Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на чыноўніка Белага дома, Дональд Трамп мае намер захаваць мэдаль.
У паведамленьні ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social Трамп напісаў: «Марыя ўручыла мне сваю Нобэлеўскую прэмію міру за працу, якую я зрабіў. Такі цудоўны жэст узаемнай павагі. Дзякуй, Марыя!»
Марыя Карына Мачада, якая ахарактарызавала сустрэчу як «выдатную», сказала, што падарунак быў прызнаньнем прыхільнасьці Трампа да свабоды вэнэсуэльскага народа.
Пазьней Белы дом апублікаваў фота Трампа і Мачада, на якім прэзыдэнт ЗША трымае вялікую залатую рамку з мэдалём. Тэкст да фота быў наступны: «Прэзыдэнту Дональду Дж. Трампу на знак падзякі за ваша незвычайнае лідэрства ў садзейнічаньні міру», а жэст быў названы «асабістым сымбалем падзякі ад імя вэнэсуэльскага народа».
Спроба Мачада паўплываць на Трампа адбылася пасьля таго, як ён адхіліў ідэю прызначэньня яе лідэрам Вэнэсуэлы замест зрынутага Нікаляса Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэрка апазыцыі Вэнэсуэлы Мачада сказала, што гатовая падзяліцца з Трампам Нобэлеўскай прэміяй міруНягледзячы на тое, што Мачада ўручыла Трампу мэдаль, які атрымліваюць ляўрэаты разам з прэміяй, узнагарода застаецца ў яе. Нарвэскі Нобэлеўскі інстытут заявіў, што прэмія ня можа быць перададзена, падзелена або адклікана.
14 студзеня на пытаньне журналістаў, ці хоча ён, каб Мачада перадала яму прэмію, Трамп адказаў: «Не, я гэтага не казаў. Яна атрымала Нобэлеўскую прэмію міру».
Дональд Трамп даўно выказваў зацікаўленасьць у атрыманьні прэміі і часам зьвязваў яе з дыпляматычнымі дасягненьнямі.
Сустрэча Трампа і Мачада была першай асабістай размовай палітыкаў і працягвалася больш за гадзіну. Пасьля яе Мачада сустрэлася з сэнатарамі, якія прадстаўлялі Рэспубліканскую і Дэмакратычную партыю.
Падчас візыту прэсавая сакратарка Белага дома Каралін Лівіт заявіла, што Трамп зь нецярпеньнем чакаў сустрэчы з Мачада, але прытрымліваўся сваёй «рэалістычнай» ацэнкі таго, што цяпер яна ня мае неабходнай падтрымкі для кіраваньня краінай у кароткатэрміновай пэрспэктыве.
Мачада, якая ўцякла з Вэнэсуэлы ў сьнежні 2025 году, змагаецца за прыхільнасьць Трампа і імкнецца забясьпечыць сабе ўдзел у кіраваньні краінай у будучыні. Пасьля таго, як Злучаныя Штаты захапілі Мадура ў выніку апэрацыі ў студзені, апазыцыя і прадстаўнікі вэнэсуэльскай дыяспары і палітыкі Лацінскай Амэрыкі выказалі надзею на тое, што Вэнэсуэла пачне працэс дэмакратызацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Трампу паплечнікі дыктатара Мадура? Тлумачэньне экспэрта ў праблемах Лацінскай Амэрыкі