Чаму Ціханоўскай не ўдалося пераканаць Літву пакінуць ахову? Меркаваньне Лябедзькі

Анатоль Лябедзька

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька заявіў, што каманда дэмакратычнай лідаркі дапусьціла стратэгічную памылку ў працы з грамадзкай думкай у Літве, што стала адным з фактараў пераезду Ціханоўскай у Польшчу.

Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «ПіК Свабоды».

«Тут трэба прызнаць: у нас была зробленая памылка – агульная, разам з нашымі хаўрусьнікамі, літоўскімі палітыкамі, дэпутатамі, міністрамі».

Паводле Лябедзькі, на працягу пяці гадоў каманда Ціханоўскай эфэктыўна працавала ў Літве, але фактычна заставалася ў замкнёнай прасторы.

«Мы пяць гадоў працавалі тут вельмі эфэктыўна, і Літве за гэта вялікі дзякуй. Але гэта была закрытая прастора, бурбалка. Мы ня вельмі эфэктыўна працавалі з грамадзкай думкай».

Ён адзначыў, што грамадзкія настроі ў Літве, як і ў іншых эўрапейскіх краінах, усё больш схіляюцца да папулізму, чым і карыстаецца частка палітыкаў.

«Грамадзкая думка сёньня такая, як і ў большасьці эўрапейскіх краін – схільная да папулізма. Дастаткова паднесьці запалку – і ўсё ўспыхвае».

Паводле Лябедзькі, папулісцкія палітыкі актыўна эксплуатуюць тэму выдаткаў на ахову Ціханоўскай.

«Яны кажуць: давайце лепш патрацім гэтыя грошы на мэдыцыну, на дарогі. Людзям гэта даспадобы. А частка палітычнай эліты арыентуецца менавіта на такія настроі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка расказаў, ці створыць канфлікт пераезд Ціханоўскай у Варшаву

Ён падкрэсьліў, што доўгатэрміновыя наступствы такіх рашэньняў не супадаюць з кароткатэрміновымі электаральнымі інтарэсамі.

«Плюсы і мінусы ад непрысутнасьці Ціханоўскай зразумеюць праз пяць гадоў. А выбары – сёньня. І настроі выбарнікаў такія».

Лябедзька адзначыў, што сытуацыя ў Літве стала выклікам і важным урокам для ўсёй каманды дэмакратычных сілаў.

«Цяпер мы значна больш думаем пра тое, як працаваць з грамадзтвам у тых краінах, дзе мы знаходзімся. Гэта не толькі пра Літву – гэта і пра Польшчу, і пра Бэльгію, і пра Нямеччыну».

Паводле яго, камандзе Ціханоўскай трэба ўмацоўваць прысутнасьць у розных краінах і выходзіць за рамкі кантактаў выключна з палітыкамі.

«Трэба ствараць як мага больш офісаў, каб у нас былі моцныя пазыцыі, і працаваць ня толькі з палітычнымі элітамі, але і з грамадзянамі. Гэта адзін з галоўных урокаў таго, што адбываецца цяпер».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі стала пасткай і для апазыцыі, — славацкі аналітык і былы дыплямат Ярабік

Пра пераезд Сьвятланы Ціханоўскай з Вільні ў Варшаву стала вядома ячшэ ў сьнежні. На выходныя зьявіліся пацьверджаньні гэтай інфармацыі ад самой Ціханоўскай. Як паведамлялі прадстаўнікі яе Офісу, рашэньне зьвязанае перадусім з пытаньнямі бясьпекі, паколькі Літва зьменшыла ўзровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай. Яе дзеці, па словах самой лідэркі дэмсілаў, часова знаходзяцца ў ЗША.