Фэдэрацыя хакею Беларусі выказала пратэст супраць працягу адхіленьня зборнай краіны ад чэмпіянату сьвету

Зборная Беларусі ў хакеі, архіўны здымак

Таксама забарона працягнутая і адносна зборнай Расеі.

Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) працягнула адхіленьне Беларусі і Расеі ад міжнародных турніраў і на сэзон-2026/27.

«Па выніках апошняга паседжаньня і на грунце дэталёвай ацэнкі рызык Рада IIHF лічыць, што вяртаньне расейскіх і беларускіх нацыянальных і клюбных камандаў да ўдзелу ў чэмпіянатах сэзону 2026–2027 гадоў пакуль небясьпечнае, бо цяперашні стан зь бясьпекай не дазваляе забясьпечыць патрэбных умоваў для правядзеньня турніраў, якія гарантуюць бясьпекі ўсіх удзельнікаў», — гаворыцца ў заяве фэдэрацыі.

У той жа час Рада IIHF прыняла да ўвагі рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і разгледзіць пытаньне аб вяртаньні юных гульцоў (да 18 гадоў) з расейскіх і беларускіх нацыянальных і клюбных камандаў да ўдзелу ў сэзоне 2027–2028 гадоў. Гэта будзе залежаць «ад далейшай ацэнкі сытуацыі зь бясьпекай».

«Калі гэтыя рызыкі дастаткова зьнізяцца ў бліжэйшыя месяцы, ІІХФ будзе супрацоўнічаць з адпаведнымі нацыянальнымі асацыяцыямі для падтрымкі магчымага вяртаньня на моладзевы ўзровень», — адзначаецца ў паведамленьні.

У сувязі з паўнамаштабнай вайной, якую Расея пачала супраць Украіны ў тым ліку з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі, з 2022 году хакеісты Беларусі і Расеі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. Яны не бяруць удзелу ў кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў, таксама ім забаронена выступаць у чэмпіянатах сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Алімпійскіх гульнях возьмуць удзел як мінімум сем чалавек зь Беларусі. Усе ў нэўтральным статусе, усе жанчыны

Пратэст зь Менску

Фэдэрацыя хакею Беларусі выказала пратэст супраць апошняга рашэньня міжнароднай фэдэрацыі, апублікаваўшы адкрыты ліст на адрас Рады IIHF.

«Дадзенае рашэньне прынятае безь якіх-кольвек кансультацый з ФХБ, нягледзячы на шматлікія просьбы. ФХБ не далі магчымасьці выкласьці сваю пазыцыю і аргумэнты. Рада IIHF у чарговы раз ня дала ніякіх дакумэнтаў на пацьверджаньне, аналізу, выкарыстоўваючы толькі вельмі расплывісты панятак „меркаваньні бясьпекі“», — гаворыцца ў заяве ФХБ.

На думку фэдэрацыі, рашэньні Рады ІІХФ зь лютага 2022 году «носяць дыскрымінацыйны характар у дачыненьні беларускіх хакейных камандаў і ўдзельнікаў супольнасьці і прымаюцца на нацыянальнай і палітычнай глебе».

«Гэта выглядае асабліва цынічна, улічваючы шматлікія заявы і публікацыі IIHF аб прыхільнасьці прынцыпам сумленнасьці», — лічыць ФХБ.

Фэдэрацыя хакею Беларусі заявіла пра намер абскардзіць рашэньне IIHF, у тым ліку ў Спартовым арбітражным судзе. Пры гэтым, аднак, ФХБ зноў ніякім чынам не згадала вайну, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў якой і стаў прычынай ужо доўгатэрміновага адхіленьня беларускіх дружынаў ад спаборніцтваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абразьлівыя камэнтары пра ўкраінскую суперніцу Сабаленкі пакідаў сын беларускіх пракурораў, які піша для расейскіх сайтаў