Паводле зьвестак праваабаронцаў, адміністрацыя папраўчай установы № 11 не тлумачыць прычын гэтай забароны і проста вяртае бандэролі з кнігамі адпраўнікам.
Былы палітзьняволены Ігар, які адбываў пакараньне ў шклоўскай і мазырскай калёніях, расказаў Свабодзе, што за два гады ягонай няволі правілы выдачы кніг рабіліся больш жорсткімі і нелягічнымі.
«Пачалося недзе з 2024 году, а мо і раней, каля я яшчэ сядзеў у СІЗА. На „Валадарцы“, праўда, было нармальна, але ў Магілёве — трэш. Прыносілі ня тое, што замаўляеш, а што заўгодна. А як трапіў у шклоўскую калёнію, дык выявілася, што нам, жаўтабірачнікам, то бок палітычным, ужо зусім забаронена наведваць бібліятэкі. Але мы выходзілі з становішча: просіш непалітычнага вязьня замовіць для цябе нейкую кнігу ў бібліятэцы або па руках ходзяць пэўныя кнігі», — распавёў Ігар.
«У 20-й мазырскай калёніі стала яшчэ горш: калі каму і прысылалі кнігі, дык іх на рукі ніколі не выдавалі. Усё ішло на склад. Нешта можна было ўзяць пачытаць з агульнай паліцы ў атрадзе, але там выбару няма. Што да бандэроляў з кнігамі, то такой практыкі ў нас увогуле не было: бандэролі сваякі выкарыстоўвалі для перадачы слодычаў або цыгарэт, лекі слалі адмысловымі мэдычнымі бандэролямі, якія яшчэ трэба было ўзгадняць. Пра кнігі ж ведаю дакладна, што дасланыя кнігі ўжо з 2024 году нікому не выдавалі, усё трапляла на склад або іх вярталі сваякам», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень расказаў, як у Магілёўскай калёніі зьнішчалі непажаданыя кнігі: мяхамі вазілі ў качагаркуПаводле экс-палітвязьня Сяргея, які з 2022 да 2025 году адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1, там нельга было атрымліваць на рукі кнігі, прысланыя ў пасылках і бандэролях.
«Ніколі нельга было, усё забіралі ў бібліятэку і толькі там ты мог нешта ўзяць пачытаць», — расказаў Сяргей.
Паводле Сяргея, забароны палітвязьням наведваць бібліятэку ў ПК-1 не было.
Былы палітвязень, палітык і пісьменьнік Павал Севярынец згадаў пра выдачу кніг у шклоўскай калёніі і ў горадзенскай турме, адкуль яго вызвалілі ў канцы мінулага году.
«У шклоўскай калёніі ў 2022 годзе я атрымаў тры кнігі бандэрольлю, а што там было потым, ня ведаю, бо ў ліпені 2023-га з ПК-17 мяне адправілі ў горадзенскую турму. Там некалькі разоў спрабаваў атрымаць кнігі праз бандэроль, але не ўдалося. Нават быў згодны зь дзіўным правілам „абавязкова выпісаць кнігу пра Вялікую айчынную вайну“, пазначыў Васіля Быкава, але кнігу Быкава так і ня выпісалі, і кніжнай бандэролі не атрымаў».
Паводле Паўла Севярынца, «парадкі выдачы кніг у розных вязьніцах розьняцца і з часам становяцца больш жорсткімі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 студзеня. Паказаных у прапагандысцкім фільме радыёаматараў прызналі палітвязьнямі