Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэслаў Немэн


Сяргей Дубавец, Вільня

Цяжка нават сказаць, што выклікала большае зьдзіўленьне: інфармацыя пра сьмерць Чэслава Немэна ці тое, што даводзіцца тлумачыць, хто ён такі. Проста не ўяўлялася, што некалі яго ня стане, як не ўяўлялася, што яго можа ня быць у сьвядомасьці людзей, якія дыхаюць з табой адным паветрам. Відаць, падобныя пачуцьці перажывае стары бальшавік, у якога ўнукі пытаюцца: хто такі Ленін? Праўда, у адрозьненьне ад бальшавіка, у мяне няма патрэбы распавядаць вам пра тое, што адмерла і ня мае шанцаў на будучыню. Тлумачачы фэномэн славутага музыкі Чэслава Немэна, я буду казаць пра нас з вамі, пра тое, чаму мы такія і з чаго складаемся, нават калі нічога пра гэта ня ведаем.

Хто такі Немэн? Мой даўні прыяцель у музычных зацікаўленьнях Вінцук Вячорка, калі я сказаў яму пра свае пачуцьці, стаў гаварыць пра тое самае.

(Вячорка: ) “Я быў вельмі ўражаны, што даведаўся пра сьмерць Немэна (так я прывык яго называць: Немэн, Немэна) ледзьве не выпадкова. Нашыя мас-мэдыі, што залежныя, што незалежныя проста не заўважылі гэтай падзеі. І для мяне гэта тым больш дзіўна, што, як мне здавалася, для майго пакаленьня ён ня проста знакавая постаць.

Я цяпер ужо разумею, чаму Немэн для нас быў бліжэйшы і важнейшы, чым, скажам, нават “Пінк Флойд” альбо “Кінг Крымзан”, альбо майстры псыхадэлічнага року. Ды проста таму, што ён быў свой, а мы гэта інтуітыўна адчувалі. Што ён свой.

Чалавек нарадзіўся ў Старых Васілішках каля Наваградку. Чэсік Выдрыцкі, якога, паводле чутак, якія тады хадзілі, выгналі з музычнай школы ці-то за доўгія валасы, ці-то за джынсы, карацей кажучы, за відавочны стыляжны нон-канфармізм, стаў адным з найвялікшых, як кажуць цяпер у Польшчы, польскіх вакалістаў і ўвогуле музыкаў другой паловы ХХ стагодзьдзя. А калі б быў іншы час, калі б былі іншыя акалічнасьці, відавочна ён бы прэтэндаваў на званьне найвялікшага музыкі Беларусі ХХ стагодзьдзя.

І ўжо тое, што чалавек прыбраў сабе псэўданім, ужо пераехаўшы ў Польшчу, у гонар культавае беларускае ракі, таксама было такім мэсыджам, пасланьнем усім нам, хто па гэты бок беларуска-польскай мяжы, што чалавек ня выракся. Гэтаксама хадзілі ўпартыя пагалоскі, што ён выконваў тыя беларускія песьні, якія запомніў яшчэ з родных Васілішак. Шкада, вядома, што гэта, а ён ня мог не сьпяваць іх для душы, ня вылілася ў нейкія дыскаграфічныя падзеі. Так, як прыпеўкавы набор такога гомасаветыкуса, які ён таксама зь дзяцінства вынес, выліўся ў кружэлку “Русішэ лідэ”, расейскія песьні, якая выйшла ў Нямеччыне, відавочна, чыста камэрцыйна. Я яе памятаю: “Ёлочкі, сосёночкі зелёные, колючіе, в Воронежэ девчёночкі весёлые, певучіе”.

(Дубавец: ) Вінцук Вячорка заўважае, што калі б Немэн ня зьехаў зь Беларусі, дык прэтэндаваў бы на годнасьць найвялікшага беларускага музыкі ХХ ст. Тут ужо зусім блізка да вытлумачэньня “хто такі Немэн?” для тых, хто ніколі ня чуў гэтага імя. Аднаму свайму знаёмцу я так і сказаў: Немэн – гэта польскі Мулявін...

Ніхто ня ведае, куды ўпадзе нябесны прамень. Каго ён запаліць. Чаму ён трапляе ў сэрца бестурботнаму хулігану і выпівоху Моцарту, зь якога аж фантануе геніяльная музыка, а паважаны і ўпарты ў працы Сальеры ўсяго дасягае адно сваім розумам, пазбаўлены той нябеснай энэргіі... Ніхто ня ведае. Проста сказаць – выпадковасьць. А калі гэта нейкая свая нябесная лёгіка? Параўнаньне Мулявіна і Немэна наводзіць якраз на такія развагі. Можа быць, гэты зьехаў зь Беларусі для таго, каб прыехаў той? Ці той прыехаў, бо зьехаў гэты? Бо тут ня мусіла быць пустога месца, калі сюды падаў нябесны прамень...

Яны амаль аднагодкі, розьніца два гады. Абодва прыйшлі на сьвет зімою ў пачатку году. Гэтаксама, як і памерлі. Абодва пачыналі музычную кар’еру ў 60-х. Дакладна – у 1962-м. Абодва мелі падобны характар, крыху нелюдзімыя, нешматслоўныя, аднак вельмі незвычайныя зьнешне – быццам нейкія чараўнікі з дрымучае беларускае пушчы.

Вось чаму я так і сказаў знаёмцу на пытаньне: Хто такі Немэн? Уяві сабе Мулявіна, які нарадзіўся не ў Расеі, а ў Беларусі, і пасьля, як Мулявін у Беларусь, паехаў у Польшчу. І ў Польшчы стаў тым, кім Мулявін стаў у Беларусі. Гэта значыць, найвялікшым музыкам ХХ ст.

Між іншым, гэты спосаб можа быць прыдатны і для таго, каб паляку ў Польшчы патлумачыць, хто такі Мулявін для Беларусі. Гэта тое самае, што для Польшчы Немэн. Геній з Усходу.

Некалі “Вострую Браму” пра Ўладзімера Мулявіна я так і назваў “Чысты геній”. Але да Немэна такое азначэньне не надаецца. Прынамсі для нас, беларусаў, гэта ня “чысты боскі экспэрымэнт”, як у выпадку з Мулявіным. У музыцы Немэна сапраўды чуеш знаёмыя гукі жывой Беларусі. Вось ударыў пярун і пайшоў дождж, нават пошум ветру падаецца знаёмым зь дзяцінства... Акурат тое, пра што кажа мастак Уладзімер Кіслы, вялікі і даўні аматар творчасьці Чэслава Немэна. Кіслы сёньня – герой сюжэту, які падрыхтаваў Сяргей Астраўцоў.

(Астраўцоў: ) “Я купіў мясцовыя газэты з узгадкамі пра Чэслава Немэна, які калісьці адзін час жыў у Горадні, і сустрэў знаёмага архітэктара. Ягоныя валасы, завязаныя хвосьцікам, выдавалі ў ім старога аматару року. Узгадалі з жалем пра Немэна і я пасьпяшаў у палац Храптовічаў, дзе майстэрня музэйнага мастака-рэстаўратара Уладзімера Кіслага, якога я ведаў як даўняга аматара славутага музыканта”.

(Кіслы: ) “Мяне заўжды цікавіў лёс гэтага чалавека, гэтага музыканта — Чэслава Немэна. Па-першае, я прыкладна з таго ж рэгіёну паходжу. У так званыя застойныя часы, калі дэфіцыт гэтай музыкі быў, дэфіцыт інфармацыі, інтрыгаваў яксьці лёс хлопца з крэсаў, які перамог гэтую гравітацыю, умудрыўся выйсьці фактачна зь сялянскіх хлопцаў, выйсьці ў музыканты сусьветнага ўзроўню. Тым больш цешыла, прываблівала тое, што ён узяў сабе такі псэўданім — Чэслаў Немэн, г.зн. у яго была настальгія па гэтых краёх”.

(Астраўцоў: ) “У 70-х Уладзімер Кіслы быў студэнтам, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. І вось такая ўдача: прыяжджае з канцэртамі сам Чэслаў Немэн”.

(Кіслы: ) “У яго была кампазыцыя “Ойчызна моя”. І вось я ўслухоўваўся тады ў гэтую музыку, і там чулася навальніца, падводы едуць, нешта такое... Мяне гэты чалавек цікавіў заўжды. Я спрабаваў наладзіць нейкія кантакты, апроч таго, што я проста зьбіраў нейкія фотаздымкі, артыкулы, гаварыў зь людзьмі, якія яго ведалі. Я быў на яго радзіме не аднойчы ў Старых Васілішках. Людзі ўспаміналі яго найлепшым чынам, казалі: ну нейкі незвычайны хлопец быў. Граў і на дудцы, граў на арганах. Ён быў сынам арганіста касьцёла з Васілішак”.

(Астраўцоў: ) “Уладзімер Кіслы апавядае, як аднойчы ён апынуўся у вёсцы непадалёк Горадні і выпадкова разгаварыўся з касьцельнай гаспадыняй. Нечакана высьветлілася, што яна з Васілішак”.

(Кіслы: ) “Я адразу ўчапіўся: ці ня ведаеце такога Чэслава Выджыцкага, Выдрыцкага? Яна кажа: ведаю, мы зь ім вучыліся разам у адной клясе. Цікавы такі добры хлопец быў, гжэчны, акуратны заўжды. А можа маеце якія-небудзь здымкі ці штось такое? Яна ў шуфлядзе, гэтая жанчына, знайшла два ўнікальныя фотаздымкі. Вось, як бачыш, на адным на фоне васілішкаўскага касьцёлу на сенакосе стаяць сяляне, і сярод іх сядзіць у камізэльцы Чэслаў Выдрыцкі. Ён датаваны, гэты здымак, 56-м годам. Я ў гэты год якраз нарадзіўся. Другі здымак — 55-ы год. Чэслаў Выдрыцкі у такім строі сялянскага кавалера, у ботах наваксаваных. Здымкі сапраўды ўнікальныя. Я гэтыя здымкі перазьняў, напісаў такі ліст вялікі даволі да Чэслава Немэна, прыклаў здымкі і паслаў яго на верагодны адрас, каторы мне быў дадзены яго знаёмай. Паслаў, здаецца, я на Ольштын. З Ольштыну гэты ліст вярнуўся. Потым я яго яшчэ раз паслаў на польскае радыё і тэлебачаньне. Але ён зноў заштэмпэляваны вярнуўся да мяне.

А пісаў я яму, што вось, маўляў, чаму ты ніколі не засьпяваеш па-беларуску? Як жа ты, зямляк, няўжо ты ня памятаеш тое, на чым ты вырас? Хоць мне казалі, што ён сьпяваў песьню “Нёман” па-беларуску”.

(Астраўцоў: ) “Напэўна ж, Чэслаў Выдрыцкі ведаў беларускія песьні, прынамсі, не адныя ж расейскія народныя яму даводзілася развучваць, калі ён паступіў у гарадзенскае музычна-пэдагагічнае вучылішча і адзін час вучыўся музыцы. Уладзімер Кіслы працягвае.

(Кіслы: ) “У нас працавала Ірына Яўгенаўна Валчковіч, яна казала, што яна яго сваячка. Наколькі я ведаю, муж яе калісьці працаваў настаўнікам у Васілішках і так аказалася, што ён жыў на кватэры, у хаце Чэслава Немэна-Выдрыцкага. Ну і так яны пазнаёміліся”.

(Астраўцоў: ) “А потым маладзён Выдрыцкі жыў у Горадні у Валчковічаў на кватэры, хадзіў на заняткі, ажно пакуль яго ня выключылі за слабое веданьне матэматыкі. Але хто ведае: можа так і лепей... Прынамсі, потым рабіў такую выснову сам славуты Чэслаў Немэн”.

(Кіслы: ) “Жанчына, у якой ён жыў у Горадні, расказвала эпізод. Калі ён ужо быў даволі славутым музыкам, ён прыехаў сюды ў Горадню, і потым яны паехалі туды, у Васілішкі. Ён там пабыў, хадзіў, вельмі быў маўклівы. І нават якісьці разгублены. Потым сказаў такую рэч: цікава, кім бы я быў, каб застаўся тут?.. Вось такі дзіўны лёс. Але сустрэцца так і не давялося”.

(Астраўцоў: ) “Гаварыў Уладзімер Кіслы з Горадні, які захоўвае фотаздымкі і кружэлкі Чэслава Немэна. Іншай памяці аб славутым музыканце ў горадзе няма. А што датычыць Старых Васілішак, дык аўтобусы з Горадні туды ня ходзяць, а ехаць машынай ніхто не згадзіўся: вясковыя дарогі засыпаныя сьнегам...”

(Дубавец: ) “Старыя Васілішкі – вёска каля Наваградка, 60 км ад Горадні. У Васілішках ёсьць рачулка Лебяда, а поўнае імя Немэна – Чэслаў Юлі Выдрыцкі. У 1948-м ён сьпявае тут у касьцёльным хоры. Пасьля вучыцца музыцы ў Горадні, а празь 10 гадоў, у 1958-м сям’я Выдрыцкіх пераяжджае ў Польшчу. Чэслаў вучыцца ў музычнай школе ў Гданьску.

Пашыраная зьява сярод беларускіх перасяленцаў, якімі пасьля вайны “ўмацоўвалі” заходнія рубяжы сацыялістычнай Польшчы – гэта пакутлівае, а часам панічнае імкненьне забыць сваё мінулае, апалячыцца, зьнішчыць усе прыкметы беларускага паходжаньня. Прычынаў на тое было шмат. Найперш гэта памяць пра сталінскія рэпрэсіі, калі заходніх беларусаў праз аднаго падазравалі ў шпіянажы на карысьць ранейшай буржуазнай Польшчы. У выніку многія сем’і мелі сваякоў-“ворагаў народу”. Па-другое, у тым польскім атачэньні, у якім яны апынуліся, шмат хто глядзеў на іх як на бальшавіцкіх агентаў. Словам, у іх было дастаткова падставаў, каб натуралізавацца як найхутчэй. Зразумела, той страх болей перажывалі старэйшыя. Але гэта была тая атмасфэра, у якой гадаваліся дзеці – пакаленьне Чэслава Выдрыцкага. Адныя прасякаліся гэтай паскоранай самазьнішчальнай натуралізацыяй і назаўсёды апускалі вочы долу, у іншых у душы нараджалася пярэчаньне супроць гэткай несправядлівасьці і несвабоды. Яны стануць праваднікамі вальнадумства на ўсё жыцьцё. Такім правадніком ужо для нас стаў Чэслаў Немэн. Кажа Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Ён быў для мяне асабіста тым, хто вельмі радыкальна разьвярнуў мой цывілізацыйна-культурны сьветагляд. Адкрыў іншую плянэту, для мяне новую тады плянэту, калі я быў 13-ці, 14-ці, 15-цігадовым падлеткам. І пазьней ён адкрыў для мяне польскую паэзію. Я думаю, што ён адкрыў яе перадусім для мільёнаў палякаў. Але тое, што і беларусы таксама былі аб’ектам гэтага ўзьдзеяньня, гэта абсалютна несумненна. Дарэчы, нічога дзіўнага няма ў тым, што наколькі Немэн быў папулярны і вядомы ў Беларусі, настолькі ён ня быў вядомы ў Расеі. Усё ж такі праяўляецца вось гэтая супольнасьць культурна-цывілізацыйнай прасторы.

Я адкрыў для сябе Норвіда толькі дзякуючы яму. І, стаўшы ўжо студэнтам, капаўся ў біяграфіі Норвіда, выкапаў, на шчасьце, і ў яго нейкія беларускія карані, што супакоіла маю ўстурбаваную нацыянальную сьведамасьць. Таму што трэба было зьяднаць вялікую сымпатыю да абодвух творцаў, і таго з ХІХ-га, і гэтага, з ХХ-га стагодзьдзя, з маім нацыянальным пачуцьцём. І абсалютна несумненна, што той покліч свабоды, той адначасова нонканфармістычны, скандальны, з выклікам, але, разам з тым, гранічна шчыры покліч, ён ня мог не паўплываць зноў жа такі на маё пакаленьне.

Немэн быў і застаўся нонканфармістам. І можна, вядома, дашуквацца ў ягонай творчасьці прыкметаў расшуфлядкаваных музычных стыляў. Безумоўна, гэта і джаз-рок, безумоўна, гэта псыхадэлічная музыка, гэта электронная музыка, гэта музычная авангарда, гэта проста звычайны мэлядычны поп-рок. Асабліва, калі аналізаваць ягоную раньнюю творчасьць эпохі “Акварэляў”. Але яго нельга ўспрымаць асобна ад філязофска-тэкстуальнага, паэтычнага напаўненьня музыкі. І, напэўна, у значнай ступені таму, што сьпяваў ён на блізкай мове, сьпяваў, матывуючыся зразумелымі і нам эстэтычнымі, культурнымі, сьветапогляднымі імпульсамі. Таму мы адчувалі яго значна бліжэй, чым ангамоўныя гурты, якія лічацца сёньня сусьветнай клясыкай. Божа мой, калі б інакш складалася сусьветная культурная прастора, я думаю, што ўся плянэта сёньня б праводзіла яго, а ня толькі палякі, ня толькі беларусы, ня толькі тыя, каму ягоная творчасьць была вядомая, зразумелая. Дзякуючы, ізноў жа, супольнай гэтай рэчпаспалітаўскай прасторы.

У мяне было некалькі вельмі пранізьлівых момантаў, пацьверджаньня слушнасьці майго юнацкага выбару на карысьць Немэна. І самы моцны зь іх – гэта беларускамоўнае інтэрвію, якое ў 93-м у Нью-Ёрку Сяржук Сокалаў-Воюш узяў у Чэслава Немэна. Так проста замкнулася пэўнае кола, скажам, у маім уласным жыцьці, пацьвердзілася, што тыя юначыя здагадкі былі правільныя.

Гэта цэлы музычны і культурны кантынэнт, па якім можна блукаць бясконца. Але для Беларусі, для беларускай культурнай сытуацыі, якая тут і цяпер, гэта нейкая навечна страчаная магчымасьць. Дай Божа, каб такая магчымасьць зьявілася для нас зноў. І мы б яе не ўпусьцілі”.

(Дубавец: ) У суботу, калі памёр Немэн, культавы польскі гурт “Маанам” даваў канцэрт на Дабрачынным балі журналістаў. Пасьля завяршэньня праграмы публіка выклікала музыкаў на біс. Яны выйшлі і вакалістка “Маанаму” Кора паведаміла пра сьмерць Немэна. “Мы ўсе ведаем, што ён хварэў. Няхай гэтая песьня стане для яго рэквіемам”. “Маанам” зайграў свой стары гіт, заля сьцішылася, ніхто больш не танцаваў...

Чэслаў Немэн будзе пахаваны на наступным тыдні на старым варшаўскім нэкропалі Повонзкі. Што там цяпер адбываецца ў Варшаве? Пра гэта распавядзе Аляксей Дзікавіцкі.

(Дзікавіцкі: ) “Паведамленьнем пра сьмерць Чэслава Немэна цягам некалькіх дзён распачыналіся выпускі навінаў на ўсіх польскіх тэлевізійных каналах і радыёстанцыях. Ягонай асобе былі прысьвечаныя першыя старонкі найвялікшых газэтаў. “Сьвет без Немэна ўжо ня будзе такі, як быў” – пісалі газэты і падавалі меркаваньні музычных крытыкаў ды вядомых музыкаў аб ягонай творчасьці.

Немэн – легенда польскай музыкі, яе найвялікшая і, як нехта заўважыў, “адзіная сапраўдная пазачасавая зорка”.

“Героі майго штодзённага жыцьця – гэта тыя, хто каля мяне ў маёй хаце – у тым ліку чорная кошка Пантэра, шпакі, салаўі, верасьнёўскія мімозы і лістападаўскае лісьце, прыклеенае да шыбаў”, – гэтак сказаў Немэн у адным з інтэрвію.

На пачатку 80-х Чэслаў Немэн амаль што спыніў канцэртную дзейнасьць, ён рэдка зьяўляўся на імпрэзах, а цягам апошніх 25-ці гадоў запісаў толькі два новыя альбомы. Апошнія два дзесяцігодзьдзі ён быў перакананым вэгетарыянцам, не паліў і не ўжываў алькагольныя напоі.

Гаворыць вядомая польская сьпявачка Галіна Франковяк – адна зь нешматлікіх асобаў, якія блізка ведалі Немэна”.

(Франковяк: ) “Ён жыў у згодзе з самім сабой і быў вельмі сапраўдны. Гэта быў ня толькі вялікі артыст, але й сапраўдны чалавек. Можа, найбольш адпаведным будзе сказаць, што ён быў у згодзе са сваім духам”.

(Дзікавіцкі: ) “Выбітны мастак Лявон Тарасэвіч, які ніколі ня ведаў Чэлава Немэна асабіста, кажа, што вырас на ягонай творчасьці, як, зрэшты, і сотні тысячаў маладых людзей пакаленьня 60-х і 70-х”.

(Тарасэвіч: ) “Мы ўсе выхаваныя на ягонай творчасьці. Я яшчэ нават ня меў грамафону, а ўжо зьбіраў ягоныя плыты. Можна сказаць, што ўсе тэксты ягоных песьняў ведаю на памяць. Немэн напэўна меў вялікі ўплыў на нашае пакаленьне. Мы ўсьведамлялі, што ён тут недалёка за лесам нарадзіўся і жыў”.

(Дзікавіцкі: ) “Цікава, што Чэслаў Немэн да канца жыцьця ня змог, а можа й не хацеў пазбавіцца лёгкага акцэнту – такога, зь якім гавораць па-польску на Гарадзеншчыне й Беласточчыне”.

(Тарасэвіч: ) “Калі ён сьпяваў і гаварыў, дык адчувалася, што ён з нашых прастораў”.

(Дзікавіцкі: ) “Пра Чэслава Немэна гаварылі таксама – адважны. Адважны ў музычных экспэрымэнтах, адважны ў сваіх ацэнках і ў поглядах. Ён неаднаразова казаў, што найбольш у жыцьці ня любіць камуністычную ідэалёгію, ілжывых лідэраў і народы, якія ім падпарадкоўваюцца.

Аднойчы, на пытаньне журналістаў, што для вас было б найвялікшым няшчасьцем, Немэн адказаў: вяртаньне ў Савецкі Саюз.

Аднак па сваёй вёсцы на Гарадзеншчыне ён відавочна сумаваў. Сьпявак казаў, што калі б у Васілішкі ў 39-м годзе не прыйшла савецкая ўлада, а потым не пачалася сталінская калектывізацыя, дык ён напэўна б адтуль не паехаў.

“Ёсьць, нешта, што я люблю больш за ўсё
Гэта цяпер далёка, але ў думках я часта вяртаюся туды,
Да дзяцінства і мінулых гадоў...
Вельмі далёка ёсьць дом, за ім палі, лясы і кветкі,
Такіх кветак я ўжо не пабачу ніколі...”

Працытую зьмест адной з анкетаў, на пытаньні якой адказваў Чэслаў Немэн.

“Ваш дэвіз – жыць і не перашкаджаць жыць іншым. Якія рысы характару вы найбольш цэніце ў сябрах – бескарысьлівасьць. Вашая мара пра шчасьце – часам мне падаецца, што я не разумею, што такое шчасьце, але я шчасьлівы. Прыродны дар, які вы б хацелі мець – я атрымаў і так зашмат. Як бы вы хацелі памерці – ніяк...”

(Дубавец: ) Параўнаньне з Мулявіным, пра што я казаў напачатку, – матэматычнае. Як мы кажам – плянэты круглыя, Марс такі самы шар, як і Вэнэра. Аднак у Немэна і ягонай творчасьці ёсьць і свой беларускі кантэкст.

Вячаслаў Ракіцкі трапна параўнаў Чэслава Немэна з Адамам Міцкевічам – яшчэ адным сынам і гадаванцам беларускай зямлі, які стаў найвялікшым польскім паэтам і бадай усю сваю творчасьць прысьвяціў Беларусі. Хоць і пісаў па-польску. Але Міцкевіч разам зь сябрамі былі толькі пачаткам таго даўжэразнага сьпісу дзяцей Беларусі, што сталіся выдатнымі палякамі і стваральнікамі Польшчы ці не ва ўсіх галінах – у культуры, навуцы, палітыцы. Музыка Агінскага, вершы Сыркомлі, чытанкі Ходзькі, змаганьне Эміліі Плятэр, музэй Тышкевіча, нарысы Кіркора, фальклёрныя запісы Чачота і Федароўскага, графіка Орды, жывапіс Рушчыца, фатаграфія Булгака... – усё гэта на сто гадоў выпала з нашых адукацыйных праграм, бо было пра Беларусь дасавецкую і па духу несавецкую. Бо гэтая Беларусь не жыла ў курной хаце з каўтуном у валасах. Яна была адукаваная, займалася высокай навукай і высокім мастацтвам, яна была нашым гонарам перад іншымі нацыямі. А паколькі бальшавіцкая ідэалёгія пачынала адлік Беларусі толькі з 1917 году, дык усё, што было датуль, уяўлялася беспрасьвецьцем гісторыі і цемнаты народнай. Да арыстакратычнай культуры даводзілася дакопвацца самастойна.

Калісьці гэтую загадкавую арыстакратычную беларушчыну вянчала Вільня – старая сталіца Вялікага Княства. Краёвыя інтэлігенты не хацелі інтэгравацца ў расейскую імпэрскую прастору, таму прымалі пальшчызну. І тое толькі па мове. Пройдзе час, і зьявяцца ўласна беларускія культурнікі, навукоўцы, дзеячы. Але і гэтая вось краёвая плынь будзе яшчэ доўгі час струменіць, пакуль канчаткова ня зьменіцца сьвет. Беларусь, Літва і Польшча стануць асобнымі краінамі. Зьнікнуць сядзібы і першародныя краявіды. Спаконвечную вёску накрые русіфікацыя і заняпад фальклёрнай традыцыі. Дух краю кудысьці выпетрыцца канчаткова. Але важна, што ён быў і ёсьць недзе ў нашых душах, незалежна ад таго, ведаем мы пра гэта ці не. І ўжо таму нам неабходна яго зразумець.

Іншая рэч, што новых Міцкевічаў беларуская зямля ўжо не народзіць ніколі. Няма дзеля гэтага колішняе глебы. Апошнім Міцкевічам, Агінскім, Дамейкам, Чачотам, Кіркорам, Рушчыцам, які завяршыў гэты доўгі і слаўны сьпіс, быў найвялікшы польскі музыка мінулага стагодзьдзя Чэслаў Немэн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG