Пэнсіянэркі пад перасьледам
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі ў адзін дзень, 23 студзеня 2024 году, у затрыманьнях у справе ініцыятывы INeedHelpBY удзельнічалі 174 сьледчыя. Людзям паказвалі пастановы з спасылкай на ч. 1 і 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»). Бальшыню затрыманых тады склалі жанчыны. КДБ зацікавіла дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ў той жа дзень ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Затрыманых абвінавачвалі ў тым, што яны дасылалі грашовыя пераводы ці замаўлялі прадукты з онлайн-гіпэрмаркетаў для сем’яў, у якіх хтосьці сядзеў у турме.
Пад перасьлед трапілі пераважна пэнсіянэркі — прадстаўніцы розных прафэсіяў: лекаркі, мэдсёстры, бібліятэкаркі, бухгальтаркі.
Масава судзіць затрыманых пачалі праз год, у студзені–лютым 2025-га. Абвінавачаньні былі пераважна аднолькавымі — «Выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці», артыкул 24.15 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (раней паводле яго не судзілі). Усяго ў адміністрацыйных справах асудзілі больш за 150 чалавек, людзі, як правіла, атрымлівалі кары ў выглядзе штрафу.
На многіх завялі крымінальныя справы. Праваабаронцы кажуць пра пяць дзясяткаў чалавек, прызнаных палітвязьнямі, якіх асудзілі на 3–5 гадоў калёніі ці на так званую «хатнюю хімію». Дагэтуль за кратамі застаюцца: Вікторыя Дамастой, якая атрымала 5 гадоў пазбаўленьня волі, Алеся Дзернакоўская, Натальля Ладуцька, Тацяна Сьцепа — 4 гады; Алеся Сяргеенка — 3 гады і 6 месяцаў Ірына Такарчук, Кацярына Мендрык, Ірына Бандарэнка, Алена Дземянчук, Ала Дзясяцік, Натальля Жыгар, Надзея Лескавец, Аксана Ляпко, Ксенія Суша, Натальля Давыдуліна — 3 гады. Найстарэйшая зь іх — берасьцейка Натальля Жыгар, якой сёлета спаўлняецца 70 гадоў.
Згода на прызнаньне палітвязьнем
Але жанчыны, якія выходзяць з калёніі, кажуць, што асуджаных за дапамогу значна больш, проста сваякі баяцца прызнаньня іх родных палітвязьнямі.
Былая палітзьняволеная блогерка Вольга Такарчук, маці якой Ірына атрымала 3 гады за дапамогу людзям, мяркуе, што трэба гучна гаварыць ня толькі пра «знакавых» вязьняў, а і пра малавядомых.
Вольга Такарчук
«Я пакуль ня вызначыла для сябе тактыку. Я разумею, што гаварыць трэба пра ўсіх людзей. Вось пра сваю матулю магу адкрыта гаварыць. А пра астатніх — трэба згода родных. Нават калі адбудзецца чарговая вялікая „ўгода“ і шмат людзей вызваляць, тыя, хто ня ўключаны ў сьпіс палітвязьняў, так і будуць сядзець. Вось Коўл, спэцыяльны пасланьнік Трампа, сказаў: „Мы зараз вызвалім тых, хто значыцца ў сьпісах палітвязьняў. Што да тых, каго зараз саджаюць, потым будзем думаць“. А пра астатніх, хто ня ў сьпісах палітзьняволеных — пра іх наагул ніхто ня ведае. І, на жаль, гэтыя людзі будуць сядзець „ад званка да званка“. Трэба родных, сваякоў переконваць. Бо яны будуць сядзець, бо іх няма ні ў водным сьпісе!» — кажа Вольга Такарчук.
Тры хвалі асуджаных
Цяпер ужо былая палітзьняволеная Кацярына (імя зьмененае дзеля бясьпекі, бо родныя жанчыны застаюцца ў Беларусі. — РС) была затрыманая за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» яшчэ 8 лістапада 2022 году, задоўга да «хапуна», што адбыўся ў студзені 2024 году.
«Я пісала шмат лістоў, паштовак, слала тэлеграмы затрыманым, а калі ў чалавека быў дзень народзінаў — дасылала па 10 рублёў. У мяне былі толькі пачуцьці шкадаваньня гэтых людзей і спачуваньня… Калі мяне затрымалі, сьледчыя спачатку ніяк не маглі даказаць „фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці“. Я сьледчаму свайму казала: „Я фінансую? Я толькі дасылала грошы ў СІЗА. А начальнік і бухгальтар перадавалі гэтыя грошы зьняволеным. Чаму тады яны не падазраваныя разам са мной? То бок мае грошы прыходзілі ў СІЗА, а як імі распарадзіцца, вызначалі начальнікі. Потым, калі ў сьнежні 2022 году групу ў фэйсбуку „Лісты салідарнасьці“ прызналі экстрэмісцкай, маю справу перакваліфікавалі пад артыкул „іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», — кажа суразмоўца.
Кацярына апавядае, што прыкладна праз 3 месяцы пасьля яе пасадкі ў гомельскую калёнію № 4 туды сталі масава прывозіць людзей, якіх пасадзілі за харчовую дапамогу.
«Спачатку пасадзілі людзей, якія слалі лісты і грошы. Потым быў „хапун“ за „Е-дастаўку“ і „Гіпа“. Заехалі шмат цудоўных жанчын. Натальля Жыхар — бадай, самага сталага ўзросту, Ірына Такарчук — сьветлы, сонечны, пазытыўны, усьмешлівы чалавек, Натальля Ладуцька — вельмі начытаная, разумная. Потым зьявіліся „данатчыцы“ — жанчыны, якія дапамагалі вязьням і дэмакратычным структурам грашыма», — узгадвае Кацярына.
Розныя беларусы
На пытаньне, ці беларусы добрая і талерантная нацыя, ці зьяўляюцца нацыянальнымі рысамі беларусаў дабрыня, шчодрасьць, жаданьне прыйсьці на дапамогу тым, каму горш, Кацярына не змагла адназнача і канкрэтна адказаць.
Прадуктовая перадача для вязьня СІЗА, ілюстрацыйнае фота
«Жорсткасьць сілавікоў і судзьдзяў, іх дзеяньні мяне проста „забілі“. Я, магчыма, выкажу зараз непапулярную рэч. Вось усе кажуць: беларусы добрыя, талерантныя. Але „красаўцы“, што затрымліваюць людзей, зьдзекуюцца зь іх, — таксама беларусы. Так што беларусы розныя! Ёсьць добрыя, чульлівыя, талерантныя, шчодрыя. Але ёсьць дзікія, жорсткія, азлобленыя, злыя, якія ненавідзяць людзей! Сытуацыя 2020 году наагул нас разьвяла, так што абагульняць нельга.
Калі яшчэ на волі я прачытала пра зьверствы, што адбывалася ў аўтазаках, я паставіла перад сабой задачу: паглядзець, як „уладкаваны“ аўтазак, што гэта за аўтамабіль, дзе там „стаканы“, у якіх прэсавалі людзей і чынілі зьверствы… І я 15 разоў паглядзела, як аўтазак уладкаваны: мяне вазілі ў ім на 5 паседжаньняў судоў і на этапы», — узгадвае Кацярына.
Яна кажа, што ніхто зь сілавікоў ня верыў, што людзі ахвяравалі з сваіх грошай, бескарысьліва, з шчырым жаданьнем дапамагчы, даць сыгнал людзям, што пра іх не забыліся, іх падтрымліваюць і памятаюць.
«Ніхто ня верыў, што людзі дапамагаюць шчыра, з сваіх грошаў. Ніхто! Ні сьледчыя, ні судзьдзі! Ні канваіры ў СІЗА і ў калёніі. То бок яны думалі, што мы гэтыя грошы атрымліваем з-за мяжы! Аднак ніхто ж не знайшоў, адкуль. У іхных галовах не ўкладаецца, што гэта з сваіх уласных пэнсіяў, невялікіх заробкаў людзі ашчаджалі — з спачуваньнем, з жаданьнем хоць нечым дапамагчы», — ня стрымлівае эмоцыяў былая палітзьняволеная Кацярына.
Відэа дачкі
Блогерка Вольга Такарчук сама адседзела паўтара году ў гомельскай калёніі № 4. У той час яе бацькі валянтэрылі, кансультавалі іншых сваякоў — як «афармляць» перадачы, самі дапамалі людзям.
Раніцай 23 студзеня 2024 году супрацоўнікі КДБ спачатку прыйшлі да Вольгі, якая нядаўна вызвалілася з калёніі і таксама далучылася да дапамогі. Напалохалі малых дзяцей, жанчыну забралі на допыт. Потым паведамілі, што едуць да яе маці. У выніку маці Вольгі, пэнсіянэрцы Ірыне Такарчук прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі. Яе дачка таксама ў шоку — за што маці пасадзілі?
«Гэтыя людзі, мабыць, самі нікому не дапамагалі — у сілу характару або прафэсіі, і ім ніхто не дапамагаў (акрамя дзяржавы). Яны дагэтуль вераць, што столькі людзей выходзілі на маршы за грошы! Гэта ж колькі трэба грошай, каб заплаціць мільёнам беларусаў? Яны ж ня вераць у бескарысьлівасьць маёй маці, іншых беларусаў. Я вельмі ганаруся сваёй мамай, што яна прыстойна трымаецца, яна ня здрадзіць сабе. Людзі, якія выходзяць з чацьвёртай калёніі, вельмі цёпла пра яе адгукаюцца», — кажа Вольга.
Ірына (зьлева) і Вольга Такарчук, архіўнае фота
Лісты ад 65-гадовай Ірыны Такарчук родным даходзяць. Таксама ня так даўно ёй дазволілі доўгае спатканьне зь імі.
«Мама была на пазытыве. Спатканьне адбылося акурат перад хваляй вызваленьня — матуля спадзявалася, што і яна трапіць на волю. Яна тады казала родным, што нічога ёй не патрэбна. Але яе ня вызвалілі. Цяпер мама даслала ліст, каб ёй сабралі перадачу. Да яе нармальна ставіцца адміністрацыя калёніі, нават дазволілі прыбіраць кабінэт начальніка атраду. А калі я ў сваім відэа „пясочыла“ Ціханоўскага, дык ёй цэлы дзень мяне „круцілі“! Калі яна падзякавала, што ёй нарэшце паказалі дачку, дык яшчэ некалькі разоў круцілі тое відэа ў турэмным тэлевізіі „Вектар“ і звалі яе глядзець. І яшчэ сказалі: „Ваша дачка ў шмат у чым мае рацыю“. Можа таму, што яны таксама ня любяць Ціханоўскага?» — разважае Вольга Такарчук.
«Несвабода і адчуваньне адзіноты»
Пад «хапун» 23 студзеня 2024 году трапіла і менская пэнсіянэрка Натальля Ладуцька. Яна не была палітычнай ці грамадзкай актывісткай. З адукацыі эканаміст, усё жыцьцё працавала галоўнай бухгальтаркай. Заўзятая турыстка, шмат чытала, даглядала двух сабак з прытулку. Яе асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі і штраф 25 200 рублёў (каля 35 сярэдніх месячных пэнсіяў). Сваякі Натальлі кажуць, што трымаецца яна годна.
Натальля Ладуцька, архіўнае фота
«Піша родным, лісты даходзяць, звоніць рэгулярна. Бачылі яе празь відэасувязь ня так даўно — выглядала нармальна, асабліва не схуднела, хіба што троху. Спадзяемся, што яе вызваляць да сканчэньня тэрміну празь перамовы з амэрыканцамі. Натальлю вельмі падтрымліваюць лісты, увага, тое, што пра яе не забыліся. Мы просім, каб больш людей напісалі ёй лісты. Бо несвабода і адчуваньне адзіноты ціснуць на псыхіку. Пагатоў, з іроніі лёсу, Натальля сядзіць якраз за тое, што спрабавала дапамагчы вязьням пазбавіцца гэтага пачуцьця адзіноты», — кажуць яе сваякі.