Дар’я Далідовіч адзначыла свой эмацыйны дэбют на Кубку сьвету ў біятлёне. Удзел у этапе Кубку сьвету быў для беларускі, якая прадстаўляе зборную ўцекачоў, значна важнейшым за месца, як раней адзначаў ейны бацька, удзельнік сямі зімовых Алімпіядаў у лыжных гонках Сяргей Далідовіч.
«Гэта было проста неймаверна. Я нават заплакала ў стартавай зоне, бо эмоцыі перапаўнялі», — сказала яна агенцтву dpa.
Праграма алімпійскай салідарнасьці, якая дзейнічае пры Міжнародным алімпійскім камітэце, дазволіла Дар'і выступаць у адмыслова створанай зборнай уцекачоў. Беларуска стала першай такой спратоўкай у гісторыі біятлёну.
«Я даўно хацела пачаць займацца біятлёнам, бо гэты від спорту мяне вельмі захапляе. Я не магла знайсьці трэнэра ў Беларусі, таму зноў занялася гэтай ідэяй у Польшчы», — сказала яна летась на сваёй старонцы Міжнароднага біятлённага зьвязу IBU.
«Першы раз мне было вельмі цяжка. Я была ў новым асяродзьдзі, мне давялося вывучыць мову, і стральба зь біятлённай вінтоўкі таксама была для мяне зусім новай. Гэта быў стрэсавы час».
Далідовіч займаецца разам з моладзевай зборнай Польшчы, а таксама езьдзіць зь ёй на спаборніцтвы і трэнавальныя зборы.
Пасьля алімпійскага сэзону грант беларускі, вылучаны МАК, скончыцца. Пакуль невядома, што будзе далей, асабліва калі яна не атрымае польскага грамадзянства. Тады выступы Дар'і ў міжнародных стартах могуць зноў апынуцца пад пытаньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска Дарʼя Далідовіч фінішавала ў сваёй першай гонцы ў зборнай уцекачоў. Яна стала першай такой біятляністкай у гісторыіНа этапе Кубку сьвету ў нямецкім Обэргофе беларуска, якая з палітычных прычынаў пакінула радзіму, фінішавала 68-й у спрынтарскай гонцы на 7,5 км. Адставаньне беларускай уцякачкі ад швэдкі Эльвіры Убэрг, якая перамагла ў гонцы, склала 3 хвіліны і 3,6 сэкунды.
Агулам дыстанцыю завяршылі 94 біятляністкі.
Факт выхаду Дар'і Далідовіч на старт у Кубку сьвету — значная падзея. Многія беларускія спартоўцы пакінулі Беларусь пасьля пратэстаў 2020 году, але мала каму ўдалося паўнавартасна працягваць кар’еру за мяжою.
Звычайны шлях — атрыманьне замежнага грамадзянства. Напрыклад, адразу тры беларускі — Карына Казлоўская (стральба з луку), Марыя Жодзік і Крысьціна Ціманоўская (абедзьве — лёгкая атлетыка) атрымалі пашпарты Польшчы і выступаюць за суседнюю краіну. Што тычыцца зборнай уцекачоў, дык тут далёк не заўсёды заяўкі беларусаў ухваляюць.
Дар’я Далідовіч — дачка славутага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча, удзельніка пяці Алімпійскіх гульняў. Бацька займаецца з дачкой у Польшчы і перад ейным стартам у Кубку сьвету прызнаваў, што яна «не гатовая яшчэ бегаць і страляць на такім узроўні». Аднак адзначыў, што гэта гісторыя пра адстойваньне сваіх правоў, змаганьне.
Дарʼя ўжо другі год выступае на міжнароднай арэне ў складзе каманды пад абрэвіятурай BRT. Рашэньне аб стварэньні каманды ўцекачоў было прынятае ў верасьні 2024 году на кангрэсе IBU ў Бялградзе. Дарʼя выступае за Біятлённую каманду ўцекачоў, у якой пакуль яна адна. Зь лета 2025 году яна трэнуецца з рэзэрвовай польскай камандай, чакаючы магчымасьці выступаць за яе ў будучыні. Стыпэндыю на спартовую падрыхтоўку Дар’і Далідовіч аплочвае Міжнародны алімпійскі камітэт.
Сяргей Далідовіч падтрымаў рух пратэсту ў 2020 годзе і быў вымушаны эміграваць. У траўні 2022 году ён падпісаў Антываенную дэклярацыю, зь якой выступіў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (BFSS) падчас вайны ва Ўкраіне. Цяпер жыве і працуе ў польскім Закапаным. На радзіме супраць яго заведзеная крымінальная справа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслабленьне санкцый МАК, футбольны клюб дыяспары, мэдаль Жодзік. Вынікі 2025 году для беларускага спорту