Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў» працягвае сыстэмны маніторынг становішча беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь і фіксуе выпадкі дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў з мэтай іх далейшай дакумэнтаванай ацэнкі і выкарыстаньня ў межах міжнародных мэханізмаў абароны правоў чалавека.
Аб’яднаньне вядзе хроніку парушэньняў.
Напрыклад, 3 ліпеня 2025 году дзяржаўны прапагандыст Дзьмітры Жук у тэлеперадачы «Клуб редакторов» на першым інфармацыйным тэлеканале заявіў пра патрэбу захаваньня, у тым ліку, расейскай мовы як сродку «абароны» Беларусі ад вонкавага «ўдару». У кантэксьце агульнай дзяржаўнай рыторыкі такое выказваньне, на думку саюзу, фактычна выстаўляе беларускую мову як пагрозу нацыянальнай бясьпецы і спрыяе яе стыгматызацыі ў публічнай прасторы.
17 ліпеня ў Лідзе да Дня беларускага пісьменства на бульвары Гедзіміна ўсталявалі алею арт-лавак, прысьвечаных кніжнай тэматыцы. Усе тэкставыя надпісы на лаўках былі выкананыя выключна на расейскай мове.
24 ліпеня стала вядома, што ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы была ўведзена новая паслуга — правядзеньне ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу. Паводле апісаньня паслугі, сама цырымонія праводзіцца на расейскай мове, а пасьведчаньне аб заключэньні шлюбу выдаецца выключна на расейскай мове.
У той самы дзень былы палітычны зьняволены і грамадзянін Латвіі Дзьмітрыйс Міхайлаўс у інтэрвію «Радыё Свабода» паведаміў пра факты дыскрымінацыі зьняволеных, якія карыстаюцца беларускай мовай, у пэнітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь. Паводле яго сьведчаньняў, беларускамоўныя зьняволеныя зазнавалі сыстэмнага ціску, у тым ліку фізычны гвалт, за спробы штодзённага ўжытку беларускае мовы. А 2 жніўня стала вядома пра яшчэ адзін выпадак перасьледу зьняволенага за карыстаньне беларускай мовай у турме. Паводле апублікаванай інфармацыі, асуджаны паводле палітычнага артыкулу двойчы быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) за спробы размаўляць па-беларуску ў час адбываньня пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дмітрыйс Міхайлаўс пасьля вызваленьня: «Я быў першым грамадзянінам Латвіі ў калёніі. Цягам паўгода зьявіліся яшчэ дзесяць»5 жніўня ў адказ на зварот моўнага праваабаронцы Ігара Случака Міністэрства эканомікі паведаміла, што з 3044 нарматыўных прававых актаў, выдадзеных ведамствам, толькі 3 былі прынятыя на беларускай мове, што складае 0,1% ад агульнай колькасьці.
27 жніўня дырэктарка Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Сьвятлана Навуменка заявіла аб запуску спэцыяльнага праекту «РТБД па панядзелках». У ім прадугледжаныя пастаноўкі расейскай клясычнай драматургіі на расейскай мове. Таксама паведамлялася пра намер уключыць у рэпэртуар творы расейскага пісьменьніка Захара Прылепіна, вядомага сваёй падтрымкай Пуціна і вайны супраць Украіны.
30 жніўня стала вядома, што ў Заслаўі, дзе праходзілі абласныя «Дажынкі», у якасьці ўпрыгожаньня падрыхтавалі 10 гарадзкіх муралаў. На адным з муралаў адлюстраваны асьветнік і друкар XVI стагодзьдзя Сымон Будны, пры гэтым побач з выявай разьмешчаная цытата на расейскай мове: «Нет таких книг, у которых нельзя было чему-нибудь научиться» («Няма такіх кніг, у якіх нельга было чаму-небудзь навучыцца»). Цікава, што расейская мова зьявілася на беларускіх землях толькі праз 200 гадоў пасьля сьмерці славутага асьветніка.
13 верасьня журналістка Ларыса Шчыракова паведаміла, што ў калёніі № 4 у Гомлі відэазванкі родным дазваляюцца толькі на расейскай мове, а выкарыстаньне беларускай мовы ўспрымаецца адміністрацыяй як «правакацыя».
16 верасьня палітзьняволены журналіст Яўген Меркіс (вызвалены і дэпартаваны ў Літву) расказаў выданьню «Флагшток», што ў шклоўскай калёніі за размову па-беларуску зьняволеных ставяць на прафіляктычны ўлік, пазначаюць «жоўтай біркай» і зьмяшчаюць у ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўмільёна праглядаў за дзень». Карыстальнікі Threads пра тое, чаму пачалі пісаць там па-беларуску25 кастрычніка ў Віцебскім тэатры «Лялька», які раней ставіў спэктаклі выключна на беларускай мове, адбылася прэм’ера «Дзяўчынка і мядзьведзь» на расейскай мове.
25 кастрычніка стала вядома, што сталічныя чыноўнікі рашэньнем Менскага гарадзкога выканкаму вырашылі насуперак дзейнаму закону зьмяняць расейскія варыянты назваў. Паводле гэтага закону, у Беларусі найменьні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, зь якой спосабам трансьлітарацыі перадаюцца на расейскую мову. Аднак цяпер шэраг назваў, якія былі згодна з законам трансьлітараваныя, ужо перакладзены даслоўна на расейскую мову. Так, напрыклад, прыпынак «Парк 60‑годзьдзя Вялікага Кастрычніку» замест трансьлітарацыі — «Парк 60‑летия Великого Костричника», якая мусіла быць паводле закону, быў перакладзены як «Парк 60‑летия Великого Октября».
25 сьнежня ў інтэрвію YouTube-каналу ТОК праваабаронца і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі паведаміў, што суд адмовіўся весьці судаводзтва на беларускай мове і таксама адмовіў у перакладніку. Паводле яго слоў, гэта адбылося нягледзячы на тое, што матэрыялы крымінальнай справы былі складзеныя на беларускай мове. У выніку Алесь Бяляцкі адмовіўся даваць паказаньні ў судзе, бо судзьдзя не разумее беларускай мовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію СвабодзеУсе факты дыскрымінацыя прыведзеныя ў справаздачы арганізацыі.
Збор такіх сьведчаньняў дазваляе сьцьвярджаць, што ў Рэспубліцы Беларусь сфармавалася сыстэмная і інстытуцыяналізаваная практыка моўнай дыскрымінацыі, якая вядзе да пасьлядоўнага выцясьненьня беларускай мовы з публічнага, культурнага і дзяржаўнага жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экзатычная беларуская мова. Гутарка з аўтаркай падручніка беларускай мовы для палякаў