Ужо сёньня: 320 гадоў таму нарадзіўся адзін з айцоў-заснавальнікаў ЗША Бэнджамін Франклін

Бэнджамін Франклін

Падзеі 17 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

17 студзеня 1706 году нарадзіўся Бэнджамін Франклін — адзін з айцоў-заснавальнікаў ЗША, палітык, дыплямат, навуковец і выдавец.

Ён быў адным з аўтараў Дэклярацыі незалежнасьці, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі ЗША і як пасол у Францыі забясьпечыў вайсковую і фінансавую падтрымку амэрыканскай рэвалюцыі.

Томас Джэфэрсан, Бенджамін Франклін і Джон Адамз падчас стварэньня праекту Дэкларацыі незалежнасці ў 1776 годзе (паштоўка 1931 году)

Франклін дасьледаваў электрычнасьць, стварыў громаадвод, акуляры з двума фокусамі і эканамічную печку.

У адной з сатырычных публікацый ён выказаў ідэю раней уставаць летам, каб эканоміць на сьвечках. Гэта адбылося больш як за стагодзьдзе да таго, як навукоўцы ўсур’ёз задумаліся пра пераход на летні час.

Ягоны партрэт ужо 112 гадоў друкуюць на 100-даляравай купюры, праз што Франкліна часта памылкова лічаць адным з амэрыканскіх прэзыдэнтаў, хоць гэтай пасады ён ніколі не займаў.

У гэты дзень

1773 — брытанскі карабель Resolution пад камандай Джэймза Кука ўпершыню дасягнуў Паўднёвага палярнага круга.

1829 — утвораная Беларуская навучальная акруга з цэнтрам у Віцебску — з мэтай рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі і замены польскага ўплыву на расейскі.

1971 — Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар адкрыў у Менску свой першы тэатральны сэзон спэктаклем «Пяе „Жаваранак“» беларускага кампазытара Юрыя Семянякі.

1999 — у мястэчку Безьдзеж (Драгічынскі раён) адкрыўся музэй народнай творчасьці «Безьдзескі фартушок».

У гэты дзень нарадзіліся

1732 Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Станіслаў Антоні Аўгуст Панятоўскі

1899 Аль Капонэ, амэрыканскі гангстэр.

Аль Капонэ

1904 Алесь Якімовіч, паэт і празаік, аўтар апрацовак народных казак.

1915 Антон Бархаткоў, беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

1933Мікола Дубоўскі, пісьменьнік.

1964Андрэй Федарэнка, беларускі пісьменьнік. Найбольш вядомы раманамі «Мяжа», «Рэвізія», аповесьцю «Вёска» і гістарычным творам пра Слуцкае паўстаньне «Нічые».

Андрэй Федарэнка, архіўнае фота

У памяці

1921 Аляксандар Астрамовіч, сьвятар, паэт, пачынальнік беларускага каталіцкага руху.

2004 Чэслаў Немэн, польскі музыка, народжаны ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлопец з Васілішак стаў адным з самых яскравых прадстаўнікоў эўрапейскага прагрэсіў-року

2021 Леанід Лыч, гісторык, доктар гістарычных навук.

Леанід Лыч