Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Грузіі памілавалі 159 асуджаных. Журналісткі Мзіі Амаглабэлі сярод іх няма


Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Кавэлашвілі, выбары якога апазыцыя байкатавала. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Кавэлашвілі, выбары якога апазыцыя байкатавала. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Кавэлашвілі, выбары якога апазыцыя байкатавала, з нагоды рэлігійнага сьвята Хрышчэньня памілаваў 159 зьняволеных, аднак іхныя імёны пакуль невядомыя.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», рашэньне апублікавалі 19 студзеня а 22:30 грузінскага часу.

У паведамленьні адміністрацыі прэзыдэнта сказана, што Міхэіл Кавэлашвілі ўхваліў гэтае рашэньне зь меркаваньняў «гуманізму і дзяржаўных інтарэсаў».

Раніцай 19 студзеня сваякі асуджаных удзельнікаў праэўрапейскіх пратэстаў чакалі іх каля турмаў у Руставі і Глдані. Але большасьць зь іх выказвалі думку, што надзея на вызваленьне іхных сваякоў амаль нулявая.

Брат журналісткі, заснавальніцы і дырэктаркі выдавецтва «Батумэлебі» Мзіі Амаглабэлі ноч правёў каля турмы ў Руставі. Напярэдадні ён прыехаў з Батумі зь невялікай надзеяй на тое, што Міхэіл Кавэлашвілі памілуе і ягоную сястру.

Перад гэтым лідэры партыі «Грузінская мара» заяўлялі, што Кавэлашвілі мае памілаваць тых, хто прызнаў віну і раскаяўся.

Грузінскія СМІ паведамляюць, што сярод вызваленых таксама няма асуджаных удзельнікаў праэўрапейскіх пратэстаў.

Акцыі пратэсту пачаліся ў лістападзе 2024 году пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кобахідзэ заявіў пра часовае прыпыненьне перамоваў з ЭЗ.

Акцыі праходзілі ў Тбілісі, Батумі, іншых гарадах краіны. У грузінскай сталіцы пратэсты адбываліся на праспэкце Руставэлі, каля парлямэнту, і некалькі разоў перарасталі ў жорсткія сутыкненьні з паліцыяй. Тады паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыяў.

Міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі ахарактарызавалі затрыманьне і крымінальны перасьлед Амаглабэлі як частку «маштабнага наступу на свабоду мэдыя» ў Грузіі. Яны запатрабавалі неадкладна вызваліць журналістку і зьняць зь яе ўсе абвінавачаньні. У чэрвені 2025 году Эўрапарлямэнт большасьцю галасоў прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў да «безумоўнага вызваленьня» Амаглабэлі і асудзіў «сыстэматычныя напады рэжыму „Грузінскай мары“ на незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасьць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG