Хроніка перасьледу 15 студзеня: судовага экспэрта арыштавалі за данаты і «здраду дзяржаве»

Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Судовага экспэрта арыштавалі за данаты і «здраду дзяржаве»

Стала вядома пра арышт судовага экспэрта Юрыя Васілеўскага. Пасьля арышту Васілеўскага ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачвалі ў данатах і здрадзе дзяржаве, чым скончылася яго крымінальная справа, пакуль невядома, піша «Наша Ніва».

Юры Васілеўскі скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. Працаваў у БНТУ як асыстэнт катэдры і выкладчык , аўтар шэрагу навуковых артыкулаў і мэтадычных дапаможнікаў.

З 2017 года Васілеўскі ўключаны ў Рэестар судовых экспэртаў. Яго профіль — судовая будаўніча-тэхнічная экспэртыза. Там жа названыя месцы працы Юрыя — «Экспэрт Максімум», а таксама «ПравітЭксперт» і БНТУ як працы па сумяшчальніцтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь абараніць Алену Лазарчык

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 14 чалавек

У Беларусі іх зьняволілі за ўдзел у пратэстах, паведаміла «Вясна».

  1. Натальля Бачурынская
  2. Анастасія Грыцкевіч
  3. Ільля Дзіндзікаў
  4. Дзьмітры Ільюхін
  5. Алена Змушко
  6. Дзьмітры Карнейчык
  7. Алег Ларычаў
  8. Сямён Малашэнкаў
  9. Сяргей Манжас
  10. Вераніка Міронцава
  11. Лукерʼя Міронцава
  12. Максім Собалеў
  13. Андрэй Стасюкевіч
  14. Аляксандар Чумакоў

Цяпер у Беларусі 1142 палітычныя вязьні, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны».

У «экстрэмісцкія» сьпісы дадалі 6 рэсурсаў

  1. «Belarusy of Canada / Беларусы Канады» (старонка ў Facebook)
  2. «Bialorusini w Polsce | Белорусы в Польше» (старонка ў Facebook)
  3. «Byt Ili» / «Быть Или» (YouTube-канал, Patreon, Telegram-канал і бот)
  4. «tot_kto_ne_molchit» (старонка ў TikTok)
  5. «Беларусы i Грузiя. Наш сцяг бела-чырвонабелы, наша мова беларуская» (старонка ў Facebook)
  6. «Политическая партия „Правда и Справедливость“» (старонка ў Facebook)

Крыніца — «Вясна»

Мазырца асудзілі на 4 з паловай гады ў справе «Гаюна»

Аляксандра Герасіменку затрымалі летась улетку. Гомельскі абласны абвясьціў яго вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4).

Паводле праваабаронцаў, гэта чарговы прысуд у справе маніторынгавага Telegram-каналу «Беларускі Гаюн», які адсочваў дзеяньні расейскага войска ў Беларусі напярэдадні і падчас поўнаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, паведаміла «Гомельская Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 студзеня: новыя выракі ў палітычных справах у Берасьці і Гомлі