«За кожнай машынай ляжала цела, яны білі ўсіх запар». У Іране расьце колькасьць загінулых пратэстоўцаў

Пратэсты ва ўсім Іране былі жорстка задушаныя ўладамі

ЗША заявілі, што нядаўнія пратэсты ў Іране сталі вынікам «кепскага кіраваньня» рэжыму, а не замежнага ўплыву, як цьвердзіць Тэгеран. Тым часам працягвае расьці колькасьць ахвяр гвалтоўнага разгону пратэстаў, якія сталіся самай вялікай пагрозай для Ісламскай рэспублікі за апошнія гады.

21 студзеня на афіцыйнай пэрсамоўнай старонцы Дзярждэпартамэнту ЗША ў сетцы X зьявілася заява, што пратэсты — гэта «непазьбежнае паўстаньне іранскага народу пасьля гадоў рэпрэсій».

Іранскія чыноўнікі, у тым ліку прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян, неаднаразова называлі ўдзельнікаў акцый «тэрарыстамі» і «пагромшчыкамі». Вялікую колькасьць сьмерцяў (афіцыйная статыстыка дагэтуль не апублікаваная) яны прыпісваюць ізраільскім агентам.

«Спробы рэжыму Ісламскай рэспублікі абвінаваціць замежныя ўрады і крыміналізаваць пратэстоўцаў — гэта сьмешная выдумка, каб перапісаць рэчаіснасьць, — гаворыцца ў паведамленьні. — Адмаўленьне віны і пошук вонкавых ворагаў патрэбныя толькі для палітычнай прапаганды рэжыму і нікога не пераконваюць».

Аўтамабілі праяжджаюць міма спаленага падчас беспарадкаў будынка ў Тэгеране, 19 студзеня 2026

Пратэсты пачаліся 28 сьнежня на рынках Тэгерана. Гандляры выйшлі на вуліцы праз жахлівы стан эканомікі, імклівую інфляцыю і абвал нацыянальнай валюты. Хваляваньні хутка ахапілі ўсю краіну і перарасьлі ў дэманстрацыі супраць уладаў, якіх пратэстоўцы вінавацяць у падзеньні ўзроўню жыцьця і задушэньні свабодаў.

Паводле праваабарончай групы HRANA, якая базуецца ў ЗША, пацьверджаная колькасьць загінулых дасягнула 4519 чалавек, яшчэ 9049 паведамленьняў пра сьмерці правяраюцца. Прынамсі 5811 чалавек атрымалі сурʼёзныя раненьні, а агульная колькасьць затрыманых складае 26 314 чалавек.

Тым часам прадстаўнік Курдзкай праваабарончай сеткі паведаміў Радыё Фарда, што арганізацыя атрымала сьведчаньні пра сэксуальны гвалт над затрыманымі пратэстоўцамі.

Іранскія ўлады па-ранейшаму блякуюць інтэрнэт ва ўсёй краіне і пагражаюць жорстка спыняць пратэсты. Паведамляецца, што для апазнаньня і затрыманьня ўдзельнікаў пратэстаў выкарыстоўваюцца запісы з камэр відэаназіраньня і маніторынг сацыяльных сетак.

Жыхары Тэгерана апісваюць сытуацыю ў горадзе як фактычнае ваеннае становішча. Людзі стараюцца не выходзіць з дому, а крамы і рэстараны зачыняюцца яшчэ да вечара. Салдаты, агенты ў цывільным і сілавікі парамілітарнага фармаваньня «Басідж» патрулююць ня толькі цэнтар, але і ўскраіны сталіцы сталіцы. Тое ж самае і ў іншых рэгіёнах краіны, асабліва тых, дзе жыве курдзкая меншасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран усклаў на Трампа адказнасьць за загінулых на пратэстах. Канфэрэнцыя ў Мюнхэне адбудзецца без іранцаў


Крызіс давёў напружанасьць паміж Вашынгтонам і Тэгеранам да пункту кіпеньня. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спачатку папярэдзіў, што калі ўлады будуць забіваць пратэстоўцаў, Штаты гатовыя да дзеяньняў. Пазьней ён прыгразіў «надзвычай жорсткімі мерамі», калі Іран будзе караць пратэстоўцаў сьмерцю. Пазьней Трамп заявіў, што вырашыў пакуль не наносіць ваенных удараў, бо Тэгеран нібыта адмяніў сотні заплянаваных экзэкуцый. Тым ня менш, амэрыканскія сілы працягваюць перакідвацца на Блізкі Ўсход і аналітыкі лічаць, што сілавы сцэнар яшчэ магчымы.

На гэтым фоне іранскі генэрал Абольфазьля Шэкарчы заявіў: «Мы падпалім іхні сьвет і не пакінем ім бясьпечнага месца ў рэгіёне». Трамп адказаў на гэта ў інтэрвію News Nation адказаў: «Калі нешта здарыцца, [амэрыканскія вайскоўцы] зьнішчаць іх ушчэнт».

«Целы за кожнай машынай»: відавочцы пра бязьлітасныя забойствы ў Іране

Трое сьведак з прамысловых і жылых прыгарадаў іранскай правінцыі Ісфахан апісалі сцэны нечуванага гвалту падчас апошняй хвалі пратэстаў.

З 28 сьнежня, калі пачаліся антыўрадавыя выступы, Іран жыве ва ўмовах узмоцненай прысутнасьці вайскоўцаў і паліцыі, а таксама амаль поўнай блякады сувязі.

Прыгарады Ісфахана — найбуйнейшага пасьля Тэгерана індустрыяльнага цэнтру — сталі аднымі з галоўных агменяў супраціву. Там людзі адкрыта заклікалі да аднаўленьня манархіі Пэхлеві і выходзілі зь сьцягамі, якія былі дзяржаўнымі да ісламскай рэвалюцыі 1979 году — з выявай старажытнага сымбалю Ільва і Сонца Льва на іх. Цяпер гэтыя сымбалі ў Іране пад забаронай.

40-тысячны Язданшахр стаў арэнай вулічных баёў з 2 студзеня. Мясцовы жыхар апавёў Радыё Фарда пра маштаб разбурэньняў: сьцены і дзьверы дамоў зьдзіраўленыя кулямі, фасады разьбітыя, урадавыя будынкі і банкі спаленыя.

Пасьля разгону начных пратэстаў «за кожнай машынай ляжала цела, яны білі ўсіх запар», — сказаў відавочца. Паводле яго, ёсьць семʼі, дзе загінулі адразу па некалькі чалавек.

Відавочца з 80-тысячнага Бахарэстана апавёў пра вялікую колькасьць ахвяр, большасьць зь якіх — прадстаўнікі этнічнай групы бахціяраў. «Я ня думаў, што яны могуць пераступіць гэтую мяжу і пачаць так забіваць. Не верылася, што хтосьці на такое здольны», — кажа ён. Пасьля разгону ў горадзе спалілі ўсе запраўкі, таму цяпер жыхары езьдзяць па паліва ў іншыя месцы.

Сьведка з 170-тысячнага Шахіншахра апісаў, як узброеныя атрады «стралялі па старых і малых, па мужчынах і жанчынах, і нават дабівалі баявымі патронамі параненых».

Радыё Свабода ня мае магчымасьці незалежна пацьвердзіць гэтыя словы, аднак яны супадаюць зь іншымі сьведчаньнямі, што паступаюць з Ірана.

Паводле паведамленьняў Іранскай службы Радыё Свабода (Радыё Фарда). Яшчэ болей навінаў з Ірану — у англамоўным жывым блогу RFE/RL.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран: улады пацьвердзілі гібель тысячаў ахвяраў у пратэстах, звольнілі кіраўніка кампаніі, якая не абмежавала інтэрнэт