Як вынікае зь інфармацыі, разьмешчанай на сайце Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, чарговы аўкцыён заплянавалі на 23 студзеня 2026 году са стартавай цаной усяго ў 42 рублі. Першы крок таргоў вызначылі на ўзроўні 2,10 рубля.
Кляштар і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пабудавалі ў 1639–1654 гадох дзякуючы грошам фундатара — ваяводы амсьціслаўскага і старосты дзісенскага Язэпа Корсака.
У 1831 годзе манахі-кармэліты падтрымалі вызвольнае паўстаньне супраць расейскага панаваньня, а кляштарныя сутарэньні сталі месцам для захоўваньня арсэналу зброі, лячэньня параненых і хованкай для паўстанцаў.
У 1865-м, ужо пасьля паўстаньня 1863 году кляштар закрылі, а касьцёл з 1875 стаў праваслаўнай царквой. У жылым корпусе ў розныя гады дзейнічалі пансіён, бібліятэка, шпіталь, склады. На сёньня захавалася толькі адно крыло корпуса, два іншыя разабралі расейскія захопнікі ў 1892 годзе.
Аб’ект уяўляе сабой двухпавярховы цагляны будынак плошчай 1280 квадратных мэтраў з падвалам, да яго ўчастак плошчай 10 сотак з правам арэнды на 40 гадоў. Новы ўласьнік павінен будзе падпісаць ахоўныя абавязкі, паколькі гэты аб’ект зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады некалькі гадоў ня могуць прадаць сядзібу роду Сьвяцкіх. У гэтых мясьцінах настаўнічаў і Купала