Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «ПіК Свабоды», адказваючы на пытаньне пра дыскусіі ў сацсетках, дзе беларусы абмяркоўваюць магчымыя напружаньні паміж структурамі.
Паводле Латушкі, ключавым прынцыпам для дэмакратычных сілаў застаецца аб’яднаньне і каардынацыя.
«Па-першае, мы заўсёды выступаем за аб’яднаньне. Мы кіруемся адной стратэгіяй, якую прымаем у Аб’яднаным пераходным кабінэце. Я быў адным з галоўных ініцыятараў стварэньня АПК, таму ў нас ёсьць структура для каардынацыі, аб’яднаньня, выпрацоўкі і рэалізацыі сумесных дзеяньняў», — адзначыў ён.
Латушка падкрэсьліў, што функцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай розныя, хоць часткова могуць перасякацца.
«Калі мы гаворым пра НАУ, то гэта экспэртна-прававая арганізацыя, якая займаецца перадусім пытаньнямі міжнароднага крымінальнага права, санкцыйнай палітыкі, мы актыўныя ў інфармацыйнай камунікацыі. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай забясьпечвае яе дзейнасьць як лідара — фактычна гэта як адміністрацыя прэзыдэнта. Вядома, нейкае супадзеньне па функцыянале будзе, але яно не стоадсоткавае».
Ён таксама падкрэсьліў, што шмат што будзе залежаць ад гатоўнасьці Офісу да каардынацыі працы ў Польшчы.
«Шмат што будзе залежаць ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, ад іх адкрытасьці і гатоўнасьці да большай каардынацыі і ўзаемадзеяньня ў Польшчы. Я на гэта спадзяюся і разьлічваю», — сказаў Латушка.
Адначасова ён выказаў асьцярогу адносна канцэнтрацыі дэмакратычных структураў у адной краіне.
«Зь іншага боку, унутраная міграцыя — не заўсёды добрая гісторыя. Вядома, яна зьвязаная з пытаньнямі бясьпекі, але нам важна не губляць нашага важнага партнэра — Літву, якая заўсёды была на баку дэмакратычных памкненьняў беларусаў» — сказаў палітык.
Пра пераезд Сьвятланы Ціханоўскай з Вільні ў Варшаву стала вядома ячшэ ў сьнежні. На выходныя зьявіліся пацьверджаньні гэтай інфармацыі ад самой Ціханоўскай. Як паведамлялі прадстаўнікі яе Офісу, рашэньне зьвязанае перадусім з пытаньнямі бясьпекі, паколькі Літва зьменшыла ўзровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай. Яе дзеці, па словах самой лідэркі дэмсілаў, часова знаходзяцца ў ЗША.
Форум