Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска Дар’я Далідовіч ўпершыню ў гісторыі выступіць у біятлённым Кубку сьвету ў якасьці ўцякачкі


Дар’я Далідовіч, архіўнае фота
Дар’я Далідовіч, архіўнае фота

Дарʼя Далідовіч стане першай біятляністкай у гісторыі, якая выступіць у міжнародных спаборніцтвах у складзе Біятлённай каманды ўцекачоў (BRT — Biathlon Refugee Team). Каманды ад Беларусі і Расеі ад спаборніцтваў Міжнароднага зьвязу біятляністаў (IBU) адхіленыя.

21-гадовая Дарʼя Далідовіч, якая разам з бацькам Сяргеем Далідовічам з палітычных прычын зьехала зь Беларусі ў Польшчу, возьме ўдзел у этапе Кубку сьвету ў біятлёне, які праходзіць у Обэргофе ў Нямеччыне.

У спрынтэрскай гонцы, якая стартуе 8 студзеня ў 17:15 менскага часу, Дар’я Далідовіч выйдзе на трасу пад 91-м нумарам а 18:00.

Бацька спартсмэнкі, вядомы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку не хаваў эмоцыяў напярэдадні важнага для дачкі старту:

«Заўтра дэбютуе сярэдняя дачка DARYA DOLIDOVICH #BMW IBU World Cup # Але. Гісторыя не пра вынік, які будзе. А пра тое, што не здавайцеся, калі здаецца, што ўсё страчана. Змагайцеся да канца. Будзе цяжка ёй, не гатовая яшчэ бегаць і страляць на такім узроўні. Надзея ёсьць заўжды», — мяркуе Сяргей Далідовіч.

У інтэрвію Свабодзе Сяргей Далідовіч сказаў, што Дарʼя ўжо другі год выступае на міжнароднай арэне ў складзе каманды пад абрэвіятурай BRT (Біятлённая каманда ўцекачоў):

«Крыўдна, што яна ня можа выступіць за Беларусь. Ня тое што крыўдна, слова крыўдна нават не пасуе, — гэта ненармальна. Гэта ж не праз тое, што яна не прайшла канкурэнцыю дома і некуды паехала, у краіны, дзе біятлён не разьвіваецца. Не праз тое, што вялікая канкурэнцыя.

Нельга лічыць нармальным, што людзі ў самым росквіце зьяжджаюць зь Беларусі. Што цэлыя семʼі зьяжджаюць. Я лічу, што гэта няправільна. Тым больш на мяне ў Беларусі заведзеная крымінальная справа, я ў вышуку».

Сяргей і Дар’я Далідовічы. Архіўнае фота
Сяргей і Дар’я Далідовічы. Архіўнае фота

Рашэньне аб стварэньні каманды ўцекачоў было прынятае ў верасьні 2024 году на кангрэсе IBU ў Бялградзе. Дарʼя выступае за Біятлённую каманду ўцекачоў, у якой пакуль яна адна. Зь лета 2025 году яна трэнуецца з рэзэрвовай польскай камандай, чакаючы магчымасьці выступаць за яе ў будучыні. Стыпэндыю на спартовую падрыхтоўку Дар’і Далідовіч аплочвае Міжнародны алімпійскі камітэт.

Маладая беларуская спартсмэнка разам з бацькам, лыжнікам Сяргеем Далідовічам, у лютым 2022 году пераехала зь Беларусі ў Польшчу праз боязь рэпрэсіяў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля пераезду Дарʼя і яе бацька сутыкнуліся зь ціскам Беларускай фэдэрацыі лыжнага спорту. Спартоўка мусіла адмовіцца ад лыжных гонак і пачала займацца біятлёнам у Польшчы пад кіраўніцтвам былога чэмпіёна сьвету Томаша Сікоры.

У новым для сябе відзе спорту Дар’я Далідовіч у 2024 годзе дэбютавала на юніёрскім Кубку IBU.

Сяргей Далідовіч падтрымаў рух пратэсту ў 2020 годзе і быў вымушаны эміграваць.

У траўні 2022 году ён падпісаў Антываенную дэклярацыю, зь якой выступіў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (BFSS) падчас вайны ва Ўкраіне. Цяпер жыве і працуе ў польскім Закапаным.

У студзені 2022 году BSSF зьвярнуўся ў Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту наконт забароны на выступленьні Сьвятланы Андрыюк і Дар’і Далідовіч з палітычных матываў.

Рашэньне аб забароне прыняла Беларуская фэдэрацыя лыжных гонак — спартоўкам забаранілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах на працягу году нават за свой кошт. Андрыюк і Далідовіч двойчы зьвярталіся ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі наконт свайго адхіленьня. Абодва разы НАК, які ачольвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, праігнараваў запыты, адзначаў BSSF.

У выніку Далідовіч пераехала ў Польшчу разам з бацькам. Раней яна ўдзельнічала ў рэгіянальных польскіх спаборніцтвах у біятлёне.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG