Жорсткі ціск Трампа можа ўмацаваць самастойнасьць Эўропы, — амэрыканістка

Дацкі вайсковы карабель патрулюе ўзьбярэжжа Грынляндыі

Пра гэта ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» паразважала амэрыканістка Аляксандра Філіпенка.

На думку Філіпенкі пасьля году прэзыдэнцтва Дональда Трампа трансатлянтычнае адзінства перажывае трансфармацыю, якая ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа ўмацаваць самастойнасьць Эўропы.

Экспэрта нагадала, што гістарычна NATO будавалася на амэрыканскім «парасоне» бясьпекі, праз што Эўропа не разьвівала ўласны вайсковы саюз. Паводле суразмоўцы, палітыка жорсткага ціску Трампа (у адрозьненьне ад угавораў папярэдніх прэзыдэнтаў) прымусіла Эўропу ўсьвядоміць сябе абаронным альянсам і рэальнай вайсковай сілай. Зьявілася «Кааліцыя ахвочых» — эўрапейскія краіны, якія вылучаюць сродкі на ўзбраеньне Ўкраіны (у тым ліку купляючы амэрыканскаю зброю і перадаючы яе Кіеву).

Асабліва заўважна гэта стала, калі ЗША прыпынілі пастаўкі ўзбраеньняў Украіне. На думку Філіпенкі, працэс «сэпарацыі» Эўропы ад ЗША будзе доўгім і цяжкім, запатрабуе вялікай палітычнай волі, таму што пераразьмеркаваньне бюджэту на абарону заўсёды сустракае супраціў.

Амэрыканістка адзначыла, што цяпер дыпляматычныя адносіны паміж Эўропай і ЗША вельмі нацягнутыя. Амэрыка ізноў глядзіць на Эўропу як на «вечна ваюючы рэгіён» (погляд, характэрны для ЗША XIX — пачатку XX стагодзьдзя).

Тым ня менш Аляксандра Філіпенка застаецца аптымісткай: Эўропе ўсё яшчэ будуць патрэбныя ЗША, а Злучаным Штатам — Эўропа, таму поўнага разрыву не адбудзецца. Яна падкрэсьліла, што прэтэнзіі Трампа на Грэнляндыю ўспрымаюцца як сурʼёзны выклік адзінству NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра Грэнляндыю: «Час надышоў, і гэта будзе зроблена!»

Экспэртка лічыць, што Паўночнаатлянтычны альянс хутчэй зьмірыцца з амэрыканскім захопам Грэнляндыі, чым разваліцца. Пры гэтым яна лічыць ваенны захоп малаімаверным, бо супраць яго будзе нават Рэспубліканская партыя ЗША. Трамп хутчэй будзе дамагацца пакупкі, хоць амэрыканскае грамадзтва ў цэлым выступае супраць набыцьця Грэнляндыі, падсумоўвае суразмоўца.

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.