Улады Вэнэсуэлы заявілі пра шырокамаштабнае вызваленьне з турмаў палітычных зьняволеных. Дакладнай лічбы яны не назвалі, абмежаваўшыся словамі «вялікая лічба».
Мяркуецца, што вызваленьне адбылося ў межах дамоўленасьці прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Дэльсі Радрыгес, якая пераняла функцыі прэзыдэнткі пасьля таго, як Нікаляса Мадура 3 студзеня схапілі і вывезьлі з краіны амэрыканскія вайскоўцы. Трамп заявіў, што вэнэсуэльскія ўлады дадуць ЗША доступ да сваёй нафты.
Найвядомейшая вэнэсуэльская праваабарончая група Foro Penal падлічыла, што ў краіне ўвязьненыя больш за 800 палітычных зьняволеных. Гэтая лічба ўключае як мінімум 86 іншаземцаў — з ЗША, Гішпаніі, іншых краін.
Аднак праваабарончая група паставіла пад сумнеў маштаб вызваленьня зьняволеных, заявіўшы, што на вечар 8 студзеня абяцанага вызваленьня не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла заявіла пра вызваленьне шэрагу зьняволеных, а Сэнат ЗША выступіў супраць працягу апэрацыі Трампа ў гэтай краінеГішпанскія ўлады 8 студзеня заявілі, што Вэнэсуэла вызваліла з турмы вядомую вэнэсуэльска-гішпанскую праваабаронцу Расіё Сан-Мігель і чатырох іншых гішпанцаў. Расіё вінавацілі ў замаху на Мадура.
Сярод вызваленых і былы кандыдат ад апазыцыі Энрыке Маркес, які выступаў супраць Нікаляса Мадура на непрызнаных міжнароднай супольнасьцю прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году.
«Усё скончылася», — сказаў Маркес у відэа, зьнятым мясцовым журналістам, дзе ён і ягоная жонка разам зь іншым вызваленым сябрам апазыцыі Б’яджа Пільеры.
Выказалася пра вызваленьне і лідэрка вэнэсуэльскай апазыцыі Марыя Карына Мачада. Яна ўхваліла заяву ўладаў, заявіўшы ў аўдыёзвароце ў сацыяльных сетках:
«Несправядлівасьць ня будзе доўжыцца вечна, і… праўда, хоць і параненая, у рэшце рэшт знаходзіць свой шлях».
Дональд Трамп заявіў тэлеканалу Fox News, што плянуе сустрэцца зь ёй, ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру, «на наступным тыдні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле ня ёсьць дазволам усім астатнім на ўсё», — гісторык Яраслаў Шымаў