«Ён абазнаны ў беларускай сытуацыі». Уладзь Лабковіч расказаў пра падрабязнасьці размовы з Уладзімірам Зяленскім

Сустрэча Зяленскага і Лукашэнкі ў Жытоміры, кастрычнік 2019 году

У вялікай размове са Свабодай былы палітзьняволены праваабаронца Уладзь Лабковіч распавёў пра размову з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая адбылася праз некалькі дзён пасьля вызваленьня і выдварэньня групы беларускіх палітвязьняў ва Украіну.

Дыстанцыйна размова некаторых вызваленых беларусаў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прайшла на наступны дзень пасьля арганізаванай для украінскіх і міжнародных СМІ прэсавай канфэрэнцыі. Па словах Уладзя Лабковіча, размова зь Зяленскім была больш працяглай, чым тая частка, якую пасьля паказала прэсавая служба кіраўніка Украіны.

Уладзімір Зяленскі размаўляў з вызваленымі беларускімі палітвязьнямі дыстанцыйна. Фота прэсавай службы прэзыдэнта Украіны.

«Мы на ёй дзякавалі за сапраўды выключную гуманітарную апэрацыю, якую праводзіла Ўкраіна ва ўмовах вайны, – гаворыць Лабковіч. – Вельмі дзякавалі. Па-другое, пыталіся пра пэрспэктывы далейшых вызваленьняў. Ці можа Зяленскі даць нам нейкую абнадзейлівую інфармацыю. Ён сказаў, што таксама вельмі спадзяецца на вызваленьне беларускіх палітзьняволеных неўзабаве. Ён абазнаны ў беларускіх справах, у справах у беларускім дэмакратычным асяродзьдзі. Зяленскі вельмі добра рэагаваў на беларускую мову, для яго гэта было важна – менавіта такое пазыцыянаваньне беларусаў, якія выкарыстоўваюць сваю мову. Ён абазнаны ў сытуацыі ў Беларусі, гэта не закрытая заслона для яго, ён ведае».

Уладзь Лабковіч у віленскай студыі Свабоды

Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч быў арыштаваны ў ліпені 2021 году, у 2023 яму прызначылі сем гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў тым ліку ў фінансаваньні пратэстаў. Вызвалены з-за кратаў і вывезены ва Украіну 13 сьнежня 2025 году. За час зьняволеньня Уладзь зьмяніў сем розных месцаў утрыманьня, у тым ліку СІЗА КДБ, сумнавядомую шклоўскую калёнію, а таксама магілёўскую і жодзінскую «крытыя» турмы.

Цалкам вялікую размову Свабоды з Уладзем Лабковічам можна прачытаць тут.