Алюмініевыя лыжкі, самаробныя карты. У Варшаве адкрылася выстава рэчаў былых беларускіх палітвязьняў

Кіпяцільнік і прышчэпкі на выставе ў Варшаве

Выстава адкрылася ў Музэі Вольнай Беларусі і будзе працаваць некалькі месяцаў.

Алюмініевая лыжка ў футарале, заначка з пакецікамі гарбаты, самаробныя гульнявыя карты. Усім гэтым яшчэ нядаўна карысталіся і даражылі былыя палітзьняволеныя. А сёньня гэта экспанаты выставы «Кропка ўваходу — 123», якая адкрылася ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве, піша Most.

Лічба ў назьве нагадвае пра колькасьць палітвязьняў, вызваленых 13 сьнежня 2025 году.

Прадметы на выставе

Кубак Марыны Золатавай

Арганізатары кажуць, што звычайныя рэчы сталі «сьведкамі досьведу зьняволеньня, гвалту і выжываньня». Напрыклад, простую лыжку даводзілася асабліва берагчы. Тая, што прадстаўленая на экспазыцыі, належала Ўладзімеру Парашкову. У чахол укладзеная цыдулка «З пачатку турэмнага тэрміну ўсю турму».

«Кожны палітвязень мае ў калёніі асабістую лыжку, і калі ён яе згубіць — гэта вельмі сур’ёзныя турботы. Іншай ён не атрымае. І даводзіцца яе дзесьці набываць рознымі таемнымі варыянтамі», — тлумачыць прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязьняў «Да Волі» Алег Кулеша.

Яшчэ адна важная рэч — кіпяцільнік. На экспазыцыі — той, якім карыстаўся Віктар Мека.

«Харчаваньне ў СІЗА вельмі благое. Адзіны шанец — калі ты атрымліваеш праз перадачы нейкую гарбатку, ці „Ралтон“, ці кашу хуткага гатаваньня, можаш сабе прыгатаваць», — гаворыць Кулеша.

На выставе

Алена Гнаўк перадала на выставу «заначку зэка», перавязаную на дзьве часткі. У адной — два пакецікі гарбаты, у другой — карабок з-пад запалак з самаробнымі гульнявымі картамі — кавалачкі белай паперы, на якіх рознымі колерамі напісаныя лічбы. Бо агулам карты ў турме забароненыя.

Для перадачы сакрэтнай інфармацыі і рэчаў у турме выкарыстоўваецца «мутка» — самаробны пакецік. Ён таксама на выставе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такіх скоцкіх адносінаў, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Вялікая размова з «пэнсіянэркай-рэцыдывісткай» Аленай Гнаўк

Юрыст, былы палітзьняволены Максім Знак перадаў на выставу паштоўку, падпісаную ў 2021 годзе. У ёй ён тлумачыць, як запарыць гарбату ў «кругалі» — турэмным кубку. Былая галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава перадала музэю кубак з мапай сьвету, якім карысталася ў камэры.

Выстава будзе адкрытая для наведваньня да 1 сакавіка 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уладальнік барбэршопу аддаў ключы на тры дні». Як валянтэры дапамагаюць вызваленым палітвязьням