі надае Беларусі.
- З набліжэньнем вайны да завяршэньня важнасьць Беларусі для пасьляваеннага пазыцыянаваньня Ўкраіны будзе павялічвацца.
Не раздражняць Лукашэнку
Доўгі час з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі палітыка афіцыйнага Кіеву адносна Беларусі была даволі асьцярожнай. Украінскае кіраўніцтва імкнулася моцна не раздражняць Лукашэнку, каб неяк не падштурхнуць яго да больш актыўнай канфрантацыі з Украінай. Дасюль у Кіеве вельмі баяліся адкрыцьця новага фронту на поўначы, атакі з боку Беларусі. Абодва бакі прытрымліваліся статус-кво. Беларускае войска не ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях супраць Украіны. У сваю чаргу Кіеў ня робіць замах на беларускую тэрыторыю з дапамогай дронаў і іншых відаў зброі. Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, не пагражаюць уступаць на тэрыторыю Беларусі «вызваленчым паходам».
Кіеў даволі асьцярожна ставіўся да супрацы зь беларускай апазыцыяй, бо рэальна дапамагчы Ўкраіне яна ня можа
Кіруючыся гэтай лёгікай, Кіеў даволі асьцярожна ставіўся да супрацы зь беларускай апазыцыяй. Бо рэальна дапамагчы Ўкраіне яна ня можа, а актыўныя кантакты зь ёй могуць справакаваць Менск да больш актыўнай падтрымкі Расеі.
Але кантакты паміж афіцыйнымі асобамі Украіны і лідэрамі беларускай апазыцыі адбываліся ўвесь час. Уладзімір Зяленскі некалькі разоў на міжнародных пляцоўках паціскаў руку Сьвятлане Ціханоўскай, але ня больш за тое.
Аднак апошнім часам назіраецца прыкметнае пацяпленьне ў адносінах паміж афіцыйным Кіевам і беларускай апазыцыяй. Новым крокам на гэтым шляху стала відэаразмова Зяленскага зь беларускімі палітвязьнямі, якіх у сьнежні мінулага году вывезьлі на тэрыторыю Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі двухбаковую сустрэчуУвага Зяленскага да Беларусі
Апошнімі днямі прэзыдэнт Украіны шмат увагі ў сваіх выступах надаў Беларусі. Спачатку 22 студзеня ў Давосе, дзе ён прысьвяціў свой выступ крытыцы нерашучай палітыкі краін Эўропы, у якасьці прыкладу прывёў стаўленьне ЭЗ да Беларусі:
«Калі ты адмаўляесься дапамагаць народу, які б’ецца за свабоду, наступствы заўсёды вяртаюцца. Беларусь і 2020 год — вось прыклад. Ніхто не дапамог яе народу, і цяпер расейскія ракеты „Арэшнік“ разгорнутыя ў Беларусі і дастаюць да большасьці эўрапейскіх сталіцаў. Гэтага не адбылося б, калі б беларускі народ перамог у 2020-м. Мы шмат разоў казалі сваім эўрапейскім партнэрам: „Дзейнічайце зараз супраць расейскіх ракет у Беларусі“. Але Эўропа дагэтуль у „рэжыме Грэнляндыі“: „можа… калісьці… хтосьці… штосьці… зробіць“.
25 студзеня ў Вільні на цырымоніі ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году, у прысутнасьці прэзыдэнтаў Літвы і Польшчы Зяленскі выступіў з прамовай, зьвернутай у значнай ступені да беларусаў. За 11 хвілін выступу пра Беларусь было 16 згадак.
«Вы — эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў аб’яднанай, вольнай Эўропе… — сказаў прэзыдэнт Украіны. — Вас не выкрасьліць… Беларусь і цяпер вымушаная існаваць як расейскае генэрал-губэрнатарства. Сёньня, калі столькі гадоў прайшло з часоў Кастуся Каліноўскага, усё, за што ён змагаўся, застаецца актуальным для Беларусі, хаця для Украіны, Літвы і Польшчы гэта ўжо адбылося… Паўстаньне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе — каб сёньня адтуль не было пагрозы. Эўропа і сьвет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў — і гісторыя была б больш бясьпечнай… Пакуль што беламу шпіцу Лукашэнкі пакінута больш правоў, чым народу Беларусі — на жаль… Быў шанс у 2020 годзе гэта зьмяніць — і яшчэ будзе такі шанс».
Гэтую заяву можна расцаніць як апэляцыю да беларусаў, заклік да іх выступіць супраць дыктатарскага прарасейскага рэжыму. Быў зроблены акцэнт менавіта на слова „паўстаньне“. Здаецца так „недыпляматычна“ адносна існых беларускіх уладаў Зяленскі яшчэ не выказваўся.
На прэс-канфэрэнцыі пасьля ўрачыстых мерапрыемстваў Зяленскі зноў казаў пра вольную Беларусь. Таксама ён упершыню правёў перамовы зь Сьвятланай Ціханоўскай, запрасіў яе наведаць Кіеў. Беларуская дэмакратычная лідэрка прапанавала прызначыць спэцпасланьніка па Беларусі, як гэта зрабілі шматлікія іншыя дэмакратычныя краіны. А таксама заклікала да больш шчыльнай супрацы з Місіяй дэмакратычных сілаў у Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі — беларусам: «Вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе»Фактары, які ўплываюць на зьмену палітыкі Кіеву
У чым прычыны такога павароту афіцыйнага Кіева ў бок дэмакратычных сілаў Беларусі? Можна меркаваць, што тут сышлося некалькі чыньнікаў.
Найперш паўплывалі кадравыя зьмены ў кіроўных органах Украіны. Сышоў у адстаўку кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак. Ягонае месца заступіў Кірыл Буданаў, які дасюль курыраваў палітыку Кіева на беларускім кірунку, вёў нефармальныя перамовы зь беларускімі чыноўнікамі. Ён сустракаў 114 беларускіх палітвязьняў на мяжы ў сьнежні. Лягічна зрабіць выснову, што ягоны прыход да кіраўніцтва Офісу прэзыдэнта Ўкраіны спрычыніўся да карэктыроўкі палітыкі адносна Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік адміністрацыі Зяленскага падаў у адстаўку. Ужо ёсьць указ аб ягоным вызваленьні з пасадыАле больш важныя сыстэмныя зьмены, якія падштурхоўваць Кіеў да новых падыходаў да Беларусі. Магчыма, Зяленскі ўпэўніўся, што Лукашэнка ня пойдзе далей цяперашняга ўзроўню падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны. Бо ўкраінскія дроны выявіліся вельмі эфэктыўнымі ў выбіваньні расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Прычым, дасягаюць іх нават за Ўралам. І ў выпадку чаго, два беларускія НПЗ могуць быць зьнішчаны за адну ноч.
Кіеў не бянтэжыць, што палітыка Ўкраіны і ЗША адносна Беларусі цяпер рухаецца на супрацьходзе
Кіеў не бянтэжыць, што палітыка Ўкраіны і ЗША адносна Беларусі цяпер рухаецца на супрацьходзе. Вашынгтон вядзе актыўныя перамовы з афіцыйным Менскам, часткова здымае санкцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. А Кіеў ідзе на больш шчыльнае супрацоўніцтва зь ненавіснай рэжыму ў Менску беларускай апазыцыяй.
Паколькі ЗША ўсё больш дыстанцуюцца ад Эўропы, рэзка зьменшылі падтрымку Ўкраіны, то Кіеву трэба весьці сваю гульню, быць больш самастойным. І па меры таго, як вайна будзе набліжацца да завяршэньня, важнасьць статусу Беларусі для пасьляваеннага геапалітычнага пазыцыянаваньня Ўкраіны, яе бясьпекі будзе толькі павялічвацца. Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі радыкальна паўплывалі б на становішча Ўкраіны ў пасьляваенным супрацьстаяньні з Расеяй. У такой лёгіцы саюз зь беларускай апазыцыяй, дэмакратычнай супольнасьцю мае вялікае значэньне.