Крэмль пацьвердзіў удзел расейскага боку ў трохбаковай сустрэчы з дэлегацыямі ЗША і Ўкраіны

Уладзімір Пуцін і Юры Ўшакоў. Архіўнае фота

Трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расеі наконт мірнага ўрэгуляваньня заплянаваная на 23 студзеня ў Абу-Дабі (ААЭ).

22 студзеня позна ўвечары ў Маскве прайшлі перамовы Ўладзіміра Пуціна з прадстаўнікамі прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам.

Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў назвай гэтыя перамовы «канструктыўнымі і шчырымі», і што падчас гэтых перамоваў было заяўлена, што «без вырашэньня тэрытарыяльнага пытаньня адносна формулы, узгодненай у Анкорыджы, ня варта разьлічваць на дасягненьне доўгатэрміновага ўрэгуляваньня».

Ушакоў пацьвердзіў удзел расейскай групы ў трохбаковай сустрэчы ў Абу-Дабі (ААЭ). Сустрэча заплянавана на 23 студзеня. Расейскую дэлегацыю ўзначаліць адмірал Ігар Касьцюкоў, а таксама ў яе складзе будзе Кірыл Дзьмітрыеў, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі па інвэстыцыях і эканамічным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі, які правядзе перамовы з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткафам.

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі раней абвясьціў, што 23 і 24 студзеня ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах адбудуцца першыя трохбаковыя перамовы па вайне Расеі ва Ўкраіне з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расеі.

Уладзімір Зяленскі назваў склад украінскай дэлегацыі на гэтых перамовах. У яе ўвойдуць пяць чалавек, у тым ліку сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Рустэм Умэраў, кіраўнік Офіса прэзыдэнта Кірыла Буданаў і начальнік Генэральнага штаба Ўзброеных сіл Украіны Андрэй Гнатаў.

Выданьне Axios са спасылкай на свае крыніцы напісала, што ў склад амэрыканскай дэлегацыі ўвойдуць спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф, зяць кіраўніка Трампа Джарэд Кушнэр і сакратар арміі ЗША Дэн Дрыскал.

Спэцыяльны прадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф, які сустракаўся з украінскай дэлегацыяй у Давосе 21 студзеня, а раней з пасланьнікам Крамля Кірылам Дзьмітрыевым, заявіў, што нявырашаным засталося па сутнасьці толькі адно пытаньне — верагодна, адносна тэрыторый. Пра гэта заявіў і прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

Газэта Financial Times са спасылкай на крыніцы напісала, што на трохбаковай сустрэчы ў ААЭ Ўкраіна і ЗША запрапануюць Расеі спыніць удары па энэргетыцы ў абмен на спыненьне нападаў на нафтаперапрацоўчыя заводы і танкеры «ценявога флёту». Афіцыйна пра гэта не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп і Зяленскі сустрэліся ў Давосе, украінскі прэзыдэнт анансаваў трохбаковыя перамовы ў ААЭ