Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя Васілішкі


Старыя Васілішкі — маленечкая вёска на дзьве вуліцы, дзе жывуць адны пэнсіянэры. Але не сумняюся, што налета менавіта Старыя Васілішкі стануць месцам паломніцтва польскіх аматараў рок-музыкі.


Тут у 1939 годзе нарадзіўся чалавек, які стаў, без перабольшваньня, культавай фігурай польскай рок-сцэны. Чэслаў Выдрыцкі. Больш вядомы як сьпявак Чэслаў Немэн.






Хата Выдрыцкіх, вялікі зруб на дзьве сям’і з падгнілым дахам, кідаецца ў вочы адразу. На дзьвярах прымацаваны вянок лугавых кветак. Суседка Выдрыцкіх, 70-гадовая Ганна, не зьдзіўляецца госьцю.






Карэспандэнт: “Можа, вы памятаеце Чэслава Выдрыцкага, такога сьпевака?”

Ганна: “Чаму ж мы ня памятаем? Вырасьлі тут. Памятаем. Што можа ўспамінацца? Хадзілі ў школу. А вы б ня цешыліся, каб з вашай вёскі выйшаў на міжнародную арэну?”

Карэспанэнт: “Ён неяк вылучаўся сярод школьнікаў?”

Ганна: “Канечне, адлічаўся. Адлічаўся тым, што ў яго былі задаткі ўжо тады. Сьпяваць, сачыняць нешта. Сьпяваў і другіх вучыў. Нават пелі мы за ім тое, што мы ня ведалі, што сьпяваем. Нэапалітанскія ўсялякія. Што ён выдумае, тое і сьпяваў. Што прыдумаць можна. А мы за ім, як малпы”.

Карэспандэнт: “А часта да вас прыяжджаюць?”

Ганна: “Бясконца. Як толькі памёр, дык столькі гэтых карэспандэнтаў было. Столькі цікавіліся ім. Кажуць, што зробяць музэй у гэтым доме. Але настойваюць болей палякі, чым нашы. Тут нашых людзей ужо мала. Усе паўміралі. Пустыя хаты. Празь некалькі дамоў няма нікога”.

Але галоўнай адметнасьцю Старых Васілішак спадарыня Ганна лічыць не свайго аднаклясьніка Выдрыцкага, а нэагатычны касьцёл Пятра і Паўла, высачэзныя шпілі якога дамінуюць над навакольлем.


Ганна: “Захавалі касьцёл. І такога касьцёла, калі вы яго ня бачылі, я бы сказала, пабудзьце ў гэтым касьцёле. Хто бы вы ні былі. Праваслаўны, каталік. А будучы тут і не зайсьці, я бы, напрыклад, і не паехала б. У гэтым касьцёле як пабудзеце, то скажаце, праўду тая бабка гаварыла. Калі б у нас гэтага касьцёла не было, то была бы дзіч. Той, хто ходзіць у касьцёл, ён не такі, як усе людзі”.

Карэспандэнт:”А чым ён адрозьніваецца?”

Ганна: “Адрозьніваецца. Усім. І культурай паводзінаў адрозьніваецца, і душой адрозьніваецца. І калі закладзена зь дзяцінства гэта было, то да апошняй хвіліны будзе адрозьнівацца”.

Другая суседка Выдрыцкіх, спадарыня Яніна любіла слухаць яго на польскім радыё.






Карэспандэнт: “І што гэта быў за чалавек?”

Яніна: “Гэта золата! Ён меў чатыры ці пяць гадоў, у іх піяніна было, і ён ужо граць пачынаў. І вельмі добра сьпяваў. У школе ў іх быў такі ансамбаль, выступалі езьдзілі. Ну а як ужо паехаў, то паехаў. Усялякім камуністам называлі яго. Было яму там не салодка”.

Карэспандэнт: “У Польшчы?”

Яніна: “Так. А моладзь ляцела за ім на стрым галавы”.

А ці прысутнічала ў Старых Васілішках хоць якая беларушчына? Ці мог малады музыка пайсьці па шляху Мулявіна? Як вынікае з адказу старой Яніны, шанцаў амаль не было.

Яніна: “Гэтая вёска, гэта ўсё палякі былі. І ягоныя бацькі гаварылі заўжды такой простай мовай. Ня рускай, а такой простай, як я гавару. А да дзяцей гаварылі па-польску. Мы вельмі цярпелі ўсё жыцьцё, ці мы палякі, ці мы такія, Бог яго ведае”.

І што ж сьпяваў малады паляк для душы?

Яніна: “А што ён сьпяваў? Ён бардзо сьпяваў харошую песьню. Чакай, як гэта... (Сьпявае) Адназвучна грыміць калакольчык і дарога ля ля ля... Гэту сьпяваў. Потым яшчэ, чакайце. Брадзяга судзьбу праклінаець, наўстрэчу радзімая маць...”

Каля касьцёлу жывуць дзьве сяброўкі, Тэрэса і Данута. Старыя вясёлыя і гаваркія.






Тэрэса: “Ён быў такі са сваімі гэтымі сябрамі... Відаць было, што ў яго нешта ёсьць ня тое. Ён такі быў артыста. Чэслаў Немэн забраў усю моладзь. Дзе які канцэрт, уся моладзь там”.

У свой час, калі нашы касьцельныя палякі масава ад’яжджалі на польскі Захад, пра Польшчу марылі і мае суразмоўцы. Але выпускалі ня ўсіх.

Тэрэса: “Ехаць. Нам потым шмат адмовілі. Нельга. Забракуе дурняў тут. А хто будзе на іх рабіць?”






Данута: “Вось каб Лукашэнка калі прыехаў”.

Карэспандэнт: “А навошта ён вам?”

Данута: “Пагаворым зь ім. Ён артыст”.

Тэрэса: “Хораша гаворыць. Толькі на сцэне выступаць”.

Карэспандэнт: “А вы слухаеце?”

Данута: “Яго цікава паслухаць, бо надта спрытна гаворыць. Пэнсіі дабавіў, зьняў”.

Карэспандэнт: “А калі б прыехаў, што б вы яму сказалі?”

Данута: “Знайшлі б размову. Хай верне нам уклады даўнейшыя. Цялятаў гадавалі, здавалі. І толькі купілі што? Ровар за ўклады, далі кампэнсацыю. І матор у калодзеж. І ўсё. Ён жа гаварыў так: “Калі я стану, я ўсё зраблю, але ўсё вярну”. Я люблю паслухаць, як ілжэ ён. Як якую Пугачыху ці Кіркорава”.

Тэрэса: “Але чаму яго з жонкай не пакажуць? Усе прэзыдэнты з жонкамі. А дзе яго жонка?”

Данута: “Перадайце Лукашэнку, што людзі крыўдуюць у Васілішках. Усё забраў. Ну што? Засталіся людзі пры нулі. А ён жа абяцаў людзям. Думае, што мы ня памятаем? Усё чулі цудоўна. А хто гэтых калгасьнікаў паважае? Яны думаюць, што калгасьнік — гэта дурань. А мы ня дурні. Ня дурні”.






Петрапаўлаўскі касьцёл сапраўды варты таго, каб толькі дзеля яго прыехаць у Старыя Васілішкі. Калі раптам ксёндз будзе ў ад’езьдзе, шукайце старога Тамаша — які, як сьвяты Пётра, апякуецца храмавымі ключамі. Стары Тамаш адчыніць вам сьвятыню, дзе рэдкай пышнасьці інтэр’ер за савецкім часам зусім не пацярпеў.

Foto Vasilishki8

Хоць у плянах раённага начальства было зрабіць тут калгасны гараж, але мясцовыя жыхары гэтым плянам перашкодзілі, абабіваючы парогі менскіх і маскоўскіх кабінэтаў. Для Заходняй Беларусі практыка нярэдкая. Але мяне больш за ўсё зьдзівілі не шыкоўныя вітражы, не багаты алтар, ня яркі росьпіс.



А пліты ў падмурку храма. Відаць, што на кожнай з пліт калісьці былі высечаныя літары прозьвішчаў. Але ўсе яны замазаны белым бэтонным растворам, каб не прачытаць.



Тамаш: “Кожны, хто даваў грошы, тут яго прозьвішча напісана. Хто ахвяру рабіў”.

Карэспандэнт: “А чаму ж гэта... Хто гэта зацёр?”

Тамаш: “Зацерлі і ня можам адцерці. Няма сродку ніякага. Прыяжджалі з Гародні спэцыялісты”.

Карэспандэнт: “А калі гэта зацёрлі? За саветамі?”

Тамаш: “Калі адкрыцьцё было. У 1905 годзе”.

Разгадка ашаламіла. Гэта гісторыя пра апатэоз лісьлівасьці. Аказваецца, у 1905-м, пасьля першай расейскай рэвалюцыі, калі ўлады далі дазвол на масавую будоўлю неправаслаўных храмаў, тут у Старых Васілішках сярод фундатараў забыліся выбіць галоўнае прозьвішча. Імпэратара Мікалая Раманава. І мясцовае начальства, якое, як бачым, і тады не адзначалася сумленьнем і розумам, загадала зьнішчыць усе імёны фундатараў, якіх было некалькі соцень. А да сьцяны прымацаваць толькі адну шыльду. Зь імем памазаньніка Божага. Гэтая пліта і зараз красуецца на апсідзе.

Тамаш: “Мікалай другі. Чаму яго першым не напісалі? Прынізілі Мікалая. Як Пуцін ці наш Лукашэнка. А вось бачыце? Мікалай другі”.

Чуткі, што хутка ў Васілішкі прыедзе сам Лукашэнка, ходзяць даўно. Гэта адна зь любімых тэм тутэйшых пэнсіянэраў. Два спадары, аднаму на выгляд за 60, другому пад 80, абмяркоўваюць магчымы афіцыйны візыт першай асобы. Але напрыканцы размовы выдаюць някепскую сэнтэнцыю. Якую хочацца ўзяць у рамачку.






Стары: “А што ён прыедзе? Ён такі самы старшыня калгасу быў, як і гэты. І ён таксама гарэлку... І, можа, дзе пару мяшкоў мукі дзе прадаў”.

Карэспандэнт: “А калі б ён прыехаў, вы што б яму сказалі?”

Стары: “Я сказаў, каб праз год іх выбіралі. Яны б лепшыя былі б”.

Спадар: “А то на дваццаць гадоў”.

Стары: “Яго тэрмін сканчаецца. Братка, ізноў пойдзе па поўнай. Ровар новы купіць і паедзе. Ізноў будуць “залатыя горы”, як гаварыў. Без уласнасьці нічога ня будзе. Без уласнасьці няма капіталу, а без капіталу няма жыцьця”.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG