У расейскай калёніі памёр 55-гадовы палітвязень, асуджаны за антываенныя публікацыі

Адна з калёній ў Омскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

У калёніі ў Омскай вобласьці памёр Раман Цюрын, асуджаны за антываенныя публікацыі ў сацыяльных сетках і прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем.

Як адзначаецца ў публікацыі Расейскай службы Радыё Свабода, аб гэтым паведаміла аўтар Telegram-каналу «Настя и тюрьма», якая ў студзені 2025 году напісала Цюрыну ў омскае СІЗА-1 віншаваньне зь днём нараджэньня.

Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў у пачатку 2026 году вярнула ёй ліст з паведамленьнем, што Цюрын памёр 17 лютага 2025 году ў калёніі № 8 у Омскай вобласьці. Аб прычынах сьмерці не паведамілі.

Раману Цюрыну, жыхару сяла Ольгіна Омскай вобласьці, было 55 гадоў. Вядома, што ён знаходзіўся пад вартай зь лютага 2024 году. У чэрвені таго ж году яго пакаралі шасьцю гадамі калёніі агульнага рэжыму і прызналі вінаватым у распаўсюдзе фэйкаў пра расейскую армію ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». У судзе сьцьвярджаюць, што ён прызнаў сваю віну.

Цюрына судзілі чатыры разы ў справах за заклікі да дзейнасьці супраць бясьпекі дзяржавы, за неаднаразовую прапаганду сымболікі забароненых арганізацый, за фэйкі пра расейскую армію і апраўданьне тэрарызму.

У 2023 годзе яго штрафавалі паводле адміністрацыйных спраў за дыскрэдытацыю арміі і прапаганду «нацысцкай сымболікі», якой назвалі выяву з сланечнікам і матыльком з надпісам «Усё будзе Украіна».

Фэйкамі і дыскрэдытацыяй расейскія суды прызнаюць фактычна любую інфармацыю пра вайну ва Ўкраіне, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі Крамля і Міністэрства абароны Расеі. Сама меней палову выракаў у справах пра расейскую армію суды вынесьлі за выказваньні пра забойствы расейскімі вайскоўцамі мірных грамадзян Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казані мужчыну, які ў прыватнай размове асудзіў вайну Расеі супраць Украіны, асудзілі на 5 гадоў калёніі