На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае амэрыканістка Аляксандра Філіпенка.
— Год таму Дональд Трамп вярнуўся ў Белы дом. У палітыцы гэты год па праве можна назваць годам Трамп. Давайце ўспомнім, што прэзыдэнт ЗША зьмяніў за гэты год у сусьветнай палітыцы. У прыватнасьці, кардынальна зьмянілася палітыка ў адносінах да Беларусі. Да прыходу Трампа да ўлады сутнасьцю палітыкі Захаду, у тым ліку і ЗША, былі санкцыі і непрызнаньне Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі.
Але літаральна з пачатку мінулага года пачаліся паездкі высокапастаўленых амэрыканскіх эмісараў у Менск і вызваленьне палітвязьняў. Былі памілаваныя 342 чалавекі, у тым ліку і такія ключавыя палітычныя фігуры, як Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі. І ўпершыню з 2020 года адбылася адмена і скарачэньне санкцыяў. І пры гэтым заяўлялася, што Лукашэнка дае «добрыя парады» у зносінах з Пуціным. Ці то перакладчык, ці то «паштовы голуб», ці то яшчэ адзін дарадца Трампа ў нацыянальнай бясьпецы. Хто Лукашэнка для Трампа?
— Здаецца, ён сапраўды такі перадаткавы пункт. Праз шпіца Ўмку неяк пакуль не надта атрымоўваецца перадаваць інфармацыю. Даводзіцца празь яго гаспадара. Амэрыканскі бок дакладна кажа пра тое, што Лукашэнка — гэта дадатковая магчымасьць узьдзейнічаць на Ўладзіміра Пуціна. Я тут выношу за дужкі пытаньне, наколькі рэалістычны такі падыход амэрыканскай адміністрацыі, але тым ня менш паводле паведамленьняў мноства крыніц і паводле заяваў асобных прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа, яны бачаць у Лукашэнку магчымасьць данесьці да Пуціна свае прапановы, якія Пуцін не ўспрыняў бы ад калектыўнага Захаду. Не ўспрыняў бы ні ад ЗША, ні ад Эўропы, ні нават ад Віктара Орбана. А ад Лукашэнкі можа і пачуць і ўспрыняць.
І другі момант — адносна зьняцьця санкцый. Сапраўды, з Беларускалія ЗША зьнялі санкцыі. Але амэрыканскі бок бачыць гэта толькі як першы этап. Лукашэнку трэба было ў абмен на зьняцьцё санкцый вызваліць вельмі вядомых, вельмі важных, ключавых палітвязьняў. Пры гэтым пакінуць сотні людзей за кратамі. Адпаведна, і ЗША таксама ўспрымаюць гэта як першы этап. Санкцыі зьнялі, гэта важны сымбалічны жэст, але незразумела, як калій дастаўляць у ЗША без дамоўленасьцяў ЗША з Эўропай.
Палітвязьні — гэта тэма, пра якую шмат кажа Дональд Трамп. Ён заяўляе, што вызваліў больш палітвязьняў, чым любы іншы амэрыканскі прэзыдэнт. Трэба сказаць, што ўсе амэрыканскія прэзыдэнты так ці інакш гэтым займаліся. Джо Байдэн гэтым таксама актыўна займаўся, але гэта тычылася ў асноўным амэрыканцаў, якія знаходзіліся ў зьняволеньні ў краінах Лацінскай Амэрыкі. Але для Трампа, як аматара ўсяго самага вялікага і самага значнага, вызваленьне беларускіх палітвязьняў — гэта таксама важная «птушачка», якую ён хоча сабе паставіць.
— А вось якраз наконт вызваленьня палітвязьняў. Спэцпрадстаўнік Трамп Кіт Келаг летась заявіў, што іх вызваленьне — «пазытычны пабочны эфэкт» ад кантактаў з Лукашэнкам. Трамп у сваёй рыторыцы ледзь не бравіруе сваёй абыякавасьцю да пытаньняў правоў чалавека і дэмакратыі. Але парадокс палягае ў тым, што менавіта гэты чалавек фактычна вызваліў 342 беларускія палітвязьняў. А не іншыя палітыкі, якія прысягалі правам чалавека. Чаму так атрымалася?
— Дональд Трамп верыць выключна ў транзакцыйныя зьдзелкі, у мір праз бізнэс. Ён шмат разоў казаў аб тым, што заключыў неверагодную колькасьць мірных пагадненьняў, нават Азэрбайджан з Альбаніяй памірыў. Па яго словах ён саджаў канфліктуючыя бакі за адзін стол і казаў ім: «Давайце вы не будзеце абменьвацца ракетнымі ўдарамі, давайце вы будзеце абменьвацца таварамі, якія вы вырабляеце». І здаецца, што ў выпадку з Лукашэнкам, як і з многімі іншымі дыктатарамі, калі за справу бяруцца людзі, якія зыходзяць з ідэалягічных меркаваньняў, іх падыходы проста ня дзейнічаюць. Гаворыцца, што трэба накласьці яшчэ больш санкцыяў і рэжым вызваліць палітвязьняў. Але на Беларусь ужо накладзеная вялізная колькасьць санкцыяў, а палітвязьні заставаліся за кратамі. А Трамп прапанаваў іншы падыход.
У яго няма праблем з заключэньнем зьдзелак з дыктатарамі. Ён іх часта нават хваліць. Ён хваліў Пуціна пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. Ён ня раз хваліў Рэджэпа Эрдагана, схільнага да аўтарытарных мэтадаў кіраваньня. І з Лукашэнкам у Трампа няма праблем заключаць зьдзелкі, тым больш што яны даюць такі карысны «пабочны эфэкт», як сказаў Кіт Келаг. Пабочны, але для Трампа карысны.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум