Вялікабрытанія з Францыяй нанесьлі супольны ўдар па меркаваным складзе зброі «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі

Брытанскі знішчальнік Typhoon, архіўнае фота

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што ў суботу вечарам брытанскія і францускія самалёты нанесьлі ўдар па падземным абʼекце каля Пальміры, які, імаверна, выкарыстоўваўся групоўкай «Ісламская дзяржава» для захоўваньня зброі, перадае Reuters.

Тунэлі да падземнага аб’екту атакавалі кіраванымі бомбамі. Каб даляцець да цэлі, вайсковыя самалёты дазапраўляліся ў паветры ўначы. Кадры гэтага брытанскае міністэрства абароны апублікавала ў X.

Міністэрства асобна адзначыла, што каля атакаванага аб’екту няма жыльля і апэрацыя не ўяўляла небясьпекі для мірных жыхароў.

«Ісламская дзяржава» пацярпела тэрытарыяльную паразу ў Сырыі ў 2019 годзе, але ўсё яшчэ захоўвае сваю прысутнасьць, асабліва ў вялізнай пустыні краіны.

Пальміра, дзе знаходзяцца старажытныя руіны, уключаныя ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА, калісьці знаходзілася пад кантролем ІД.

У мінулым месяцы баявік-адзіночка ІД у Пальміры напаў на амэрыканскі пэрсанал, забіўшы двух салдат ЗША і аднаго амэрыканскага грамадзяніна.

Амэрыканскія сілы паведамілі, што ў адказ нанесьлі ўдары па дзясятках цэляў ІД у Сырыі.