Адукацыя лепшая, заробак меншы, а галоўнае — «не падвесьці Лукашэнку». Што ня так з «годам жанчыны» ў Беларусі

Жаночая акцыя пратэсту ў Менску, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка абвясьціў 2026 год «Годам жанчыны», сказаўшы, што «нічога больш дасканалага прыродай не створана». Свабода паглядзела, як ідуць справы ў беларускіх жанчын і што пра гэта кажуць статыстыка і экспэрты.

Улады Беларусі кожны год робяць «тэматычным». Напрыклад, мінулы, 2025-ы, быў «годам добраўпарадкаваньня», 2022-і — калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, а Лукашэнка гэта падтрымаў — быў «годам гістарычнай памяці». 2021 год, калі зь Беларусі праз палітычныя рэпрэсіі і перасьлед зьязджалі дзясяткі тысяч чалавек, абвяшчалі «годам народнага адзінства».

2026 год Лукашэнка абвясьціў «Годам жанчыны». Глядзім, як гэта ўспрымаюць жанчыны, што аб правах жанчын кажуць прапаганда і незалежныя экспэрты.

«Трэба яшчэ больш працаваць»

Беларускія дзяржаўныя выданьні ад цэнтральных да раённых адразу пачалі цытаваць жанчын, удзячных Лукашэнку за абвяшчэньне такога «тэматычнага году». Аднак яны расказвалі не аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца жанчыны, не аб фактах дыскрымінацыі ці рознага падыходу да мужчын і жанчын у грамадзтве, а пра «высокую адказнасьць».

Напрыклад, дэпутатка Менскага гарадзкога савету дэпутатаў Вікторыя Грынкевіч найбольш непакоіцца, каб «не падвесьці» Лукашэнку.

«Мы не павінны падвесьці свайго прэзыдэнта ў першую чаргу. Мы з свайго боку як жанчыны павінны яшчэ больш сачыць за сабой, радаваць сваімі дасягненьнямі, паказваць, што жанчына таксама можа дабіцца посьпеху і ў кар’еры, і дома яна разумніца, і прыгажуня, і ўва ўсім малайчына — у яе ўсё добра атрымліваецца. І Аляксандар Рыгоравіч усклаў на нас велізарную місію, і я думаю, што ніводная жанчына не падвядзе», — сказала дэпутатка ў праграме на СТБ.

За «год жанчыны» Лукашэнку дзякуе жыхарка Клімавічаў, старшыня раённай арганізацыі Саюзу жанчын і дырэктарка Ціманаўскай сярэдняй школы Ірына Ільюшчанка. Яна таксама разважае пра абавязкі: праца, дзеці, сям’я.

«Менавіта жанчына-маці захоўвае сямейнае цяпельца, выхоўвае дзяцей, пасьпяхова працуе ўва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Яна абаронца роду, культурных традыцыяў», — цытуе Ірыну клімавіцкая раённая газэта «Родная ніва».

У падобным духу жанчыны расказваюць пра гэты год і ў іншых дзяржаўных выданьнях, там больш пра абавязкі, чым аб правах і інтарэсах.

"Жанчыны ў белым", адна з апошніх жаночых акцый пратэсту ў Беларусі, травень 2021 году. Архіўнае фота

Такім жа бачыць гэты год і ўлада, а яе мэта — «узваліць на жанчыну яшчэ больш абавязкаў і працы». Такую думку ў размове з Свабодай выказала Ірына Сідорская, гендэрная экспэртка і доктарка навук.

«Раней абвяшчалі „тэматычныя гады“ ў сувязі з праблемамі, якія трэба вырашаць. Дзяржава звыклася хваліцца дасягненьнямі жанчын і іх становішчам у грамадзтве. У Лукашэнкі траўма 2020 году, зьвязаная з жанчынамі. Ён прывык лічыць, што жанчыны яго любяць, а ў 2020 годзе ўбачыў, што яны супраць і могуць выступаць як палітычны суб’ект. Ён хоча вярнуць жанчын на звыклае для яго месца, перапісаць іх вобраз. Жанчын, якія працуюць, жанчын-маці, якія добра ставяцца да ўлады. Другая мэта — вырашыць сыстэмныя праблемы за кошт жанчын, таму ўлады ствараюць вобраз жанчыны-працаўніцы. Паводле лёгікі ўладаў, хай жанчыны больш працуюць і больш нараджаюць, тады ня будзе часу на пратэсты і на ўсьведамленьне таго, што адбываецца», — гаворыць экспэртка.

Ужо ў абвешчаны «Год жанчыны» міністар аховы здароўя Аляксандар Хаджаеў прапанаваў забараніць прыватным мэдычным цэнтрам рабіць аборты.

А намесьніца прэм’ер-міністра Натальля Пяткевіч прадказала ўсплёск нараджальнасьці да 2030 году.

Што пра становішча жанчын кажуць лічбы

Праца і кар’ера

У Беларусі традыцыйна ёсьць спэцыяльнасьці з гендэрнай перавагай. Напрыклад, у галіне аховы здароўя і адукацыі 84% жанчын, у фінансавай і страхавой дзейнасьці — 73%, у сфэры паслугаў часовага жыхарства і харчаваньні — 68%, у гуртавым і раздробным гандлі — 67%.

Толькі ў адной зь пералічаных сфэраў заробак статыстычны вышэйшы за сярэдні (гэта фінансавая і страхавая дзейнасьць), у астатніх — ніжэйшы.

А вось у сфэрах з высокімі заробкамі статыстыка іншая. У ІТ 37% жанчын, у горназдабыўной прамысловасьці — 12,1%, у будаўніцтве — 13%.

Большасьць супрацоўнікаў сфэры мэдыцыны ў Беларусі - жанчыны. Ілюстрацыйнае фота

Ёсьць цэлы сьпіс з 30 найменьняў прафэсіяў, дзе паводле беларускіх законаў жанчына працаваць проста ня можа. Нельга, напрыклад, быць вадалазкай, апэратарам крана, кіраваць экскаватарам.

Агулам нават паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі жанчыны зарабляюць на 26% менш за мужчын, і гэтая розьніца нарастае. У 2021 годзе яна складала 24,3%. Для параўнаньня — у Эўразьвязе ў сярэднім розьніца ў заробках паміж мужчынамі і жанчынамі складае 12%.

Пры гэтым беларускія жанчыны апераджаюць мужчын узроўнем адукацыі. Вышэйшую адукацыю маюць 41,5% жанчын і 29,9% мужчын. Нашмат цяжэй дзяўчатам у Беларусі трапіць у сілавыя ВНУ. Напрыклад, у Акадэмію МУС летась дзяўчат набіралі толькі на адну спэцыяльнасьць адпаведна загадзя ўзгодненаму пляну, прахадныя балы гэтая ВНУ летась не публікавала. А вось Магілёўскі інстытут МУС прахадныя балы агучваў. Напрыклад, хлопцы, каб вучыцца на спэцыяльнасьці «праўнае забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі», мусілі набраць 205 балаў, а дзяўчаты — 338.

Паводле Ірыны Сідорскай, каб разьвязаць праблему такіх падзелаў, патрэбная палітычная воля.

«Сярод кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў няма жанчын, а гэта якраз месцы, дзе ёсьць рэсурсы, самастойнасьць і нейкая ўлада. Чыноўнікі любяць хваліцца, што сярод кіраўнікоў палова — жанчыны. Але яны недагаворваюць, бо маюць на ўвазе ўсякіх кіраўнікоў — аддзелу, катэдры ў ВНУ. Сапраўды, там могуць быць жанчыны. А вось на сярэдніх і высокіх узроўнях жанчын значна меней. У адукацыі ёсьць жанчыны-дэканы, прарэктары, а сярод рэктараў іх зусім мала», — гаворыць экспэртка.

Улада

Беларускія чыноўнікі часта спасылаюцца на працэнт жанчын у беларускай Палаце прадстаўнікоў. У цяперашнім скліканьні іх 32,4%. Паказьнік вышэйшы за сусьветны (26,5%). Пры гэтым у выканаўчай уладзе, а гэта міністры, намесьнікі міністраў, кіраўніцтва дзяржаўных камітэтаў, Нацыянальны банк, Генэральная пракуратура — доля жанчын складае толькі 17%.

Сярод цяперашніх міністраў няма ніводнай жанчыны. У самым пачатку «году жанчыны» Лукашэнка адправіў у адстаўку адзіную міністарку — Натальлю Паўлючэнку, якая ўзначальвала міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Замест яе міністрам стаў Андрэй Лабовіч.

Натальлю Пяткевіч вярнулі ў беларускую палітыку восеньню 2024 году. Зараз яна займае пасаду намесьніцы прэм’ер-міністра, адна з нешматлікіх жанчын на версе выканаўчай улады

Паводле Ірыны Сідорскай, жанчыны ў беларускай уладзе рэдка займаюць пасады, на якіх могуць паўплываць на нешта.

«Сярод міністраў няма жанчын. Жанчын шмат у парлямэнце, але што ён вызначае ў Беларусі? Кішэнны орган, дзе няма ніякай улады. У судовай уладзе, калі суды несамастойныя, дык што там зможа зрабіць жанчына?» — задаецца пытаньнем суразмоўца.

І нават такія заўважныя асобы ва ўладзе, як старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава ці намесьніца прэм’ер-міністра Натальля Пяткевіч, насамрэч не прымаюць ключавых рашэньняў, даводзіць Ірына Сідорская.

Старшыня Савета рэспублікі Натальля Качанава

«Яны несамастойныя гульцы і палітыкі і нават несамастойныя чыноўніцы. Яны выконваюць тое, што патрэбна Лукашэнку. Яны прыбіраюць за Лукашэнкам тое, што ён нарабіў. Выклікаюць Качанаву, калі трэба з народам рома пагаварыць ці з маці, у якіх дзеці ў сацыяльна ўразьлівых групах. Гэта чыноўніцы высокага рангу, але робяць яны тое, што патрэбна для ўлады Лукашэнкі. Ён іх успрымае як памочніц, на якіх можна ўскласьці працу, якую ён ці то ня хоча, ці то ня можа рабіць», — заўважае экспэртка.

Дом і сям’я

Згодна з статыстыкай Белстату, сярэдні ўзрост, у якім беларускі рэгіструюць шлюб, — 26,7 года.

У дэкрэт у Беларусі ідуць толькі 2% мужчын.

Хатнія абавязкі ў Беларусі таксама найчасьцей ускладаюцца на жанчыну. У выходныя 91% жанчын гатуюць ежу, сярод мужчын такіх 42%. Пры гэтым жанчыны трацяць на прыгатаваньне ежы 87 хвілін, а мужчыны — амаль удвая менш, 49 хвілін. 69% жанчын прыбіраюць дом, сярод мужчын такіх 35%.

Яшчэ адна даўняя праблема — хатні гвалт над жанчынамі. Летась Белстат правёў адмысловае дасьледаваньне гэтай праблемы і падзяліўся вынікамі. Паводле Белстату, за год доля жанчын, якія сутыкнуліся з гвалтам, у катэгорыях выглядае так:

  • 0,9% — фізычны гвалт
  • 0,2% — сэксуалізаваны гвалт
  • 4,9% — псыхалягічны гвалт

Таксама Белстат дае колькасьць выпадкаў хатняга гвалту над жанчынамі за год:

  • 2024 год — 1522
  • 2023 год — 1739
  • 2022 год — 1921
  • 2021 год — 1892
  • 2020 год — 1603

Гэтыя лічбы не адпавядаюць заявам сілавікоў. Напрыклад, у 2023 годзе прадстаўнік МУС Сяргей Красуцкі казаў пра 80 тысяч зьвязаных з хатнім гвалтам зваротаў штогод. Да адміністрацыйнай адказнасьці з гэтай прычыны, зь ягоных словаў, тады прыцягнулі 49 тысяч чалавек. Караюць у такіх выпадках часьцей за ўсё грашовым штрафам або адміністрацыйным арыштам. Цярпіць ад гэтага агульны сямейны бюджэт.

Зьняволеныя жанчыны ў гомельскай калёніі, архіўнае фота

Пры гэтым прадстаўнік МУС падкрэсьлівае, што ня ўсе, хто сутыкнуўся з хатнім гвалтам, заяўляюць аб ім у міліцыю.

У Беларусі няма асобнага закону, які б змагаўся з хатнім гвалтам. У 2018 годзе такі законапраект падрыхтавалі ў МУС і вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне. Аднак пазьней законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, і яго ня сталі прымаць.