«Дзякуй, што на чалавека стаў падобны». Як беларускі барбэр бясплатна пастрыг 30 вызваленых палітвязьняў

Барбэр Алесь, фота з прыватнага архіву

Расказваем гісторыю барбэра зь Беларусі Алеся, які ў Польшчы бясплатна пастрыг тры дзясяткі палітвязьняў, бо гэта тое, чым ён мог ім дапамагчы.

«Барбэршоп цалкам у тваім распараджэньні»

Барбэр Алесь* (не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) зь Беларусі бясплатна пастрыг тры дзясяткі вызваленых 13 сьнежня палітвязьняў. Думка прапанаваць свае паслугі яму прыйшла, калі ён і яго паплечнікі сабраліся, як штотыдзень, пісаць лісты палітвязьням у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. Сталі абмяркоўваць, чым можна яшчэ дапамагчы вызваленым людзям.

«Хочацца дапамагчы. А чым яшчэ дапамагчы? Тым, што раблю. Тым, што магу зрабіць. Магу пастрыгчы — то пастрыгу», — тлумачыць ён сваю матывацыю.

Стрыгчы іх беларус спачатку плянаваў у хабе.

«Калі спытаў уласьніка барбэршопа, ці магу ўзяць аднаразовыя ручнікі, ён сказаў, што ўвогуле гэта можна зрабіць у барбэршопе: „На выходныя барбэршоп цалкам у тваім распараджэньні, можаш стрыгчы“. А потым яшчэ прывёз ім розных прысмакаў», — успамінае барбэр.

Уласьнік барбэршопу Веслаў Пеняк расказаў Свабодзе, чаму ён прапанаваў аддаць пад гэтую справу свой салён.

«Гэта быў нармальны чалавечы рэфлекс дапамогі іншым. Я ведаю, што ў вас (у Беларусі. — РС) адбываецца. Я бачыў, што Алесь думае, дзе будзе стрыгчы — у нейкай установе. Кажу: дык тут вольнае памяшканьне, няма ніякай праблемы. Калі даведаўся, што яны будуць сёньня ў такі і такі час, то пайшоў у цукерню, купіў прысмакі, завёз, пачаставаў, каб людзі маглі выпіць гарбаты і нешта салодкае зьесьці. Так павінна быць — і ўсё», — кажа суразмоўца.

Ён дадае, што 33 гады працуе ў сфэры бясьпекі ў Польшчы і хоча, каб дыктатура ў Беларусі ўрэшце скончылася. Ён таксама займаецца барацьбой як спартовец. Цырульнай справай у сям’і займаецца ягоная жонка, якая працуе майстрам для мужчын.

За вялікія выходныя на Каляды Алесь, зь ягоных словаў, пастрыг 17 чалавек, а потым запрашаў людзей, якія выйшлі з турмаў, калі меў вольны час у графіку. Ён працягвае гэтую ініцыятыву дагэтуль.

Працоўнае месца Алеся ў барбэршопе ў Пясэчна пад Варшавай, фота з прыватнага архіву

Алесю 41 год. Расказвае, што жыў у Менску, апошнія два гады ён у Польшчы, бо заставацца на радзіме яму было небясьпечна. Ён з адукацыі юрыст. У Беларусі працаваў у фірме мытным дэклярантам, дэкляраваў тавары на імпарт і экспарт. У Польшчы працаваць юрыстам ён адразу б ня здолеў: не валодаў дастаткова добра польскай мовай, дый польскае права адрозьніваецца ад беларускага.

«З такім веданьнем мовы — нават не разглядаў», — кажа ён пра варыянт уладкавацца юрыстам у Польшчы.

Беларус стаў на ўлік як беспрацоўны. Яму прапанавалі прайсьці курсы і атрымаць новую спэцыяльнасьць на выбар. Ён абраў прафэсію барбэра. Курсы доўжыліся пяць тыдняў. Іх кошт, каля 3 тысяч эўра, яму аплаціў польскі цэнтар занятасьці.

Алесь пачаў працаваць барбэрам летась у траўні ў Barber Shop PRL пад Варшавай. PRL — гэта Польская Народная Рэспубліка, камуністычная польская дзяржава 1940-х — 1980-х гадоў пад кантролем Савецкага Саюзу. Рэклямны слоган барбэршопу — «З 1966 году стрыжом і голім стылёва».

Уласьнік установы Веслаў Пеняк расказвае, што гэта найстарэйшы салён у Пясэчне, прадмесьці Варшавы. Тут усяго некалькі салёнаў. Назва Barber Shop PRL зьявілася, каб нагадаць пра эпоху камунізму, калі паўстала гэтая цырульня. Сям’я Веслава купіла ўстанову ўжо ў новыя часы, але вырашылі там пакінуць усё, як было даўней, засталіся нават старыя нажнічкі.

«Усё старое засталося. Я нічога там не аднаўляў. Будзем культываваць гэты стыль, бо адкрываюцца іншыя, сучасныя барбэршопы, а гэта перадача гісторыі — як салён паслугаў выглядаў 60 гадоў таму. Я дадаткова купляю экспанаты, якія паходзяць з 1960-х — 80-х гадоў. Маладыя ня ведаюць гэтага пэрыяду — ПНР, калі не было ежы, калі трэба было па картках купляць цукар і іншыя тавары. Я гэта дасканала памятаю, бо паходжу з таго часу», — расказвае Веслаў Пеняк.

«Было што стрыгчы»

Алесь кажа, што кантактаваў з вызваленымі з турмы палітвязьнямі, як і з сваімі звычайнымі кліентамі, хоць ставіўся да іх больш беражліва, не прапаноўваў ім рабіць фота фрызуры, як часам просіць у іншых.

«Няма такога, што я ці яны баімся кантактаваць. Заходзіць чалавек: „Здароў“. — „Здароў. Што будзем рабіць?“ — „Хачу так“. — „Ну давай“. Занадта ня лезу ў душу. Я ўвогуле ня лезу да людзей зь лішнімі пытаньнямі», — пераказвае Алесь зьмест размоваў з вызваленымі людзьмі.

Барбэр расказвае, што кліенты дзяліліся згадкай: за кратамі ёсьць «палажняк» — абавязак зь нейкай рэгулярнасьцю хадзіць да цырульніка. У некаторых месцах была машынка, якую выдавалі палітвязьням, каб яны маглі самі сабе зрабіць фрызуру, хтосьці самастойна галіўся брытвай.

«Ідзеш і там пад адну насадку або ўвогуле без насадкі стрыгуць», — кажа суразмоўца пра паход да турэмнага цырульніка.

Як раней расказаў Свабодзе вызвалены палітвязень Уладзімер Гарох з Наваградку, асобны цырульнік у зьняволеньні стрыжэ вязьняў у «нізкім статусе».

Барбэр Алесь на працы, фота з прыватнага архіву

Алесь стрыг толькі мужчын і толькі з групы, якую выпусьцілі на волю 13 сьнежня. Прызнаецца, што раней думка прапанаваць свае паслугі вывезеным за мяжу палітвязьням яму ў галаву не прыходзіла.

«Можна было бакі зрабіць і спалучыць зь верхам. Было што стрыгчы. Самы першы быў малады хлопец, у яго было што рабіць. Але варыянтаў было ня так шмат, бо валасы ня надта доўгія ў іх. У асноўным было так: бакі каротка, а верх трошкі раўнялі ці пакідалі, каб далей адрастала. Калі ўжо быў зарост на твары, то я надаваў яму форму», — апісвае працэдуры барбэр.

Майстар кажа, што вядомыя публічна палітвязьні да яго пакуль не завітвалі. Але выявілася, што адзін зь ягоных кліентаў у Беларусі жыў у тым жа раёне, што і ён сам. Гэты мужчына адседзеў больш за пяць гадоў.

«Калі мы даведаліся, што мы з адной мясьціны, то ён сказаў, што за пяць гадоў у турме нікога не сустрэў, а прыехаў у Варшаву і сустрэў земляка», — дзеліцца ўражаньнем Алесь.

«На чалавека стаў падобны»

Адмысловец адзначае, што па стане валасоў і скуры галавы палітвязьняў відаць, што людзі былі ў кепскіх умовах.

«Шмат хто казаў, што за час зьняволеньня ў іх пачалі сыпацца валасы, а да турмы была больш пышная фрызура. Па скуры было відаць, што гэта ўплывае, бо не было магчымасьці мыць галаву, калі трэба», — гаворыць суразмоўца.

Ён дадае, што на скуры ў некаторых вызваленых было відаць высыпаньні, ранкі. У некалькіх чалавек скура стала жоўтага колеру. Алесь прыгадвае, што ў яго самога ў складаны пэрыяд скура на твары і на галаве таксама жаўцела.

Працоўнае месца барбэра Алеся, фота з прыватнага архіву.

З словаў барбэра, вынікі ягонай працы людзям падабаліся. Яны былі ўдзячныя за ўсякую дапамогу, якую атрымалі за мяжой, казалі, што не чакалі такога.

«Здаецца, усе былі задаволеныя. Дзякавалі, усьміхаліся, казалі: „Дзякуй, што на чалавека стаў падобны“», — пераказвае ён настрой людзей пасьля стрыжкі.

«Сядзіць гадзінамі і шліфуе кожны мілімэтар»

Алесь заўважае, што ён пакуль пачатковец у працы барбэра, хаця пачуваецца штораз больш упэўнена. Мае стаж каля дзевяці месяцаў. Утрымліваць сябе за заробак барбэра мужчына пакуль ня можа. Кажа, што салён пакуль трымае досыць нізкія цэны, бо яшчэ няшмат кліентаў. Беларус падпрацоўвае тым, што здымаецца ў масоўцы ў рэкляме, фільмах, перадачах.

Алесь прызнаецца, што працаваць у новай прафэсіі яму ня так проста. Першы час балела сьпіна, цягліцы між рэбрамі, часам рукам было цяжка. Таксама ён заўважае, што калі ідзе паток кліентаў, гэта стамляе, складана зрабіць усё так дакладна, як яму хацелася б. Кажа, яго задаволілі б два-тры кліенты на дзень.

«Ён стрыжэ з дакладнасьцю, быццам рабіў гэта ўсё жыцьцё. Ён з тых, хто сядзіць гадзінамі і шліфуе кожны мілімэтар, каб пераход выйшаў ідэальны», — так апісваюць свайго майстра ў сацыяльных сетках салёну.

Барбэршоп, у якім працуе Алесь. Фота з прыватнага архіву

Большасьць кліентаў Алеся — палякі, прыходзяць таксама беларусы і ўкраінцы. Суразмоўца заўважае, што стаўленьне палякаў да яго нармальнае, ён не адчувае дыскрымінацыі праз сваё паходжаньне.

«Я вельмі ўдзячны палякам», — кажа Алесь.

Уласьнік барбэршопу Веслаў Пеняк адзначае, што дапамога палітвязьням зь Беларусі — перадусім заслуга Алеся (ён яго называе Алекс).

«Алесь — гэта сапраўдны чалавек, які мае сэрца. Я зьдзіўляюся яму, бо ён жыве далёка, прыяжджае на працу грамадзкім транспартам. Тут працуе, таксама прысьвячае сябе дзеля карысьці землякоў у хабе. Я вельмі ім ганаруся. Ён вельмі сардэчны і мілы чалавек, які мае свае прынцыпы. Перадусім ён вельмі сумленны. За дзесяць гадоў працы яшчэ ніколі нам не трапляўся такі сумленны чалавек», — апісвае суразмоўца.

Ён тлумачыць, што ў сфэры паслугаў працаўнікі нярэдка падманваюць уласьніка, абкрадаюць яго, ня ўпісваючы кліентаў, якіх прымаюць у салёне, а грошы забіраючы сабе. Беларусы, якія ў яго працуюць, адзначае Пеняк, вылучаюцца тым, што такога ня робяць.

«Я вельмі ім ганаруся і дзякую яму», — падсумоўвае Веслаў Пеняк сваю думку пра Алеся.