Трамп: Грэнляндыя патрэбная ЗША, каб яна не дасталася Кітаю ці Расеі

Дональд Трам, 9 студзеня 2026 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зноў заявіў пра неабходнасьць для Злучаных Штатаў узяць пад кантроль Грэнляндыю — аўтаномную тэрыторыю Каралеўства Даніі — падкрэсьліўшы, што ягоная адміністрацыя «мае намер нешта зрабіць з Грэнляндыяй», падабаецца гэта камусьці ці не.

Трамп патлумачыў неабходнасьць кантролю над Грэнляндыяй меркаваньнямі нацыянальнай бясьпекі ЗША.

«Калі мы гэтага ня зробім, Расея ці Кітай возьмуць Грэнляндыю пад кантроль, а мы ня хочам, каб Расея ці Кітай былі нашымі суседзямі», — сказаў Трамп журналістам падчас сустрэчы з прадстаўнікамі нафтавых кампаній у Белым доме. Ён таксама зноў паставіў пад сумнеў правы Даніі на Грэнляндыю, сказаўшы, што тое, што туды «500 гадоў таму прыплыў нейкі човен», яшчэ ня робіць востраў дацкім.

Амэрыканскія вайскоўцы ўжо прысутнічаюць у Грэнляндыі ў межах пагадненьняў з Даніяй. Трамп, аднак, цьвердзіць, што гэтага недастаткова.

«Абараняюць уласнасьць. Тое, што ўзятае ў арэнду, не абараняюць. А Грэнляндыю нам прыйдзецца абараняць. Калі яе не абаронім мы, яе будуць абараняць Расея ці Кітай», — сказаў Трамп.

Ён падкрэсьліў, што ёсьць «просты шлях» дасягненьня мэтаў ЗША, але калі ён ня будзе прыняты, то ёсьць і «жорсткі» варыянт.

Раней СМІ паведамлялі пра тое, што ў Белым доме распрацоўваюць розныя варыянты ўсталяваньня кантролю над Грэнляндыяй: ад прымяненьня вайсковай сілы (што Белы дом наўпрост ня выключыў) да куплі Грэнляндыі ў Даніі (што ў Капэнгагене адхілілі). Ёсьць таксама ідэя шчодра заплаціць грэнляндцам, калі яны вырашаць абвясьціць незалежнасьць ад Даніі і пераход вострава — у тым ці іншым выглядзе — пад кантроль ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША заявілі, што хочуць у Даніі купіць, а не заваяваць Грэнляндыю. У студзені можа адбыцца сустрэча на высокім узроўні

6 студзеня лідэры эўрапейскіх дзяржаў выступілі з сумеснай заявай у падтрымку Даніі.

«Грэнляндыя належыць ейнаму народу. Толькі Данія і Грэнляндыя, і толькі яны, могуць прымаць рашэньні ў пытаньнях, якія тычацца Даніі і Грэнляндыі», — гаворыцца ў распаўсюджанай у аўторак сумеснай заяве лідэраў Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Даніі, Італіі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі. Заяву таксама падтрымаў прэмʼер-міністар Нідэрляндаў Дык Схоф.

Трамп ня раз казаў, што Грэнляндыя мае найважнейшае значэньне для бясьпекі ЗША, і што Злучаным Штатам варта было б уключыць яе ў свой склад. З ідэяй куплі Грэнляндыі ў Даніі ён выступаў і падчас свайго першага тэрміну.

У канцы 2025 году Трамп прызначыў губэрнатара Люізіяны Джэфа Лэндры спэцыяльным пасланьнікам у Грэнляндыі. Лэндры напісаў у сацсетцы X, што будзе рады працаваць над тым, каб «зрабіць Грэнляндыю часткай ЗША».

Улады як Грэнляндыі, гэтак і Даніі заяўлялі, што востраў ня будзе перададзены ЗША.

Грэнляндыя — найбуйнейшы востраў у сьвеце. На ім жыве 57 тысяч чалавек. 80% тэрыторыі пакрытыя ледавіковым шчытом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Economist: ЗША хочуць прапанаваць Грэнляндыі вялікую ўгоду