На этапе Кубку сьвету ў нямецкім Обэргофе беларуска, якая з палітычных прычынаў пакінула радзіму, фінішавала 68-й у спрынтарскай гонцы на 7,5 км. Адставаньне беларускай уцякачкі ад швэдкі Эльвіры Убэрг, якая перамагла ў гонцы, склала 3 хвіліны і 3,6 сэкунды.
Агулам дыстанцыю завяршылі 94 біятляністкі.
Факт выхаду Дар'і Далідовіч на старт у Кубку сьвету — значная падзея. Многія беларускія спартоўцы пакінулі Беларусь пасьля пратэстаў 2020 году, але мала каму ўдалося паўнавартасна працягваць кар’еру за мяжою.
Звычайны шлях — атрыманьне замежнага грамадзянства. Напрыклад, адразу тры беларускі — Карына Казлоўская (стральба з луку), Марыя Жодзік і Крысьціна Ціманоўская (абедзьве — лёгкая атлетыка) атрымалі пашпарты Польшчы і выступаюць за суседнюю краіну. Што тычыцца зборнай уцекачоў, дык тут далёк не заўсёды заяўкі беларусаў ухваляюць.
Дар’я Далідовіч — дачка славутага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча, удзельніка пяці Алімпійскіх гульняў. Бацька займаецца з дачкой у Польшчы і перад ейным стартам у Кубку сьвету прызнаваў, што яна «не гатовая яшчэ бегаць і страляць на такім узроўні». Аднак адзначыў, што гэта гісторыя пра адстойваньне сваіх правоў, змаганьне.
Дарʼя ўжо другі год выступае на міжнароднай арэне ў складзе каманды пад абрэвіятурай BRT. Рашэньне аб стварэньні каманды ўцекачоў было прынятае ў верасьні 2024 году на кангрэсе IBU ў Бялградзе. Дарʼя выступае за Біятлённую каманду ўцекачоў, у якой пакуль яна адна. Зь лета 2025 году яна трэнуецца з рэзэрвовай польскай камандай, чакаючы магчымасьці выступаць за яе ў будучыні. Стыпэндыю на спартовую падрыхтоўку Дар’і Далідовіч аплочвае Міжнародны алімпійскі камітэт.
Сяргей Далідовіч падтрымаў рух пратэсту ў 2020 годзе і быў вымушаны эміграваць. У траўні 2022 году ён падпісаў Антываенную дэклярацыю, зь якой выступіў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (BFSS) падчас вайны ва Ўкраіне. Цяпер жыве і працуе ў польскім Закапаным. На радзіме супраць яго заведзеная крымінальная справа.
Форум