У Грузіі на волю выйшаў яшчэ адзін з чатырох зьняволеных летась лідэраў апазыцыі

Гіёргія Вашадзэ сустрэлі рожныя і сябры

Грузінскі апазыцыйны палітык, лідэр партыі «Стратэгія Агмашэнэбэлі» Гіёргі Вашадзэ вызвалены пасьля адбыцьця пакараньня ў сем месяцаў зьняволеньня.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», каля калёніі яго сустрэлі сваякі і сябры.

Гіёргія Вашадзэ асудзілі 24 чэрвеня 2025 году за невыкананьне патрабаваньня сьледчай камісіі грузінскага парлямэнту прыйсьці на яе пасяджэньне, на якім разглядалі парушэньні закону папярэднім урадам.

Апазыцыянэр не прыйшоў таксама і на абвяшчэньне выраку — сілавікі затрымалі яго пасьля судовага пасяджэньня ў офісе партыі. Суд забараніў яму таксама займаць дзяржаўныя пасады цягам двух гадоў.

Афіцыйнай мэтай парлямэнцкай камісіі было расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых у пэрыяд праўленьня папярэдняга ўраду. Пазьне яе мандат пашырылі на падзеі, якія адбыліся пасьля 2012 году, у тым ліку для разгляду пытаньня аб адказнасьці былога прэм’ера, які перайшоў у апазыцыю Гіёргія Гахарыя — за сталяваньне паліцэйскага паста ў сяле Чарчана ў 2019 годзе і разгон мітынгу 20 чэрвеня 2019 году.

Большасьць прадстаўнікоў апазыцыі адмовіліся ад супрацы з камісіяй. Па гэтым абвінавачаньні летам 2025 году асудзілі яшчэ трох апазыцыянэраў — заснавальнікаў партыі «Лэло — Моцная Грузія» Мамука Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ (на 8 месяцаў зьняволеньня) і заснавальніка партыі «Гірчы» Зураба Джапарыдзэ (на 7 месяцаў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі трох лідэраў апазыцыйных партыяў асудзілі на пазбаўленьне волі

Зураба Джапарыдзэ вызвалілі 19 сьнежня 2025 году. Супраць яго, як і цяпер супраць вызваленага Вашадзэ, завялі новую крымінальную справу паводле артыкулаў 318 і 319 Крымінальнага кодэксу Грузіі — адпаведна сабатаж (пакараньне ад 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі) і дапамога замежнай дзяржаве ў варожай дзейнасьці (ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі).

Затрыманьне і вынясеньне выракаў апазыцыянэрам адбылося на тле акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў, якія пачаліся ў 2024 годзе і працягваюцца дагэтуль, хоць ужо і не такія масавыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Грузіі памілавалі 159 асуджаных. Журналісткі Мзіі Амаглабэлі сярод іх няма