Трамп і Зяленскі сустрэліся ў Давосе, украінскі прэзыдэнт анансаваў трохбаковыя перамовы ў ААЭ

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паціскаюць адзін аднаму рукі падчас сустрэчы на палях 56-га штогадовага Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе, 22 студзеня 2026 году

22 студзеня ў Давосе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім была «вельмі добрай».

Таксама Дональд Трамп адзначыў, што ягонае пасланьне прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ў тым, што вайна ва Ўкраіне павінна скончыцца.

Трамп сьцісла паразмаўляў з журналістамі пасьля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім, якая, паводле Белага дому і Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, доўжылася каля гадзіны.

Пакуль не паведамляецца іншых падрабязнасьцяў, але чакаецца, што ўкраінскі прэзыдэнт неўзабаве выступіць з прамовай на штогадовай сустрэчы Ўсясьветнага эканамічнага форуму.

Раней сустрэча ў Давосе ніяк не анансавалася, пра тое, што яна адбудзецца, грамадзкасьць пачула ад самога Трампа ў ягонай прамове ў Давосе 21 студзеня.

Пазьней Зяленскі, як перадае агенцтва УНІАН, анансаваў на 23 студзеня сустрэчу трох бакоў, Украіны, ЗША і Расеі ў ААЭ. Перамовы плянуецца весьці два дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп выступіў з прамовай у Давосе, шмат гаварыў пра важнасьць Грэнляндыі і эканамічныя дасягненьні ЗША

17 студзеня ўкраінская дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі ЗША ў Маямі, дзе, як паведамляецца, яны абмеркавалі эканамічную дапамогу ў памеры да 800 мільярдаў даляраў. Гэты плян, які павінен быў стаць эканамічным складнікам больш шырокага пакету мірных пагадненьняў, абмеркаваных ЗША, Украінай і Эўразьвязам, прадугледжвае доўгатэрміновую падтрымку Кіева ў аднаўленьні і рэканструкцыі пасьля магчымага спыненьня агню.

Плянавалася, што яго падпісаньне будзе абвешчана на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Аднак, паводле крыніц у Financial Times, несупадзеньне пазыцый Эўропы і Трампа адносна набыцьця Грэнляндыі і стварэньня Рады міру прывяло да адтэрміноўкі падпісаньня пакету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі не ўяўляе, як Украіна можа супрацоўнічаць з Расеяй і Беларусьсю ў рамках Рады міру